Чацвер, 24 жніўня.
Аніматары ўжо ўсаджваюць дзяцей па месцах у касцёле. Некаторыя дзеткi яшчэ сонныя, але ўсё роўна імкнуцца гучна спяваць, бо яны гэта робяць для Бога, які прывёў іх сюды.
Сённяшняя тэма, магчыма, адна з самых важных у жыцці кожнага чалавека і пра яе трэба гаварыць з дзяцінства. Караля Вайтылу паклікаў за сабой Бог, а, даручыўшы Марыі сваё жыццё, ён пацвердзіў важнасць свайго паклікання і сваёй дарогі.
Катэхэза стала як бы форумам, дзе нашым спікерам далі магчымасць расказаць пра страхі на пачатку свайго шляху і пра тое, як сапраўднае месца ў жыцці размалёўвае цябе сонечнай радасцю. Жыццё паводле паклiкання — цудоўнае жыццё.
Сваёй гісторыяй падзяліліся: айцец Анджэй, які яшчэ ў юнацтве зразумеў, што хоча адорваць людзей супакоем праз галоўны дар Езуса — яго Цела і распавядаць пра яго навуку; сястра Агата, якая пераадолеўшы страх, запісалася ў хор да сястры законнай і грала там на гітары, а потым вырашыла і сама стаць сястрой законнай, хоць марыла пра іншае; спадарыня Святлана, па сумяшчальніцтве мама, якая ганарыцца тым, што выхоўвае з мужам сыноў у хрысціянскай веры; спадарыня Марына, якая паспрабавала сябе шмат у чым, але пераканалася ў сваім праўдзівым прызначэнні, звязаным з дзецьмі ў нашай парафіі і ў тэатры; міністрант, які рады дапамагаць пры алтары і паказваць прыклад дзецям і дарослым сваім служэннем; бялянка, якая хоча трымацца каля Езуса і трымацца прыкладу чысціні св. Марыі; нават футбаліст, які, давяраючы Богу, прайшоў праз траўмы да перамог; юная акторка нашага тэатра, якая рада магчымасці раскрываць сэнсы містэрый ў спектаклях; зусім маленькая спявачка хору, якая ўжо разумее, што той, хто спявае, той двойчы моліцца; скаўтка, якая можа адкрываць розныя закуткi нашай планеты. Яны распавялі не проста гісторыі пра таленты, а падзяліліся шчасцем праслаўляць Пана Бога сваім жыццем.
Яну Паўлу II таксама прыйшлося прайсці вялікі шлях да святасці. Ён нават атрымаў кулявое раненне, калі праязджаў праз натоўп людзей. Ён лічыў сваім абавязкам сустрэцца з чалавекам, але для кагосьці гэта трапяткое стаўленне нічога не азначала. І нават у такі крытычны момант ён аддаў сябе Маці Езуса, Марыі: "Totus tuus! (Увесь твой!)". Яна зберагла Папу Рымскага, а той змог асабіста дараваць злачынцу.
Напэўна, шэрагі бялянак, міністрантаў, скаўтаў, акцёраў і спевакоў, спартсменаў, катэхетаў, а ў далейшым і айцоў з сёстрамі законнымі могуць папоўніцца падрастаючым пакаленнем.
Катэхэза працягнулася ў тэатральнай зале, дзе дзеткам паказалі кадры з жыцця Яна Паўла II. Яны заўсёды ўсміхаліся ў адказ сонечнаму твару Папы Рымскага.
Пасля св. Імшы і перакусу аніматары разнеслі па сваіх кабінетах белыя лісты паперы, шмат каляровых алоўкаў і фламастараў, а затым абвясцілі тэмы для творчай працы - малюнка, па тэмах "Як Ян Павел II праслаўляў Бога сваім жыццём", "Як я праслаўляю Бога сваім жыццём" і "Ліст да Яна Паўла II". Трохі падумаўшы, дзеці пачалі разбiраць алоўкі, бо кожнаму хацелася адлюстраваць у фарбах чалавека, на якога хочацца раўняцца. Лісты дзеці адразу запячаталі, не паказвалі нават сябрам, бо яны толькі для Яна Паўла II. З гэтых працаў атрымалася выдатная галерэя.
Ганна Ярэміч
http://www.redemptor.by/aktualnosci/1474-kanikuly-z-bogam-2023-dzen-4#sigProIda05a91ae18