І быў вечар, і была раніца: дзень чацвёрты.
Ці бачылі вы калі-небудзь, як улетку прачынаецца дзень, як ўзыходзіць Сонца? Калі так, то напэўна вы маглі заўважыць, калі гэта было дасягальна вашаму воку, як са сну прабуджаецца ўсё стварэнне: зямля робіць новы ўдых, птушкі пачынаюць спяваць свае асаблівыя гімны, кроны дрэваў выпраменьваюць сваё лісце, палявыя кветкі раскрываюць пялёсткі, і ўсё стварэнне разам цягнецца да Сонца, прагнучы атрымаць ад яго неабходныя дары.
У жыцці хрысціяніна, ад пачатку яго прабуджэння ад сну - фізічнага нараджэння, і да апошняга ўздыху - заходу яго зямнога свяціла, гэтым Сонцам, якое напаўняе жыццё сэнсам і адорвае патрэбнымі ласкамі, павінен быць Госпад. Ні ў якім іншым месцы, чым ў Божай святыні, чалавек не зможа так блізка быць ля Хрыста, сузіраць Яго, а больш таго, прымаць Збаўцу да свайго сэрца. І кожны, хто разумее гэты дар, не пройдзе міма Божага дому, але зробіць крок да яго, каб сустрэцца ў сваёй штодзённасці з жывым Богам.
Чарговы крок да сузірання і прыняцця Хрыста да свайго сэрца сёння рабіла я і кожны, хто знайшоў час на Езуса . Хачу верыць у тое, што гэты крок да парафіяльнай святыні быў зроблены не толькі таму, што там чакала чацвёртая, апошняя, канферэнцыя ў гэтых духоўных практыкаваннях, але і таму, што чалавечае сэрца прагнула цяргуцца да Найвышэйшага Сонца - Езуса Хрыста.
Калі настала цішыня, айцец Юрый распачаў канферэнцыю традыцыйнай малітвай. Узносячы гэтыя словы да Неба, святар кіраваў сваё сэрца і сэрца кожнага з нас да Божага Слова, якое зыходзіла з яго вуснаў.
Каб вярнуць нашыя позіркі на пройдзены намі шлях за гэтыя дні, залатагорскі прарок нагадаў аб тым, што святыня з'яўляецца для нас гарой Перамянення, дзе мы маем магчымасць сузіраць жывога Бога і бачыць Яго славу. Айцец таксама нагадаў пра тэму другога і трэцяга дня, падсумоўваючы тыя разважанні да наступнай думкі: "праз іх мы павінны зразумець вартасць і важнасць Святой Імшы ў нашай штодзённасці".
За чацвёртымі таямнічымі дзвярыма знаходзілася чарговая тэма і назвай ёй была - Святая Імша. Айцец прамовіў:
"Святая Імша гэта незвычайны дар, дар Божай прысутнасці сярод нас. Дзякуючы Яго моцы, хлеб перамяняецца ў Цела, а віно - ў Кроў Хрыста. І ў гэты самы момант Езус становіцца прысутны сярод нас фізычна. Мы можам Яго бачыць, падчас Камуніі прымаць Яго ў свае сэрцы, становячыся жывым табэрнакулумам".
"Якога цуду яшчэ мы шукаем? Якога доказу Божай прысутнасці ў нашым жыцці нам яшчэ патрэбна?" - скіраваў рытарычнае пытанне айцец.
Для таго, каб магчы глыбей пазнаць каштоўнасць гэтага дару, каб быць паўнавартасным ўдзельнікам Ахвяры Хрыста, каб магчы перажываць Эўхарыстыю ад пачатку і да канца - свядома, рэкалекцыяніст скіраваў да нас параду, якая падкрэслівала важнасць інтэнцыі, з якой мы прыходзім да Божай святыні. Таму вельмі важна прыходзіць у святыню загаддзя, каб выцішыцца і ўзбудзіць ў сабе інтэнцыю: ці гэта будзе малітва просьбы, ці падзякі, ці праслаўлення. "Маючы перад вачыма інтэнцыю, мы зможам свядома прымаць удзел у гэтай Ахвяры" - зазначыў айцец Юрый.
Часам, назіраючы за сабой, я заўважаю, што, удзельнічаючы ў Эўхарыстыі і маючы канкрэтную інтэнцыю, я выпадаю з гэтага Сакрамэнту, бо разнабокія думкі адцягваюць маю ўвагу, засяроджанне пераходзіць на асабістыя справы, планы, праблемы і сузіранне Хрыста робіцца немагчымым. Гэта не лепшае сведчанне ад мяне, ведаю. Але дзякуючы гэтай недасканаласці, я разумею і бачу ў якім кірунку мне трэба развівацца і расці ў сваім жыцці духоўным, каб падчас Эўхарыстыі мець oczy zapatrzone w Chrystusa.
