З 4 па 7 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылося аднаўленне святых парафіяльных місій. Духоўныя практыкаванні праводзілі айцы рэдэмптарысты Анджэй Ядкоўскі і Віктар Бохан.
На працягу чатырох дзён вернікі накіроўваліся ў святыню, нягледзячы на шматлікія восеньскія справы, каб паўдзельнічаць у гістарычнай для парафіі падзеі і пачуць штосьці важнае для кожнага з іх. Кожны дзень быў прысвечаны асобнай тэме.
Напачатку місіянеры заахвоцілі вернікаў узгадаць абяцанні, якія яны далі Богу ў мінулым годзе, і прапанавалі нанова запрасіць Яго ў сваё жыццё.
Перад кожнай Імшой адбывалася малітва да Духа Святога, каб Ён адкрыў кожнае сэрца на пачутыя словы і дапамог штодня быць з Богам.
У нядзелю вернікі разважалі над тэмай “Бог ёсць любоў”. Панядзелак быў прысвечаны памерлым і тэме “Вера ў нашым жыцці”, таксама была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. У аўторак прайшла сустрэча з дзецьмі парафіі, падчас якой была магчымасць паразважаць над важнасцю фарміравання чалавечай асобы, неабходнасцю кантакту з Богам і роляй хрысціяніна ў сучасным свеце. Падчас вячэрняй Імшы маліліся да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, напрыканцы Эўхарыстыі сем’і парафіі атрымалі індывідуальнае благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
На заканчэнне малітваў панядзелка і аўторка вернікі ўдзельнічалі ў Марыйным закліку, звяртаючыся да Маці Божай з просьбамі аб еднасці, міры ў сем’ях і краіне.
У сераду парафіяне разам з місіянерамі і пробашчам парафіі кс. Юрыем Бяганскім прынялі ўдзел у асвячэнні фігуры Маці Божай з Люрда.
Айцец Анджэй Ядкоўскі адзначыў: “Прайшло больш за год пасля місій. Але, на жаль, грэх нікуды не падзеўся: мы зноў грашым, не выконваем абяцанні, дадзеныя Богу. Усё з году ў год здаецца тым самым: святыя Імшы, казанні святароў, наша штодзённасць. Так само па сабе нічога не зменіцца: неабходна мець жаданне змяніць жыццё і заўсёды запрашаць у яго Бога. Сёння хочам нагадаць сабе галоўную праўду: што Бог нас любіць і ў касцёл мы прыходзім менавіта да Яго”.
Парафіяне выказваюць пажаданне, каб засеянае Божае Слова прыносіла багаты плён навяртання і святасці ў іх сэрцах, а айцам місіянерам жадаюць Божага благаслаўлення і вернасці ў сваім служэнні.
http://www.redemptor.by/aktualnosci/1309-adna-lenne-parafiyalnykh-misij-adbylosya-trakelyakh#sigProIdf8c0b42433
Прэс-служба санктуарыя ў Тракелях