Пятніца, 25 жніўня.
Апошні дзень, але месца для суму няма, бо столькі ўсяго адбылося за гэты тыдзень, столькі ведаў, навыкаў атрымалі і дзеці, і аніматары, столькі новых сяброў цяпер побач, ды і проста столькі эмоцый і пачуццяў давялося перажыць.
Раніцай дзеці ізноў даказалі, што веды для іх важныя і яны сапраўды цэняць старанні сваёй парафіі, бо на ўсе пытанні пра Яна Паўла II яны змаглі адказаць.
Падчас Св. Імшы прайшла працэсія з дарамі ад дзетак, тэатра, спартсменаў, міністрантаў і бялянак, а ў сэрцах пульсавала падзяка за цудоўны час. Таксама дзеці зноў звярнуліся да Св. Яна Паўла II, які з першага дня знаёмства дапамагаў ісці светлай дарогай.
На сёння запланавана яшчэ адна падзея. Нашыя сучасныя i прасунутыя каманды паўдзельнічаюць у віктарыне "Kahoot", дзе пытанні будуць, вядома, пра Караля Вайтылу. Ад кожнай каманды вылучаюцца 2 канкурсанты і з тэлефона ім неабходна было выбраць правільныя адказы. Пытанняў няшмат, затое колькі падтрымкі абрынулася на ўдзельнікаў. Каманды з заціснутымі кулакамі скандавалі свае назвы. І самымі эрудыраванымі і хуткімі, бо хуткасць адказаў таксама грала ролю, сталіся дзеці з каманды "Спакой"! Колькі крыкаў захаплення, дзеці аж падскочылі з месцаў.
Час астыць, таму па кабінетах аніматары разносяць марозіва дзецям, якія разабралі і настольныя гульні, і спартыўны інвентар, бо так хочацца яшчэ трохі правесці час у сваёй ужо роднай групе.
Вялікім фіналам канікулаў з Богам 2023 сталася ўрачыстае ўзнагароджванне. У Тэатральнай зале на сцэне, усё па-сапраўднаму, усё для дзетак! Першымі ўзнагароджваюцца пераможцы "Вялікай гульні" - з групы "Лагоднасць", затым на сцэну падымаецца прадстаўнік групы "Спакой", якая змагла абагнаць іншыя групы ў віктарыне"Kahoot". Яшчэ некалькі чалавек былі ашчасліўленыя: за выпадковым чынам выбраныя малюнкі на тэму "Як Ян Павел II праслаўляў Бога сваім жыццём"," Як я праслаўляю Бога сваім жыццём" і "Ліст да Яна Паўла II", іх аўтары атрымалі невялікія, але такія прыемныя прэзенты. У дзень культуры таксама была выдатная магчымасць атрымаць узнагароду за хатняе заданне: неабходна было адшукаць інфармацыю пра Рапсадычны тэатр, які заснаваў Караль Вайтыла. 5 дзяцей скарысталіся шанцам і былі узнагароджаныя за гэтае старанне. Ні адно дзіця не засталося без падарунка. Для прадуктыўнай вучобы яны атрымалі нататнік, ручку з эмблемамі Канікулаў з Богам 2023 і картку для раскладаў заняткаў, дзе ўсміхаецца такі блізкі св. Ян Павел II, а побач яркім чырвоным колерам зіхаціць цытата: "Хваліце Бога сваім жыццём!”
Столькі сілаў было ўкладзена ў арганізацыю гэтага адпачынку. І гэтая праца не забываецца, нават такая часам прыкметная. Пад гучнае і звонкае "Дзя-ку-ем!" на сцэну падымаюцца аніматары, якім адорваюць авацыямі і падарункамі. Тэхнічную групу хлопцаў, якія забяспечвалі ўсім неабходным кабінеты і нават паспявалі бегаць па футбольным полі з дзецьмі, абмінуць было нельга, таму сюрпрызы выносяць цяпер ім, а звонкае "Дзя-ку-ем!" працягвае гучаць. Увесь гэты тыдзень прайшоў так ярка дзякуючы галоўным арганізатарам і куратарам айцу Максіму Лабкову і спадарыні Марыне Жыбартовіч-Протас, якія не пераставалі здзіўляць сваімі ідэямі, прапановамі. Для іх падарункі таксама знайшліся, як і для сясцёр Агаты і Ганны, якія паказвалі светлы прыклад служэння Богу.
Не гледзячы на час адпачынку, пастаянныя забавы, кожны дзень дзеткі церпяліва маліліся на ружанцы да Маці Божай, улюбёнай малітвай Караля Вайтылы, а на прыканцы Вяночкам да Божай Міласэрнасцi. Яны вучыліся павазе падчас Св. Імшы і прымаць актыўны ўдзел ва ўсіх прапановах.
Аказалася, што час можна праводзіць і так, адметна і прыемна. Хутка пачынаецца новы катэхэтычны год, давайце сустрэнемся там і працягнем ісці звілістай дарогай да святасці. Давайце хваліць Бога сваім жыццём!
Ганна Ярэміч
http://www.redemptor.by/aktualnosci/1475-kanikuly-z-bogam-2023-dzen-5#sigProId22e950a544