Панядзелак, 21 жніўня.
Лета падыходзіць да канца. Здаецца, столькі спраў перароблена, што нават доўгачаканыя сонечныя дзянькі не могуць падарыць новыя, запамінальныя на ўсё жыццё, непадробныя эмоцыі. Але Дух Святы ніколі не перастае дзейнічаць, а значыць пара даць душы асвяжыцца падчас такой спякоты. Сёння пачынаюцца “Канікулы з Богам”, а значыць запусцілася перазагрузка сэрцаў і галоў дзетак, аніматараў, скаўтаў, катэхэтаў, сясцёр законных і айцоў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля!
Ужо прайшло некалькі інструктажоў для актыўнай і адкрытай моладзі, якая пагадзілася стаць аніматарамі на гэты дзівосны тыдзень. Настрой максімальна аптымістычны, тым больш што глыбока адбіўся ў сэрцах кожнага сэнс слова “аніматар” — чалавек, якi здольны дакрануцца да душы бліжняга.
Да 10.00 амаль не засталося свабодных месцаў у шэрагах лавак касцёла: іх занялі бліскучыя вочы дзяцей розных узростаў. Ніхто не ведаў, хто ж стане правадніком на гэтым радасным шляху, а яго партрэт хаваецца пад тканінай на вялікім постэры каля алтара. Загучалі ўрачыстыя фанфары, тканіна павольна пачала сцякаць з постэра, прыадчыняючы блакітны фон, на якім прыцягвальнае чырвонае адзенне адцяняла твар, якi зіхацеў дабрынёй. Зацікаўленасць дзяцей адчулася ва ўхвальным шуме, бо правадніком стаў сам святы Ян Павел II. Дзеці прылядваюцца жыццю святога Папы Рымскага на фотаздымках яго альбома. Ён нарадзіўся 18 мая 1920 года ў горадзе Вадавіцэ, у школе добра вучыўся. Паступіў у Ягелонскі ўніверсітэт на факультэт паланістыкі, дзе быў руплівым студэнтам, і ад міністранта ў Польшчы прайшоў вялікі шлях да Ватыкана, стаўшы першым славянскім Папам Рымскім.
Пасля прыйшоў час падзяліцца на групы, каб кожнаму дзіцяці можна было даць максімальную колькасць увагі і “Канікулы з Богам” прайшлі эфектыўна. Усяго груп 9, а ў кожнай з іх па 2-3 аніматары, якія загадзя выцягнулі сімвалічныя назвы, якія звязаны з Духам Святым. Любоў, Радасць, Спакай, Доўгацярплівасць, Лагоднасць, Дабрыня, Вернасць, Далікатнасць, Стрыманасць — плады Трэцяй Асобы Божай. Дарам адпавядаюць колеры, якія і сталі арыенцірам для дзяцей: кожнаму раздалі яркія бранзалеты з назвай групы. У групах сабраліся і малыя дзеткi, і дзеці старэйшыя, што дапаможа выхаваць адзін у адным адказнасць і самаарганізаванасць, праўдзівы прыклад якіх бачны ў нашай моладзі.
Перад прыходам груп кабінеты былі падрыхтаваныя тэхнічнай групай хлопцаў: усюды стаяла вада, сок, а на падыходзе былі румяныя булачкі. За перакусам адбылося бліжэйшае знаёмства аніматараў з падапечнымі. Групы склалі ўласныя дэвізы і гербы, што ўжо аб'яднала многіх.
На гадзінніку 12.00, а значыць час Св. Імшы. Па чарзе кожная група заходзіць у касцёл, з гонарам праносячы сваю назву, якой трэба адпавядаць. Пад далікатны гук струн гітары праходзіць Святая Імша, а святы Ян Павел II становіцца яшчэ крыху бліжэйшым. Па касцеле праносіцца спеў «О, Езу, клічаш ты за сабою, сення імя ціха прамовіў, Я пакіну свой на беразе човен і з Табою распачну новы лоў". Усе спяваюць гучна і з вялікім запалам, бо гэтая песня была ўлюбёнай у св. Яна Паўла II.
Ужо відаць, што нітачка даверу працягнулася ад дзяцей да аніматараў, хай нават імёны не ўсе запамятаныя, але абрываць яе ніхто не хоча.
Пасля агульнага фотаздымка на памяць дзеці хутка перакусілі і пачаўся вольны час, але ён не прайшоў у кабінетах. Аніматары і скаўты змаглі зацікавіць дзяцей танцамі, спартыўнымі і настольнымі гульнямі, маляваннем і многім іншым.
Час ляціць незаўважна і фінішная прамая першага дня ўжо віднеецца. Падчас другой катэхэзы было вывучана выказванне св. Яна Паўла II, з якім мы правядзем гэты тыдзень, а пэўна, і маладосць, і сталасць, і глыбокую старасць: «Святы Ян Павел ІІ кажа: Хваліце Бога сваім жыццём!».
Напрыканцы Вяночак да Божай Міласэрнасці і ўсё, канец першага дня. Разгон ужо ўзяты, але сiлы пакінем на заўтрашні дзень, ён абяцае быць яшчэ цікавейшым.
Ганна Ярэміч
http://www.redemptor.by/aktualnosci/1471-kanikuly-z-bogam-2023-dzen-1#sigProId8b8e5ade03