Пілігрымка ў Будслаў адбылася 4 – 5 ліпеня бягучага года з нагоды 400-гадовага юбілею перанясення цудатворнай іконы Маці Божай з Доўгінава ў Будслаў. У пілігрымцы прынялі ўдзел дзве групы вернікаў нашай парафіі. Мы стараліся, як найлепш падрыхтаваць сябе да сустрэчы з Маці Божай Будслаўскай і праз малітву выпрасіць у яе Божыя ласкі для ўсіх веруючых нашай краіны.
Першым прыпынкам нашай пілігрымкі стаў касцёл у Гальшанах (Ашмянскі раён). Касцёл і кляштар францысканцаў быў пабудаваны ў 1618 г. на сродкі П. Сапегі. У гады атэізму касцёл быў ператвораны ў калгасны склад. Помнік архітэктуры за гэтыя гады панёс вялікія страты. Але намаганнямі вернікаў мяняе сваё аблічча, набывае сваю былую веліч. У гальшанскім касцёле мы маліліся, каб маці Божая, мела нас у сваёй апецы, каб яна суправаджала нас у гэтай пілігрымцы, умацоўвала нашу веру.
Другім прыпынкам для нас стала сустрэча з Маці Божай Барунскай. Святыня ў Барунах (Ашмянскі раён) была заснавана ў 1691 г. мясцовым шляхцічам М. Песляком. У касцёле знаходзіцца вядомы ласкамі абраз Маці Божай Барунскай. Найсвяцейшая Маці Божая Барунская была ўшанавана на працягу многіх вякаў (з 1692 г.). Прыходзілі да яе вернікі розных веравызнанняў: грэка-католікі, католікі, праваслаўныя. Маці Божая абдымае ўсіх, хто да яе прыходзіць сваёй апекай, адорвае ласкамі і цудамі. Прад цудоўным абразам Маці Божай Барунскай мы прасілі аб яе заступніцтве:
“Маці Божая Барунская! Май нас у сваёй апецы, абмый ад грахоў сваёй святой вадою!”
Нас уразіў невялікі драўляны касцёл у в. Гудагай (Астравеці раён). У касцёле знаходіцца абраз Маці Божай, звязанай са шкаплерным набажэнствам. Маці Божую Гудагайскую ўшаноўвае не толькі мясцовае насельніцтва, аде і вернікі з другіх парафій. Яны прыходзяць сюды, каб папрасіць дапамогі і абароны для сябе, для сваіх блізкіх. І Маці Божая дапамагае. Аб гэтым яскрава сведчаць каштоўныя воты, ахвяраваныя вернікамі ў падзяку за атрыманыя ласкі:
“ Усемагутны вечны Божа! Просім цябе, каб дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Маці Божай і Каралевы святога шкаплера ўсё наша жыццё трывала ў тваёй прысутнасці. Табе аддаём свой лёс! “ - такімі словамі мы развіталіся з Маці Божай Гудагайскай.
Затым мы наведалі Троіцкі касцёл у Гервятах, што ў Астравецкім раёне. Касцёл мае цудоўны выгляд. Пабудаваны ў 1903 годзе ў неагатычным стылі. У касцёле адбылася Святая Імша для пілігрымаў, якую адправіў а. Д. Лабкоў, пробаршч нашай парафіі. Мы маліліся аб патрэбных ласках для вернікаў, аб удалай пілігрымцы ў Будслаў. Пасля наведвання Гервяцкага касцёла мы адправіліся ў далейшае падарожжа.
Будслаў…У нацыянальны Санктуарый Маці Божай прыбываюць пілігрымы з усіх куткоў Беларусі, а таксама з-за мяжы. У гэтым годзе на Будслаўскае свята сабралася 40 тысяч вернікаў. У базыліцы знаходзіцца цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай. Напісаны ў 1598 г., падарваны Папам Клеменсам III мінскаму ваяводзе Яну Пацу. Пасля смерці Паца абраз быў ахвяраваны Будслаўскаму касцёлу.
Будслаўская святыня, адна з нямногіх, што захавала свой першапачатковы арыгінальны выгляд з часу пабудовы ў 1783 годзе. У часы “ваяўнічага атэізму” касцёл быў зачынены, але яго нават не спрабавалі перабудаваць, не знішчылі. Гэта адно з самых вялікіх цудаў, звязаных з гэтай святыняй.
Прыбыўшы ў Будслаў, мы адправіліся на сустрэчу з Маці Божай Будслаўскай. Нас уразіў спагадлівы позірк Маці Божай. Гэты позірк глыбока пранік у нашы сэрцы. Маці Божая як бы абдымае кожнага, хто прыходзіць да яе. Пілігрымы са слязамі на вачах маліліся перад абразам:
“Вітана будзь, Маці Божая Будслаўская !
Заступніца нашага роднага краю!
Суцяшальніца сэрцаў засмучаных!
Надзея народа беларускага!
Беражы Айчыну нашу, нашы сем’і і дзяцей – будучыню нашу!
Табе давяраем, тваёй апецы аддаемся!”
Мы прынялі ўдзел у Нешапарах, Крыжовым шляху, Рахунку суменя.
Усе пілігрымы прысутнічалі на Святой Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля распачалося ўсяночнае чуванне: Адарацыя. Гадзінкі да Найсвяцейшай Маці Божай, Ружанец. І кульмінацыя – Святая Імша – 6 ліпеня. Літургію ўзначаліў легат Святога Айца Францішка, кардынал Жан-Луі Таран. Яго словы былі вельмі глыбокімі і ўзнёслымі. Ён перадаў папскае благаслаўленне для ўсіх вернікаў, якія сабраліся ў Будславе. Нас перапаўнялі гонар і радасць за нашу краіну.
Пілігрымка ў Будслаў споўніла сваё прызначэнне: самае вялікае шчасце – гэта любіць Бога, адкрыць сваё сэрца на Божую любоў праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці Божай. Жыць з Богам і для Бога.
Мы вельмі ўдзячны пробаршчу нашай парафіі а. Дзімітрыю за арганізацыю пілігрымкі.
Тарэса Шабунька