Прыходзячы да Найсвяшейшага Адкупіцеля ў гэты дзень, мая інтэнцыя прыйшла разам са мною. Стоячы пад хорамі дзевятоўскай святыні мне не прыйшлося капацца ў галаве, сэрцы ці сваёй душы, каб выцягнуць адтуль інтэнцыю, бо яна была падрыхтавана загаддзя.
Я вельмі люблю прыносіць да Алтара Пана ў сваім сэрцы канкрэтнага чалавека, які, магчыма і не просіць мяне аб гэтым, але я ведаю, што патрабуе маёй малітвы. Бо разумеючы свае чалавечыя магчымасці і параўноўваючы іх з магчымасцямі Усемагутнага Бога, мне застаецца толькі маліцца. А малітва, як вядома, мае неверагодную моц. Карыстаючыся з дару, які сплывае з Божага Алтара, ў хвіліну, калі я чую падчас Камуніі "Corpus Christi" і адказваю сваё "Аmen", са свайго сэрца я аддаю інтэнцыю, гэтага чалавека, Найвышэйшаму. І гэта вельмі добрая справа, ахвяраваць Пану тое, што Ён хоча ад нас прымаць - нас саміх.
Працягваючы развіваць чацвёртую тэму, з вуснаў прарока прагучала:
"Багасловы кажуць, што Святая Імша складаецца з двух сталоў - стол Божага Слова і стол Эўхарыстыі. Як жа вельмі важна сустрэцца з Богам пры стале Божага Слова, каб пачуць, што Ён хоча сказаць да цябе сёння, не заўтра, але менавіта сёння. Бо калі гэтай сустрэчы не адбудецца пры стале Божага Слова, наўрад ці мы зможам распазнаць Хрыста пры стале Эўхарыстычным".
Ведучы нас праз тэарытычнае паглыбленне ў гэты Сакрамэнт, айцец адзначаў наступныя важныя моманты: ад прыгатавання хлеба і віна, калі мы разам са святаром складаем на Алтар сваю ахвяру - сваю інтэнцыю, да кансэкрацыі, дзякуючы якой маем магчымасць прымаць жывога Бога да свайго недасканалага сэрца.
Ідучы далей, айцец зрабіў крок да Старога Запавету, каб паказаць яго сувязь з Новым. Прыгадаўшы прысутным аб тым, як выглядала старазапаветная святыня, у цэнтры якой знаходзілася - "святая святых", куды меў доступ толькі першасвятар і то адзін раз на год.
"Быў і другі зал", -працягваў думку айцец, -"дзе маглі знаходзіцца святары, якія складалі ахвяры. Быў і большы зал, дзе маглі знаходзіцца ўсе астатнія.
...
Што робіць Езус Хрыстус?
...
Сын Божы прыходзіць для таго, каб знесці ўсе гэтыя абмежаванні, каб кожны чалавек меў магчымасць наблізіцца да Бога".
Якая гэта вялікая і незразумелая Ахвяра з боку Бога да кожнага з нас, згадзіся, брат і сястра! Езус, са Сваёй любові, прагне знесці ўсе абмежаванні. А чалавек, са сваёй самадастатковасці, будуе новыя муры паміж сабою і Богам. Але гэтыя муры магчыма знесці раз і назаўсёды - даючы дазвол Богу да сваёй зраненай штодзённасці, прымаючы Яго да сэрца ў Сакрамэнце Эўхарыстыі.
"Тое, што адбываецца на Алтары гэта не магія, гэта не фокусы, гэта Ахвяра Хрыста ў якой мы прымаем непасрэдны ўдзел".
І чарговыя таямнічыя дзверы былі распахнуты. Заслона з вачэй спала. І я ўбачыла гэтую сцяжынку, якой веў нас напрацягу гэтых чатырох дзён прарок з Залатой Горкі. Каб замацаваць яшчэ мацней гэтую навуку ў нашых сэрцах, айцец дадаў:
"Цаніце гэты дар.
Цаніце тое, што можаце так блізка набліжацца да Бога, што можаце адчуваць Яго прысутнасць тут і цяпер.
Бог прысутнічае ў нашым жыцці, не таму, што Ён жыве ў ім, але таму, што дазваляе жыць нам ў Сваёй прысутнасці.
Адчуйце гэта і будзьце ўдзячнымі за гэта.
Амэн".
Ведаеце, што я адчувала ў гэты момант?
...
Сонца майго маладога жыцця - Езус Хрыстус - Найсвяцейшы Адкупіцель - са Свайго Алтара кіраваў Свой позірк на мяне, Сваё стварэнне, каб праз некалькі хвілін дазволіць мне быць ў Яго прысутнасці, прымаючы да свайго сэрца - Святое Цела Бога.
Ці можна адшукаць у сваёй штодзённасці цаннейшую сустрэчу за тую, якая здзяйсняецца падчас Эўхарыстыі?...
Не шукай адказу, брат і сястра.
Бо найцаннейшай сустрэчы, акрамя гэтай, няма.
Вераніка Смыкоўская