Серада, 23 жніўня.
Чарговы дзень, але ўсё роўна асаблівы. Гэта ж “Канікулы з Богам”! За гэтыя дзянёчкі дзеці даведаліся, што ў нашай парафіі захоўваюцца рэліквіі Св. Яна Паўла II і, што гэта вялікі гонар, таму можна было заўважыць, як яны ўглядаліся ў гэты таямнічы для іх прадмет.
Першае знаёмства з Каралем ужо прайшло, таму ён лёгка працягвае адкрывацца дзецям і моладзі, трэба толькі шчыра цікавіцца. Адна з жамчужын нашай парафіі — тэатр св. Яна Паўла II. Менавіта ён распачаў дзень культуры і яшчэ больш прыадчыніў душу правадыра гэтых канікул, паказаўшы невялікую адукацыйную сцэнку. Пасля дзецям сталі задаваць пытанні, каб замацаваць атрыманыя веды. З гэтым дзеці справіліся без праблем. Яны распавялі пра тое, што пачулі: Папа Рымскі пісаў вершы і прозу, разважаючы там пра філасофскія пытанні жыцця, падчас II Сусветнай вайны з сябрамі заснаваў рапсадычны тэатр, які працаваў падпольна, а адзін з момантаў, што захапіў дзяцей крышачку больш, гэта ліст, якi быў напісаны Папам Рымскім спецыяльна да іх. Будучы на такой важнай пасадзе, ён заставаўся самым простым чалавекам, які працягваў любіць Бога і бліжнiх.
"Хваліце Бога сваім жыццём!” Ён падмацоўваў свае словы ўчынкамі. У яго было шмат талентаў і імі ён дзяліўся з усімі, а вынiкi заўсёды ахвяроўваў Богу. Некаторыя дзеткі не ведалі як адказаць на пытанне пра ўласныя таленты і катэхэты адразу пастараліся растлумачыць, што таленты трэба шукаць, галоўнае, не забываць спрабаваць сябе ў розных справах.
У гэты дзень да нас прыехаў госць з цікавым талентам. Ён арганiзаваў Тэсла-шоў, распавядаў пра электрычнасць і Ніколу Тэсла, які з'яўляецца вядомым навукоўцам-фізікам, а значыць мае талент і ўпартасць. Дзеці зіхацелі, як і лямпы ў шоу. З захапленнем яны рыхтуюцца адкрываць і ў сабе новыя таленты, у чым наша парафія гатовая дапамагчы.
Пасля адбыліся майстар-класы па народных танцах, тэатры, спевах, астраноміі, лепцы з гліны, стварэнні закладак у кнігі, футболе, настольным тэнісе, медыцыне, настольных гульнях, рысаванню, працы з дрэвам. Гэта быў выдатны шанец пазнаёміцца не толькі са сваімі талентамі, але і пагутарыць з людзьмі, якія знайшлі свае і навучыліся іх добра выкарыстоўваць.
На жаль, не ўсе здолелі трапіць на майстар-класы, на якія першапачаткова хацелі, але, калі зачыняецца адна магчымасць, заўсёды адкрываецца іншая. Расчараваных дзяцей не было. Аніматары і майстры змаглі дапамагчы дзецям адшукаць новыя здольнасці, пра якія дома даведацца не атрымалася б.
Канец дня мы правялі ў малітве аб талентах, якія ўжо маем і якія нам прыйдзецца адшукаць, бо так хочацца “праслаўляць Бога сваім жыццём!”
Ганна Ярэміч
http://www.redemptor.by/aktualnosci/1473-kanikuly-z-bogam-2023-dzen-3#sigProId8310543e61