З 5 па 10 чэрвеня 2022 года ў Навагрудку, для групы дзяцей з нашай парафіі, былі арганізаваны “Канікулы з Богам”, падчас якіх, ў сваім доме, прынялі нас гасцінныя сёстры назарэтанкі.
На гэтыя канікулы сабраліся міністранты, бялянкі, удзельнікі дзіцячага хору і парафіяльнага тэатру, агульнай колькасцю 51 чалавек. Апекаваліся гэтай групай: а. Максім Лабкоў CSsR, с. Анна Мацуль CSFN і лекар Алена Шульга. Падчас знаходжання ў Навагрудку, праз арганізаваныя дзеі і забавы, дзеці бліжэй пазнавалі Бога, адзін аднаго, а таксама прыгожыя помнікі і наваколле гэтай мясцовасці.
У першы дзень гэтых канікул Каталіцкі свет адзначаў свята Марыі – Маці Касцёла. З гэтай нагоды мы знаёміліся бліжэй з нашай нябеснай Маці. Наступны, другі дзень, быў прысвечаны благаслаўлёным сёстрам мучаніцам з Наваградка. Сястра Анна распавяла пра благаслаўлёных сясцёр, да Кангрэгацыі якіх сама належыць. Яе аповед пра лёс мучаніцаў, сярод маладых слухачоў, сустрэў моцны водгук і зацікаўленасць. У гэты самы дзень прыехаў нас адведзіць наш пробашч а. Анджэй Іадкоўскі CSsR, які разам з намі маліўся падчас Эўхарыстыі, а пасля усіх пачаставаў марожаным.
У наступны дзень мы прыпаміналі сабе місію рэдэмптарыстаў, айцоў, якія нясуць паслугу ў нашай парафіі.
У апошні дзень мы пазнаёміліся з постацю св. Герарда Маелі, рэдэмптарыста, і размаўлялі аб святасці. Супольна зазначылі, што святы гэта той, хто любіць Бога і бліжняга.
10 чэрвеня, у дзень, калі адбылося вяртанне дамоў, мы закранулі тэму падзякі і разам дзякавалі Богу за дадзены нам час гэтых “Канікул з Богам”, а таксама за усіх дабрачынцаў і асобаў, дзякуючы якім гэты выязд адбыўся.
Памятайма, што час канікул яшчэ трывае, а міма гэтага Бог знаходзіцца блізка нас і вельмі нас любіць. Дома чакаюць нас таксама “Канікулы з Богам”, але ўжо для кожнага індывідуальна.
http://www.redemptor.by/aktualnosci/1390-kanikuly-z-bogam-u-navagrudku#sigProId70b7e300ce