І быў вечар, і была раніца: дзень другі.
Урачыстую нядзелю хутка змяніў працоўны панядзелак. Той натоўп вернікаў, які яшчэ ўчора шчыльна напаўняў дзевятоўскую святыню і яе ваколіцы, ужо сёння кудысьці знік. Але гэта не было перашкодай для нашага прарока рабіць наступны - другі крок - ў гэтых духоўных практыкаваннях.
... "Наймагутны Божа, мы прызнаем Тваю веліч і дзякуем за Тваю прысутнасць ў нашай штодзённасці..." - пачаў традыцыйнай малітвай гэты крок айцец Юрый.
Прыпомніўшы ўсім нам ўчарашняе пытанне, якое так шмат разоў злятала с вуснаў айца, пытанне, якое кожны павінен сабе задаць - "хто Той, у Каго мы верым?", чарговыя пошукі адказаў прабегліся ў маёй галаве. Айцец нагадаў, што вельмі важна, каб векавыя традыцыі грунтаваліся на нашай жывой веры, нагадаў пра сувязь - "атрымоўваць, каб аддаваць" - якой мы вучымся ў святыні. І таксама нагадаў пра тую галоўную праўду, якую мы павінны запісаць ў нашыя сэрцы і нашую штодзённасць, што "не Бог жыве ў гэтым свеце, але мы жывем ў Богу".
Зрабіўшы невялічкую паўзу, айцец Юрый пачаў кіраваць нашыя думкі да другой важнай цаглінкі ў гэтых духоўных практыкаваннях і духоўным жыцці кожнага веруючага - да Сакрамэнту споведзі.
"У нашым духоўным жыцці, у нашым пошуку Бога, у нашым кантакце з Богам, мы не можам быць мінімалістамі. Калі мы чытаем дакументы Касцёла, мы бачым, што ёсць закон, права, якое кажа: прынамсі раз у год быць ў споведзі і ў часе Велікодным прымаць Святую Камунію. Але мы не можам быць мінімалістамі!"- зазначыў прарок.
Сардэчным зваротам ён працягнуў паглыбляцца і запрасіў таксама нас зазірнуць глыбей ў гэтую тэму:
"Любыя ў Хрысце, калі мы кажам пра споведзь, мы кажам пра навяртанне. А навяртанне гэта не эмоцыі. Навяртанне гэта праца, гэта шлях, які мы павінны прайсці ад ўчыненага граху, зразумеўшы свае памылкі, вяртаючыся да Бога. Споведзь гэта вялікі дар Божага клопату пра нас".
Калі з вуснаў прарока выплывалі гэтыя словы, па левую руку ад мяне, у канфесіянале, чалавек дакранаўся да гэтага Сакрамэнту, жадаючы выйсці з цермы граху да Божага святла. Праз паслугу святара душа, прагнучая навяртання - атрымоўвала адпушчэнне грахоў. А ці ўсведамляў той, хто прымаў гэты Сакрамэнт, яго важнасць і каштоўнасць ў сваім пілігрымаванні? Ці ўсведамляў, што ў гэты самы момант, ў гэтым акце паяднання, ён сустракаецца з Богам, не са святаром, але з жывым і дзейсным Богам? Ці гэта было выключна асабістае прагненне адбыць павіннасць - "раз ў год"?
Адкрываючы перад намі сваю жыццёвую сцежку і закранаючы Сакрамэнт Хросту, айцец Юрый падзяліўся з намі наступным: "Мне было 3 месяцы, калі мае бацькі прынеслі мяне ў нясвіжскі касцёл. Я не ведаю, якое было надвор'е, ці было холадна ў касцёле, ці цёпла, шмат святар вады наліў ці не. Гэта натуральна, бо ў тры месяцы гэтага немагчыма памятаць. І таму у Вялікую Суботу мы зноў і зноў аднаўляем абяцанні Хросту, каб свядома разумець, што я хрысціянін, што я Хрыстовы. Але Сакрамэнт споведзі гэта адзінны Сакрамэнт, на якім мы прысутнічаем ад самага пачатку і да самага канца - свядома. Таму што трэба мець моц, трэба мець Божую ласку, каб стаць у праўдзе перад сабой, прызнацца ў сваіх грахах. Сакрамэнт споведзі гэта незвычайны доказ Божай любові да нас" - ў чарговы раз занатаваў з Алтара Пана гэтую думку рэкалекцыяніст.
Пачуўшы гэта ў другі раз, я задавала сабе пытанне: Вераніка, а ты усведамляеш каштоўнасць гэтага Сакрамэнту? Безумоўна, стараючыся развівацца ў сваёй духоўнасці, я не практыкую споведзь раз на год, раз на поў года, ці раз на месяц, я не практыкую споведзь па графіку. Паспавядаўшыся, напрыклад, пару дзён таму, а сёння зноў ўпаўшы ў грэх, я не адлічваю, што пройдзе месяц альбо год, каб зноў паяднацца з Богам, але раблю гэта адразу. Чаму? Бо гэтага прагнем мы дваіх - і Госпад і я.
