Рараты — адмысловыя святыя Імшы ў перыяд Адвэнту. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае.
Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок.
Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.
Рараты асаблівым чынам нагадваюць нам пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста — нашага Сонца і Святла ўсяго свету.