Дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. доктар Раман Рачко адзначыў, што сабраныя ахвяраванні будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якіязнаходзяцца ў патрэбе: сіротам, паўсіротам, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзецям і моладзі з інваліднасцю.
Штогод дзякуючы служэнню “Карытас” сотні дзяцей маюць магчымасць удзельнічаць у летніх аздараўленчых лагерах, наведваць пазнавальныя экскурсіі, удзельнічаць у працы навучальных груп, творчых гурткоў у дзіцячых сацыяльных лагерах, у спецыяльных святах, атрымліваць адрасную дапамогу.
З пачаткам Адвэнту такія свечкі распаўсюджваюцца ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, і далучыцца да акцыі могуць усе вернікі і людзі добрай волі.
Свечкі належыць запаліць у вігілійны вечар, каб такім сімвалічным чынам у гэты асаблівы час атачыць сваімі малітвамі і памяццю тых, хто патрабуе ўвагі і дапамогі.
“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі заахвочвае ўсіх вернікаў згодна са звычаем мінулых гадоў далучыцца да гэтай прыгожай справы, каб шмат бедных і патрабуючых людзей магло спазнаць хаця б крыху дабрыні і адчуць атмасферу святаў Нараджэння Пана і Новага года.
Дабрачынная акцыя “Калядная свечка” праходзіць у Беларусі ўжо многія гады. З кожным годам да акцыі далучаецца ўсё больш людзей, а значыць, усё большай колькасці дзяцей удаецца дапамагчы.
Кс. Юрый Марціновіч
Паводле grodnensis.by