Вечарам 24 ліпеня група скаўтаў з Гродна вырушыла ў Рым на злёт еўрапейскага скаўтынгу. У шлях скіраваліся дзяўчаты і хлопцы ад 17 гадоў, якіх суправаджае духоўны апякун а. Андрэй Урублеўскі CSsR.
Сваю вандроўку яны пачалі са святой Імшы, якую ўзначаліў іх духоўны апякун у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка). На малітве сабраліся таксама бацькі і родныя скаўтаў, каб разам памаліцца аб шчаслівым падарожжы, якое да Варшавы яны здзейсняць аўтобусам, а далей палятуць на самалёце.
Як адзначыла Юлія Чарніцкая, якая ўжо не першы раз прыме ўдзел у падобным мерапрыемстве, галоўная ідэя гэтай еўрапейскай сустрэчы – будаванне еднасці, а таксама крочанне за Езусам Хрыстом і вернасць Яго Евангеллю.
“Спадзяюся, што падчас сустрэчы мне будзе дадзена ўбачыць жывога Езуса ў гэтых маладых людзях. Маю надзею, што ўсё гэта адновіць маю веру і запаліць мяне яшчэ больш да служэння – бо скаўтынг з’яўляецца менавіта служэннем Богу і іншым людзям”, – кажа Юлія.
Па словах дзяўчыны, яе найбольшая мара – сустрэцца са Святым Айцом Францішкам, які прыме ўдзельнікаў злёту на спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI. Гэтая сустрэча запланавана на 3 жніўня.
Тыднёвы злёт падзелены на два этапы. Першы будзе мець характар пілігрымкі слядамі святых. Прадугледжана некалькі маршрутаў, на якіх скаўты пяць дзён будуць знаёміцца з постацямі святых: Францішка Асізскага, Бэнэдыкта Нурсійскага, Кацярыны Сіенскай, Кірыла і Мятода. Пілігрымаваць яны будуць пешшу ў групах, якія налічваюць некалькі дзясяткаў чалавек і складаюцца з прадстаўнікоў дзвюх або трох краін. Мэта гэтага этапу – укараненне ў спадчыне хрысціянскай культуры.
Напрыканцы пілігрымкі ўдзельнікі дасягнуць чатырох месцаў пад Рымам, дзе распачнецца другі двухдзённы этап. Ён будзе прысвечаны знаёмству з рознымі еўрапейскімі культурамі і традыцыямі кожнага з 20 народаў, прадстаўленых на злёце.
На заканчэнне злёту члены Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу будуць прыняты Папам. Такім чынам будзе адзначана 25-годдзе іх сустрэчы са св. Янам Паўлам ІІ. У Ватыкане яны прымуць удзел таксама ў святой Імшы ў базыліцы св. Пятра, якую будзе цэлебраваць кардынал Анджэло Баньяско, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.
Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу – міжнароднае каталіцкае таварыства, афіцыйна прызнанае Апостальскай Сталіцай. Найбольш членаў яно мае ў Францыі і Італіі.
http://www.redemptor.by/aktualnosci/1245-grodzenskiya-ska-ty-daroze-na-sustrechu-z-papam-frantsishkam#sigProId427ab9ad43
Kс. Юрый Марціновіч
Паводле grodnensis.by