Шмат святаў адзначаецца па ўсім свеце кожны дзень, але самыя важныя даты падзяляюць толькі з сям'ёй. 25 жніўня вакол і ўнутры Касцёла на Дзевятоўцы чуўся смех, віднеліся выпрасаваныя каўняры кашуль, адчуваўся святочны настрой, а справа ў тым, што парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля адзначала юбілей — 30 гадоў.
Сёння сустракаюцца і старыя сябры: да алтара ўжо ідзе працэсія, у якой ідуць айцы-рэдэмптарысты з Дзевятоўкі разам з тымі айцамi, якія яшчэ раней накіроўвалі парафію, на чале ідзе біскуп Гродзенскай дыяцэзіі. Усе разам ідуць сур'ёзныя міністранты, акуратныя бялянкі і жвавыя скаўты. Пры ўваходзе ў касцёл ты акунаешся ў акіян нот, супраць хваляў якога ты не збіраешся плыць, наадварот, стараешся падхапіць мелодыю парафіяльнага хору. Словы прывітання і падзякі кажа айцец-пробашч са шчырай усмешкай. Сёння ўсе маліліся за дар супольнасці, у якой цябе прымаюць. Каб выказаць гэтую радасць і дзеці, і моладзь паднеслі ахвяру: ад цацак да Бібліі.
Пасля Евангелля пробашч працягвае: "Дарога вымяраецца кіламетрамі, а жыццё — гадамі».
Нашай парафіі 30 гадоў. Кожны з нас з'яўляецца важнай і неад'емнай часткай гэтай вялікай сям'і, якая разам ідзе за Богам. І да вялікага агульнага свята падрыхтаваліся практычна ўсе: чэргі да Камуніі, здавалася, не скончацца. Пасля віншаванняў і малітвы ўрачыстая частка завяршаецца працэсіяй вакол касцёла пад летнім сонцам.
Надыходзіць час павесяліцца і адпачыць. Парафіяльны фэст адкрывае віктарына пра касцёл на Дзевятоўцы, прыз за правільны адказ у якой разаграваў апетыт: кавалачак святочнага торта хацеў атрымаць кожны. Пытанне і адказ, пытанне і адказ — як хутка ўсё развіваецца! Але праз натоўп да сцэны прабіраюцца дзве «бабулі», якія выйшлі з касцёла і спрабуюць разабрацца, ад чаго так шмат людзей сёння тут і што яны святкуюць: тэатр св.Яна Паўла ІІ пачынае сваё віншаванне. Такія «бабулі» не маглі не рассмяшыць публіку. Спевакі з моладзевага хору таксама далучаюцца да віншаванняў і працягваюць спяваць да мурашак па скуры. А незвычайныя падарункі не заканчваюцца і разлятаюцца па парафіянах: пашанцавала ж камусьці выйграць у латарэі паездку на ровары айца-пробашча вакол касцёла! Такія падарункі захоўваюцца ў сэрцы, бо яны эмацыйныя. Ніхто сёння не застаўся незаўважаным, бо аніматары працягвалі клапаціцца пра кожнага. Ногі баляць ад танцаў, шчокі — ад смеху, а вочы пачынаюць слязіцца. Кранальны момант: у неба адпускаюць шары з лікам 30, як хутка і лёгка яны ўзлятаюць, імкнучыся ўсё вышэй. Мы таксама разам стараемся падымацца вышэй, чым грахі, а гэта не так хутка і лёгка. Але 30 гадоў парафія Найсьвяцейшага Адкупіцеля як адно цэлае жыве і праслаўляе Бога.
Ганна Ярэміч
Фота: а. Максім і Алексия