І быў вечар, і была раніца: дзень першы.
Традыцыйнае завешванне фіялетавай тканінай Святога Крыжа аб'явіла аб тым, што Касьцёл зрабіў крок ў пятую Нядзелю Вялікага Посту. З нашых вачэй схавалі аблічча Укрыжаванага, але праз гэтыя духоўныя практыкаванні, якія распачала Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля, мы пачалі ўжо сёння ўглядацца ў Адкупіцеля вачыма сэрца і душы ў навуках, што сыходзяць з вуснаў святара, які будзе для нас прарокам, як заўважыў пробашч, на гэтыя дні - айца (дазвольце, буду так казаць) Юрыя Санько.
З малітвы да Усемагутнага Бога мы разам зрабілі крок у гэтыя практыкаванні, давяраючы іх і саміх сябе ў Яго рукі. Усе выцішыліся, а айцец пачаў гаварыць. Мілагучная беларуская мова ў еднасці з Божым Духам разлівалася па святыні.
З кроку малітвы, айцец Юрый прыпомніў ўсім нам добра вядомы біблійны вобраз з гары Перамянення і адаслаў яго да нашага жыцця. Ён адзначыў: "Прыходзячы ў святыню, мы прыходзім як на гэтую гару Перамянення, на якую Езус ўзяў Пятра, Якуба і Яна, каб паказаць ім Сваю славу, дзе Пётр сказаў: "Пане, добра нам тут быць". Часам мы таксама перажываем такія пачуцці, прыходзячы ў святыню і нам таксама хочацца сказаць - "як добра нам тут быць", бо за дзвярыма клопаты, праблемы, іх так шмат. Але ж на прыканцы Святой Імшы святар нас благаслаўляе і кажа - "ідзіце ў супакоі Хрыста". І мы вяртаемся да гэтых праблем, але вяртаемся ўжо перамененыя, убачыўшы славу Езуса Хрыста, Які перамяняе хлеб ў Сваё Цела, віно ў Сваю Кроў. Вяртаемся, каб вырашаць праблемы з Божай ласкаю".
Пакуль вочы нашых сэрцаў захоўвалі гэтае параўнанне і малявалі вобраз перамянення, рэкалекцыйны прарок працягваў гаварыць. Ён запрасіў кожнага прысутнага ў гэты першы дзень духоўных практыкаванняў пашукаць адказу на наступнае важнае, фундаментальнае пытанне: хто Той, у Каго мы верым? Запрасіў, каб мы ў чарговы раз паразважалі над сваёю верай, а таксама запрасіў разам паразважаць над хрысціянскімі традыцыямі.
"Што нас сёння прыводзіць у святыню: нашая вера, бо мы сумуем па Хрысту, ці можа нас прыводзіць нашая традыцыя, бо так прызвычаіліся?", - запытаў айцец. І працягваючы, дадаў: "Вельмі важна, каб сюды, у святыню, нас прыводзіла нашая вера".
Развіваючы гэтую тэму, з вуснаў айца Юрыя прагучала наступнае пытанне: "У чым ёсць перашкода таго, калі мы не будзем будаваць нашыя традыцыі на веры"? Хвілінка, каб падумаць самастойна. А затым ён працягнуў: "Ужо праз тыдзень, у Вербную, будзе нас тут значна больш. Але многія, пасля асвячэння вербаў не застануцца на Эўхарыстыі. Здаецца, цудоўная традыцыя, цудоўная магчымасць засведчыць аб тым, што я чалавек веруючы. Але ў многіх за гэтай вокладкай цяжка будзе заўважыць духоўнасць.. Яшчэ праз тыдзень значна больш людзей будзе ў святыні, таму што - што? Асвячаем стравы на велікодны стол. У маёй парафіі, - засведчыў айцец, -дзе касцёл значна меншы за ваш, у суботу на асвячэнне людзі просяць - "прошэ ксендза, хаця б каб вада папала"! Не шкада мне гэтай вады, -кажа айцец,- і я, з вышыні двух метраў з задавальненнем асвячаю. Соль расплываецца, фарба з яек змываецца, а чалавек давольны. Што прывяло яго ў касцёл? Вера? Ці ён разумее сэнс таго, што адбываецца? Не. Галоўнае для яго, каб было наліта поў сеткі вады!"
