Пачаўся Вялікі Пост – перыяд чакання, разважання, “skupienia”, час, калі кожны з нас спрабуе змяніцца дзеля Хрыста, стаць – падобна Яму – добрым і церпялівым. Робячы сабе якое-небудзь пастанаўленне, на гэты прамежак жыцця, кожны імкнецца ісці да змены штодзённасці і сябе. Даволі цяжка змагацца з мноствам спакусаў, але нам дапамагаюць у гэтым Вялікапосныя рэкалекцыі, да якіх кожны, у тым ліку і я, падрыхтоўваюцца, спрабуюць загаддзя размеркаваць час, каб патрапіць на кожную сустрэчу з Езусам.
Як жа мне было спачатку цяжка, не хацелася ісці, паўсядзённая стомленасць і лянота “спрабавалі выйграць”, але, сабраўшы ўсе сілы і волю, я перамагла сябе, аб чым потым не пашкадавала, бо было даволі цікава і пазнавальна. Група рэкалекцыянiстаў, на чале з айцом Пятром, якая прыехала да нас, закранула самыя актуальныя тэмы нашага часу: сапраўдная хрысціянская сям'я, аборт, узаемаадносіны паміж хлопцамі і дзяўчатамі. Кожная сустрэча і тэмы былі па-свойму захапляючымі і непадобнымі на іншыя, папярэднія. У іх прыводзілася мноства незвычайных довадаў, якія выклікалі ў мяне доўгія дыскусіі з сяброўкамі, і над якімі я доўга задумвалася па дарозе дадому. Рэкалекцыянiсты апавядалi розныя павучальныя, жыццёвыя гісторыі, якія, думаю, прымусілі многіх маладых людзей падумаць і зрабіць патрэбныя высновы, для таго, кааб потым не спатыкнуцца, бо кожны чалавек вучыцца на памылках, чужых і сваіх. Памятаю гiсторыю (якая мне доўгі час не давала супакою) аб дзяўчыне, якая адмовілася ад свайго сына адразу ж пасля родаў, наклікаўшы тым самым на сябе сур'ёзныя праблемы ў наступстве. Бо кожнае дзіця – гэта дар Божы, маленькі цуд, які трэба прымаць з вялікай падзякай і радасцю.
Кожны вечар, прыходзячы дадому, я дзялілася з мамай і знаёмымі сваімі перажываннямі і эмоцыямі ад перажытага за вечар. Мне хацелася расказаць ўсім, запрасіць на сустрэчы, каб змаглі адчуць блізкасць Бога, каб кожны чалавек мог пачуць тое, што ён камусьці патрэбны, такі, які ён ёсць. Хрыстос рады навяртанню самых блудных авечак. Бо Езус вельмі любіць нас усiх і заўсёды чакае!!!
..Гэтыя сустрэчы прымусілі задумацца над жыццём у цэлым, а таксама аб кожным учынку ў асобнасцi, пра мэты і наступствы нашых дзеянняў, пра прычынены боль людзям вакол, якi пакідае непрыемны след у нашых душах. Я зразумела, што трэба змяняцца дзеля Езуса і іншых, нягледзячы ні на што, не здаючыся, бо Бог можа выяўляцца ў другiм чалавеку побач цябе. Трэба працаваць над сабой, каб быць лепшай, спакайнейшай, недзе больш стрыманай, а часам быць упэўненай, навучыцца слухаць і чуць, прымаць тое, пра што кажуць, нават самую непрыемную крытыку. А Хрыстос заўсёды дапаможа ў гэтым, галоўнае даручыцца Яму. Дзякуй усім за час перажыты з карысцю, за малітву і Святую Імшу. Jezu ufam Tobie!!!
Вольга Салосіна