Вяртаючыся са сваіх думак ў навуку нашага велічнага прарока, чарговыя словы трапілі ў маё сэрца:
"Мы вельмі часта забываем, што ўчыняючы грэх, мы адварочваемся ад Бога і пачынаем ісці ў іншым накірунку. А пазней наракаем, што тыя дары і ласкі, якія Бог мае для нас, мы не атрымоўваем, таму што стаім плячыма да Яго. Сакрамэнт споведзі гэта той доказ незвычайнай Божай любові да кожнага з нас, дзякуючы якому мы можам зразумець, што Бог не перастае нас любіць нават тады, калі мы ўчыняем грэх. Бо, першае - Ён адорвае нас ласкай разумення грахоў, і другое - дае нам ласку мужнасці, таму што часам нам бывае складана стаць у праўдзе перад сабой, прызнацца ў сваіх грахах і слабасцях, таму нам патрэбна мужнасць і Бог адорвае нас гэтым дарам, і ў рэшце, трэцяе - дае нам ласку выпраўлення з нашых грахоў".
Кажучы пра гэты акт паяднання, немагчыма не прыпомніць пяць ўмоў добрай споведзі, бо гэта фундамент і аснова. Пачынаючы ад першай, з рахунку сумлення, айцец Юрый засведчыў наступнае:
"За 15 год служэння ў курыі я адведаў вельмі шмат парафій ў Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі. І адказваючы за літургію, якую будзе цэлебраваць біскуп, я загаддзя прыязжаў у парафію, каб усё падрыхтаваць. Сустракаліся такія парафіі, куды прыязжаючы, чарга да канфесіянала ўжо была, але сустракалася адваротнае. Пробашч у канфесіянале, поўны касцёл людзей - усе ў лаўках, і застаецца 40 хвілін да Эўхарыстыі, я думаю, можа хто таксама паспавядаецца, калі не, то памалюся прынамсі, сядаю ў канфесіянал і не магу зразумець, што адбываецца - шум на увесь касцёл, вялівае перасяленне народаў, парафіяне з лавак хутка да майго канфесіянала. Напэўна людзі сядзелі і шкадавалі за свае грахі, рабілі рахунак сумлення і вырашылі пайсці да споведзі. Але я разумею таксама, што так не ёсць. Таму напэўна ёсць пытанні да пробашча, чаму людзі бачучы новага святара ідуць выключна да яго".
Крок за крокам, называючы чарговыя ўмовы споведзі, айцец дайшоў да астатняй - выкананне прызначанай пакуты , выпраўленне з нашых грахоў. Ён адзначыў, што "недастаткова памаліцца пакуту, якую дае святар, не дастаткова. Мы павінны выправіць тыя грахі, якія ўчынілі. Мы павінны папрасіць прабачэння і прабачыць, мы павінны выправіць тую крыўду, якую учынілі".
Калі з Алтара Пана вылілася наступная думка, упэўнена цалкам, што кожны з прысутных - ці то святар, ці то вернік, знайшоў ў ёй сябе самога. Гэтая думка была звязана з тым, што часта нас хвалюе пытанне, чаму ўсё сваё жыццё мы спавядаемся з адных і тых жа грахоў. І нам бывае сорамна за тое, што ж пра нас падумае святар, пачуўшы тыя самыя грахі. А айцец дадаў: "Я вам скажу, што падумае святар: слава Богу, што прыйшла, што прыйшоў! Але не думайце пра тое, што пра вас падумае святар, думайце пра тое, што пра вас падумае Бог".
Айцец адзначыў, што ёсць дзве праблемы, чаму мы спавядаемся з адных і тых жа грахоў: 1. мы не працуем над сабою, мы не імкнемся выправіцца і 2. на нас уплывае нашае асяроддзе, ў якім мы знаходзімся, таму вельмі важна маліцца за тое асяроддзе, дзе праходзіць нашая штодзённасць.
Чамусьці мне ў гэты момант прыпомнілася субота, калі мы распачыналі шлях духоўных практыкаванняў вечаровай Эўхарыстыяй і яскрава прагучалі ў маёй галаве словы прарока з Залатой Горкі: нічога новага вы не пачуеце. І гэта сапраўды так. За два дні, якія мінулі, я не пачула чагосьці выключна новага, нейкай праўды альбо сенсацыйнай навіны. Я слухала навукі пра тое, што добра ведаю. Але навошта?.. Менавіта для таго, брат і сястра, каб у чарговы раз з глыбіні падняць на паверхню гэты краевугольны камень, каб зноў дакрануцца да фундаменту сваёй веры і запытацца самую сябе: ці ў правільным кірунку я рухаюся, а ці рухаюся я з Хрыстом? І таму гэта вельмі каштоўна, што айцец Юрый не запрашае нас падчас гэтых практыкаванняў ў цярновыя сады тэалогіі, але вяртае наш позірк да асноў хрысціянства.
Ставячы апошнюю кропку ў тэме споведзі, ад Алтара, праз цэнтар святыні і да дзвярэй з надпісам "выхад" кіравалася завяршаючая думка:
"Споведзь гэта адзінны шлях, па якім чалавек можа вярнуцца да самога сябе, зноў здабыць сваю чалавечнасць. Толькі Бог можа аздаравіць нашае мінулае, і выправіць учыненыя намі памылкі.
...
Дазвольце Наймагутнаму аздаравіць вашыя сэрцы.
Амэн".
Усё на тым самым месцы, па левую руку ад мяне, стаяў канфесіянал. Ён быў пусты на людзей, але поўны на міласэрнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля, Які з любові чакаў там на сустрэчу са Сваім стварэннем.
Вераніка Смыкоўская