На ўсе ёсць свой час. Час на працу і на адпачынак, на жарты і на сур’ёзныя рэчы, на смутак і на радасць...
Усё наша жыццё – гэта паломніцтва, чаканне вялікай таямніцы – сустрэчы з Госпадам. Праз цяжар жыццёвых абавязкаў, безліч штодзённых клопатаў, хуткі тэмп жыцця важна не забыць пра галоўнае: заўседы павінен быць час каб спыніцца, сам на сам пабыць з Панам Богам, зачэрпнуць з нязмернай глыбіні і невычэрпнай крыніцы гэтай сілы, любові і мудрасці, каб ісці у свет, несці гэтую радасць і супакой, якімі так шчодра адорвае Пан, быць соллю зямлі і святлом света…
Піліграмка – гэта своеасаблівая мадэль нашага зямнога шляху да Пана. Дзень, некалькі дзён, тыдзень, два. Есць пэўная мэта, пэўны час, пэўнае асяроддзе, пэўныя люді побач і ты ідзеш да гэтай мэты. Поўны скупеня, надзеі, радаснага прадчування ад таго, што хутка спаткаешся з Панам. Вядома, некалькі дзён я магу пацярпець нязручнасці, пабыць добрым, ветлівым, чулым. Але што далей? Далей усё як звычайна: вучоба, праца, сям’я, штодзённыя клопаты… Здаецца, нічога не змянілася, усе так як звычайна, жыццё ідзе… Але не, не так, бо, дакрануўшыся праз мацярынскую любоў Маці Божай да бязмернай любові Сына, змянілася ўсё і ўсе: штодзённыя абавязкі, асяроддзе, родныя, калегі, знаёмыя – увесь свет. І не таму, што раптам з усімі навокал адбыўся цуд: усё стала такім, як я хачу, як мне лепш, спадручней, выгадней. Не! Але цуд і сапраўды адбыўся. Адбыўся са мной. Змянілася не ўсё навокал – змяніўся я сам… Я сам стаў бачыць усё і ўсіх праз прызму Божай Любові…
Такім цудам, сустрэчай з Езусам і самім сабой, стала наша паломніцтва да Божай Маці, Маці ўсяго свету, якая, абвяшчаючы вялікую любоў Сына, аб’явілася ў Святой Ліпцы, Гетшвальдзе – адных з найцудоўнейшых мястэчак Польшчы…
…Было пяць гадзін раніцы, калі мы трапілі у Святую Ліпку. У мястэчку толькі-толькі прачынаецца і пачынаецца жыцце. Тут, у гэтым святым месцы, не тольк чуеш і бачыш, але ўсёй сваёй істотай адчуваеш, як абуджаецца прырода, усе жывое: высыхаюць кроплі расы на траве, падымаюць прыгожыя галоўкі сонныя кветкі, прачынаюцца і выходзяць з Дому пілігрыма паломнікі… Усе вышэй і вышэй уздымаецца сонца. І вось яно ўжо сваім бляскам асвечвае вежы мясцовага касцёла – адной з найпрыгажэйшых святынь. Калісьці, на гэтым месцы расла звычайная ліпа, на якой мясцовыя дзеці ўпершыню ўбачылі цудоўную прыгожую Панну – Божую Маці. Пазней тут была адбудавана святыня. Касцёл уразіў нас сваёй веліччу і прыгажосцю. Уваходзіш – і перад табой высачэзныя купалы, упрыгожаныя фрэскамі, рэльефныя калоны, аздобленыя пазалотай скульптуры, каляровыя вітражы. І толькі калі мясцовы святар расказаў гісторыю і асаблівасці будовы гэтага храма, і мы сталі добра прыглядацца, то заўважылі, што і купалы, і калоны – гэта не зусім тое, што нам здалося на першы погляд, а аб’ёмны роспіс – выдатнае ўвасабленне найвялікшымі майстрамі, якія будавалі касцёл, архітэктурных і мастацкіх ідэй і рашэнняў. Вельмі ўразіў размешчаны тут арган. На першы погляд – звычайны інструмент, можа трохі большы і багацей аздоблены. Але, калі з першымі гукамі цудоўнай мелодыі ён пачаў “рухацца”, а фігуры анёлаў, якія яго упрыгожваюць, граць на ўсе лады – мы замерлі ў захапленні…
У цэнтры святыні, у галоўным алтары – абраз Маці Божай Святаліпскай, якая мацярынскай любоўю атульвае ўвесь свет і асвячае шлях да Сына свайго Езуса Хрыста. Здаецца, увесь касцёл, не толькі словамі праслаўлення вернікаў, якія тут штодзённа моляцца, але і ўсей веліччу сваей забудовы, кожнай цэглай, кожным мазком фарбы намаляваных абразоў і фрэскаў, кожным шкельцам вітражоў, кожным гукам, напаўняючым храм, праслаўляе Госпада нашага Пана Езуса, які знаходзіцца тут, у табернакулюме, каб пад пастацямі хлеба і віна кожны дзень уваходзіць у сэрцы прагнучых Яго…
Наступным местам нашага паломніцтва стаў Гетшвальд – яшчэ адно месца аб’яўлення Божай Маці на Польскіх землях. Упершыню найпрыгажэйшая Панна аб’явілася тут у 1877 годзе. З таго часу Гетшвальд стаў аблюбаваным месцам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая і па сённяшні дзень адорвае цудамі гэтае месца і тых, хто сюды трапляе.
Аднымі з такіх цудаў з’яўляецца палатнішча, асвечанае Багародзіцай для аздараўлення хворых і крыніца святой вады, якую паказала Маці мясцовым жыхарам – усё гэта выратавала не адну сотню спрагненых, знясіляных і шукаючых Пана Бога душ.
Наталіўшы смагу са святой крыніцы, мы вырушылі ў крыжовы шлях, каб разам разважаць апошнія крокі зямнога жыцця нашага Збаўцы… Камяністая лясная дарога, вядучая ўгору, галька, якая балюча ўпіваецца ў калены, летняя спякота – усё гэта дапамагае глыбей зразумець той боль, цярпенне і муку, якія зносіў Хрыстос падчас крыжовага шляху, каб суцішыць наш боль, перамагчы грэх, адчыніць дарогу да неба, з’яднаць нас з Айцом Нябесным…
Каб мы, далучыўшыся да найбольшых мук нашага Збаўцы, без страху і нараканняў, чэрпаючы сілы з невымернай крыніцы Божай міласэрнасці, заўседы маглі з годнасцю дзяцей Божых, ісці па дарозе сваёй зямной пілігрымкі і заўсёды ўмелі спыніцца, каб пачуць Твой голас, Пане.