"Калі нашыя традыцыі, якія мы захоўваем, якіх мы вучым нашых дзяцей грунтуюцца на такім - усё гэта толькі паганства, са смакам хрысціянства" - зазначыў айцец.
На адну хвілінку цішыня пранеслася па святыні. Вернікі моўчкі стаялі. Здаецца, нават Езус Хрыстус - у цэнтры Алтара - Найсвяцейшы Адкупіцель меў над чым паразважаць. І ўжо праз момант, гэтую цішыню парушыла ўжо знанае нам пытанне: "Хто Той, у Каго мы верым? У якога Бога мы верым?" - чарговы раз запытаў айцец і дадаў, што "усё ж такі кожны ў сваім сэрцы і сваёй галаве мае свайго Бога".
Падкрэсліваючы важнасць Сакрамэнтаў, якія сплываюць з Алтара Пана і якія вучаць нас сапраўдным адносінам з Богам, па касцёлу пранеслася чарговая думка: "Тут, у святыні, мы вучымся сапраўднай сувязі з Богам". Айцец Юрый адзначыў, што сённяшняе грамадства паказвае нам іншы прыклад сувязі - змарнаваны, дзе чалавек лічыць, што яму ўсе павінны, альбо ён такі альтруіст, што не патрабуе дапамогі. "Але, прыходзячы ў святыню, мы вучымся ідэальнаму узроўню сувязі, які дазваляе нам будаваць сапраўдныя адносіны не толькі з Богам, але і нашымі роднымі і знаёмымі - атрымоўваць, каб аддаваць". Паглыбляючы гэтыя разважанні, айцец дадаў: "Калі Езус Уваскрос, Марыя Магдаліна абняла Яго за ногі, але Ён сказаў - "жанчына, не затрымоўвай Мяне для сябе, ідзі і распавядзі вучням". Як бы добра і цудоўна ў святыні нам не было, пасля Святой Імшы святар нам кажа - "ідзіце ў супакоі Хрыста". Бо мы павінны вярнуцца ў нашую штодзённасць, але ж вярнуцца ўзбагачаныя Божым Словам, дарамі і ласкамі" - падвёўшы рысу гэтай думцы, прамовіў наш прарок.
Стоячы сярод каталіцкага натоўпу, я атрымала ў сваё сэрца і галаву чарговую порцыю для разважання. Пакуль я запісвала гэтыя словы ў сваю галаву, мілагучная беларуская мова ад алтара Пана рабіла апошні крок у гэтых разважаннях. У чарговы раз данеслася пытанне, невыпадкова, але з намерам, каб кожны і я таксама, магла б асабіста знайсці на яго адказ: " Хто Той, у Каго мы верым? Ці мы верым у Бога, Якога малюем самі сабе?Ці верым у сапраўднага Бога, з Якім сустракаемся ў Эўхарыстыі, Якога распазнаем у нашай штодзённасці?"
Магчыма айцец, ў гэты момант, стоячы так блізка да схаванага Хрыста, шукаў на нашых тварах і ў нашых вачах зваротную сувязь. Магчыма ён бачыў, для каго гэтае пытанне мае месца быць, а для каго гэта толькі набор слоў, якія не дапушчальны ў яго штодзённасць. Магчыма айцец ведаў, што не кожны, хто так урачыста наведаў святыню ў нядзельны дзень і першы дзень рэкалекцый, возьме і падзеліцца гэтым багаццем з іншымі. Але, магчыма, ён ведаў і наступнае: знойдзецца той, хто возьме гэтыя словы і пытанні да сэрца, каб сам насам з Богам пашукаць на іх адказы.
Завяршаючы свае разважанні, прарок, дадзены нам на гэты час, прамовіў: "Ёсць адна галоўная праўда, і на ёй мы павінны будаваць нашыя адносіны з Богам - не Бог жыве ў гэтым свеце, але мы жывем ў Богу. Зразумейце гэта".
Было сказана "Амэн". Айцец знік з вачэй. А з-пад фіялетавага палатна, Укрыжанавы пытаў кожнага з нас: у якога Бога ты верыш?
Вераніка Смыкоўская