У розных парафіях Беларусі, як рэха міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», адбываецца паказ фільмаў, якія былі прадстаўленыя на сёлетнім фестывалі. У гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, што ў мікрараёне Дзевятоўка, 20–21 кастрычніка 2007 г. адбываўся паказ кінафільмаў-прызёраў 3-га Міжнароднага фестывалю «Magnificat».
На адкрыццё паказу ў Гродна прыехаў галоўны арганізатар фестывалю беларускі рэжысёр-дакументаліст Юры Гарулёў. «Для мяне самае галоўнае, каб фільмы былі даступныя шырокаму гледачу, — тлумачыць Юрый Мікалаевіч. — Гэта адна з арганізацыйных мэтаў фестывалю».
Для гродзенскага паказу былі выбраныя тыя фільмы, якія былі адзначаныя тымі ці іншымі ўзнагародамі фестывалю. Так, напрыклад, італьянская кінастужка пад назваю «У Сіракузах, дзе Марыя плакала», якой журы прысудзіла гран-пры, распавядае пра тое, як 50 гадоў таму ў адным з сіцылійскіх гарадоў заплакала невялікая гіпсавая статуя Багародзіцы. Гэтая падзея была знятая на кінастужку, і пасля спецыяльных даследаванняў афіцыйна прызнана Касцёлам як цуд. Сярод іншых работ, якія дэманструюцца ў Гродне, беларуская тэлевізійная праграма «Лёс чалавека. Ксёндз Казімір Жыліс», расійскія стужкі «Гэта я, Апакаліпсіс», «Паміж небам і зямлёй», «Крышталёвы хлопчык», польскія фільмы «Разлічваю на вас», «Мацек і Ружа», «Вясёлка», славацкі «Анёлы» і іншыя.
Гродзенскі паказ — гэта першы этап так званага «Рэха фестывалю». У наступныя выходныя, 27 і 28 кастрычніка, ён працягнецца ў іншых парафіях Гродна. У далейшым плануецца дэманстраваць стужкі ў парафіях Мінска, пасля чаго фестывальныя фільмы зноў вернуцца ў Глыбокае — традыцыйнае месца правядзення фестываляў «Magnificat».
матэрыял з сайта Catholic.By