13 кастрычніка ў межах святкавання 25-годдзя ўтварэння гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) у парафіяльнай святыні цэлебраваў Імшу біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На нядзельнай Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне, якія асаблівым чынам дзякавалі Богу за дар сваёй супольнасці.
З вялікай радасцю вернікі прывіталі свайго першага пробашча а. Яна Зубеля CSsR, які стаяў ля пачаткаў стварэння парафіі, а зараз служыць у Германіі, а таксама яго роднага брата, архітэктара святыні Генрыка Зубеля.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што юбілей кажа зірнуць на мінулае, узгадаць усіх тых, хто стаяў ля самых пачаткаў. Ён дадаў, што юбілей парафіі – позірк у будучыню, бо яшчэ шмат трэба зрабіць як у жыцці Касцёла, так і жыцці асабістым, сямейным ці грамадскім.
Біскуп заахвоціў, каб вернікі з новым запалам, умацаваныя Божай ласкай, чынілі як мага больш дабра, перадавалі спадчыну веры маладому пакаленню, захоўвалі сваю ідэнтычнасць, традыцыі і звычаі, кожны дзень прыкладвалі старанні, каб гэтая парафія заставалася жывым органам Касцёла і каб тут людзі дасягалі святасці.
Ён падзякаваў айцам рэдэмптарыстам за тое, што яны ўзяліся за вялікую задачу стварэння парафіі, і за штодзённы клопат пра даручаны ім верны люд.
У размове з grodnensis.by а. Ян Зубель адзначае, што пачаткі стварэння парафіі былі не вельмі лёгкімі, было складана ахапіць усё. “Гэтае месца, дзе зараз знаходзіцца святыня, было пусткай. Тут практычна заканчваўся горад”, – дадае святар.
Па словах першага пробашча парафіі, усё пачалося з будаўніцтва капліцы, якая потым амаль 17 гадоў служыла як месца малітвы, калі будаваўся касцёл.
“Пасля таго, як я сабраў групу людзей, патрэбную для фармальнай рэгістрацыі парафіі, досыць хутка і з вялікім энтузіязмам мы прыступілі да будаўніцтва найперш капліцы, а праз год, калі былі падрыхтаваны ўсе патрэбныя дакументы, – да будаўніцтва касцёла”, – кажа святар.
Ён адзначае, што пасля таго, як была асвячана пляцоўка пад будаўніцтва новай святыні, мясцовыя вернікі “адчулі сябе як сапраўдная супольнасць, уключаная ў жыццё парафіі”. З таго часу пачалося ўжо яе нармальнае жыццё праз арганізацыю катэхезы для дзяцей і моладзі, у чым вельмі дапамагалі сёстры назарэтанкі.
“Было цяжка, але з перспектывы часу, калі сёння бачым такую прыгожую святыню, кляштар айцоў рэдэмптарыстаў і шмат іншых спраў, што ўзніклі пры парафіі, трэба сказаць, што варта было пачынаць”, – з радасцю прызнаецца святар.
Рэдэмптарыст падкрэслівае, што без тых людзей, якія на самым пачатку былі вельмі актыўнымі, не было б сёння гэта магчыма. Дзякуючы людзям, якія бескарысліва прысвячалі сябе служэнню парафіі, сёння ёсць касцёл, ёсць жывая супольнасць, якая разам крочыць да збаўлення.
“Я ўдзячны маім наступнікам, якія прыйшлі пасля мяне і працягвалі гэтую распачатую справу. Мая ўдзячнасць тым большая, што мае карані з гэтых мясцін. Я нарадзіўся на гэтых тэрыторыях (парафія ў Мсцібаве, Ваўкавыскі дэканат). Калі з’явілася такая перспектыва, каб у Гродне рэдэмптарысты пабудавалі касцёл, я не меў ніякага сумнення, а з вялікай ахвотай згадзіўся на гэтую прапанову”, – дадае святар, які з самага пачатку да 1996 г. быў пробашчам гэтай парафіі.
Найважнейшыя даты з гісторыі парафіі:
1994 г. – зацвярджэнне біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам новай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, а таксама будаўніцтва і асвячэнне тагачаснай капліцы
1995 г. – створаны катэхетычныя залы і памяшканні для святароў
14.11.1997 г. – пачатак будаўніцтва касцёла
1999 г. – першыя святыя місіі ў парафіі
2000 г. – умураванне вуглавога каменя, якое здзейсніў біскуп Антоні Дзям’янка
2009 г. – канчатковы перанос літургіі ў новы касцёл
15.10.2011 г. – урачыстае асвячэнне касцёла, якое здзейсніў біскуп Аляксандр Кашкевіч
2014 г. – айцы рэдэмптарысты адзначылі 25-ю гадавіну служэння ў Беларусі
http://www.redemptor.by/aktualnosci/1259-biskup-kashkevich-prynya-udzel-u-svyatkavanni-25-goddzya-grodzenskaj-parafii-najsvyatsejshaga-adkupitselya#sigProId73bfda294a
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Валерыя Суруда
Паводле grodnensis.by