Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!
Сёння мы адзначаем у літургіі Касцёла першую нядзелю Вялікага посту. Як і штогод, Касцёл запрашае сваіх вернікаў перажыць бліжэйшыя сорак дзён у духу шчырага пакаяння, кампенсацыі за грахі і ўнутранага навяртання.
Вельмі яскрава гэтае запрашэнне прагучала ў мінулую сераду, якая завецца Папяльцовай, калі кожны ўдзельнік святой Імшы быў пасыпаны благаслаўлёным попелам і пачуў скіраваныя да яго словы святара: «Памятай, што ты пыл і ў пыл вернешся», або «Навяртайцеся і верце ў Евангелле». Такім чынам літургія Касцёла нагадвае нам пра дзве фундаментальныя праўды, якія датычацца кожнага, без выключэння, чалавека: пра крохкасць і пераменнасць зямнога жыцця і пра неабходнасць пастаянна рабіць намаганні, каб гэтае зямное жыццё выпраўляць, удасканальваць, упарадкоўваць і скіроўваць да Бога. Гэтыя дзве праўды цесна звязаны між сабой. Толькі праз асабістае навяртанне і веру ў Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу, мы маем магчымасць стаць удзельнікамі пасхальнай таямніцы, бо толькі Сын Божы, які за нас памёр і ўваскрос, мае моц перамяніць наша цела, якое падпарадкавана граху, на падабенства свайго хвалебнага Цела і адарыць нас радасцю вечнага жыцця. Вялікі пост, які павінен нас падрыхтаваць духоўна да радасці велікодных святаў, — гэта шанц, каб мы сталі перад сабой у праўдзе, зірнулі на наша жыццё і паспрабавалі нанава адкрыць яго сэнс у святле веры і збаўчай справы, здзейсненай Хрыстом.
Прачытаны сёння фрагмент Евангелля прадстаўляе нам Езуса ў пустыні. Сын Божы, перш чым распачаць сваю публічную дзейнасць, сорак дзён пасціўся і спакушаўся д’яблам. Калі Сына Божага спакушалі, то не трэба дзівіцца, што і мы падпарадкаваныя спакусам. Тры спакусы, пра якія кажа нам сённяшняе Евангелле, з’яўляюцца своеасаблівым кароткім зместам адвечнай стратэгіі шатана, яго хітрых спробаў, каб любым коштам перашкодзіць нашым адносінам з Богам, адвесці нас ад паслухмянага выканання волі Нябеснага Айца і схіліць да вынясення ўласнага «я» на першае месца ў жыцці.
«Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам» (Лк 4, 3). Гэтай першай спакусе мы паддаемся кожны раз, калі ставім матэрыяльныя, зямныя, прамінальныя каштоўнасці над тым, што духоўнае і Божае. Пан Езус асцерагае нас ад матэрыяліцкай ментальнасці, ад памылкі, што багацце, улада, матэрыяльны дабрабыт, прыемнасці, забавы або якіясьці іншыя каштоўнасці гэтага свету здольныя нас ашчаслівіць і наталіць голад нашай душы. «Не хлебам адным будзе жыць чалавек» (Лк 4, 4), — адказвае Пан Езус шатану, асцерагаючы нас ад небяспекі ігнаравання духоўных справаў. Так, хлеб вельмі патрэбны, нават неабходны, мы павінны яго здабываць, але ён не можа стаць адзінай мэтай нашага жыцця, адзіным аб’ектам нашых жаданняў, найбольшай каштоўнасцю, якой варта прысвяціць усё. Яшчэ больш, чым пасілак для цела, нам патрэбны пасілак духоўны, якім з’яўляецца Божае слова.
Другая спакуса аддаць паклон шатану ўзамен за ўсе валадарствы свету — гэта спакуса рознага кшталту ідалапаклонства, ці аддавання пашаны стварэнню замест Стварыцеля. Мы паддаемся ёй тады, калі імкнемся панаваць над іншымі, калі шукаем гонару і пахвал, калі атрыманыя поспехі прыпісваем выключна сабе, калі, аслепленыя пыхай, спрабуем усё, нават духоўныя дары, скіраваць на ўласную хвалу. «Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць» (Лк 4, 8), — нагадвае нам Езус, супраціўляючыся гэтай спакусе.
«Калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз» (Лк 4, 9), — спакушае шатан у трэці раз, спрабуючы схіліць Езуса паставіць Пана Бога пад выпрабаванне. Гэта спакуса пыхі і здабыцця вядомасці, дасягання мэтаў — нават добрых — без увагі да сродкаў, танным коштам, ідучы кароткім шляхам. Мы падвяргаемся ёй кожны раз, калі адчуваем у сабе жаданне навязаць Пану Богу нашу волю, калі, здзяйсняючы нейкую дзейнасць, разлічваем на дасягненне імгненнага поспеху, калі нам не хапае духу прысвячэння і ахвяры, калі мы не з’яўляемся цярплівымі і трывалымі ў пакорным імкненні да пастаўленай мэты. «Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго» (Лк 4, 12), — адказвае Пан Езус, вучачы нас патрэбе пакоры і сыноўняга даверу да Бога, не чакаючы пры гэтым ад Яго нічога ўзамен. Гэтае павучанне Езуса асабліва актуальнае тады, калі мы адчуваем сябе згубленымі, прыгнечанымі, калі раптам сутыкаемся з нейкім цяжкім досведам, які становіцца вышэй за нас, і калі маем уражанне, што Пан Бог пра нас забыўся.
З сённяшняга Евангелля мы можам атрымаць урок, што спакусы самі па сабе не грэх, пакуль мы ім не паддаемся, гэта значыць пакуль не дазволім, каб яны абяззброілі наш розум і волю.
Заўважым, што Езуса прывёў у пустыню Дух Святы (Лк 4, 1). Для Езуса спакушэнне ў пустыні стала нагодай атрымаць патройную перамогу над шатанам і ўмацаванне ў Божым сыноўстве, у адносінах бязмежнага даверу да Нябеснага Айца і поўнай паслухмянасці Яго волі.
У перыяд Вялікага посту Дух Святы запрашае таксама і нас вырушыць у пустыню, каб разам з Езусам стаць на барацьбу з шатанам і каб моцай веры перамагчы адвечнага ворага нашага збаўлення.
Паклапоцімся, каб Вялікі пост, які распачынаецца, быў сапраўды часам нашага духоўнага выхаду ў пустыню.
Свет, у якім мы жывем, напоўнены шумам, мітуснёй, пастаянным патокам інфамацыі, якая пранікае ў нашае жыццё праз тэлебачанне, радыё, інтэрнэт, рэкламу. Мы з цяжкасцю паспяваем за тэмпам жыцця, які ўсё паскараецца, наракаем на недахоп часу, на фізічную, псіхічную і духоўную стомленасць. У той жа час, каб сустрэць Бога, пачуць Яго голас, задумацца ў святле Божага слова над уласным жыццём, нам патрэбна цішыня, засяроджанасць, маўчанне.
Паклапоцімся, каб у сёлетні Вялікі пост не было ў нас недахопу часу на штодзённую малітву, найлепш супольную з сям’ёй, на чытанне Святога Пісання, на ўдзел у нядзельной святой Імшы і на хвіліну адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пастараемся ўдзельнічаць у традыцыйных велікапосных набажэнствах Крыжовага шляху і Песняў жальбы, якія дапамагаюць нам яшчэ глыбей перажыць пасхальную таямніцу збаўчай мукі, смерці і хвалебнага Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Ужо сёння так расплануем свой час, каб мы маглі прыняць удзел у парафіяльных рэкалекцыях. Не забудземся прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб з чыстым сэрцам, адноўленым і асвячаным Божай ласкай, прыняць Езуса Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі.
Дарагія браты і сёстры! У Папяльцовую сераду мы распачалі наш велікапосны шлях праз пустыню на сустрэчу з Хрыстом Уваскрослым. Ад нас саміх у вялікай меры залежыць, як мы перажывем гэты час ласкі: ці ўзбагацімся духоўна, ці наблізімся да Хрыста і ці штосьці ў нашым жыцці зменіцца да лепшага. Таму прымем моцна ў сэрцы словы Папы Францішка з сёлетнага Паслання на Вялікі пост:
«Не дазволім, каб гэты благаслаўлёны час прайшоў бясплённа! Будзем прасіць Бога, каб дапамог нам стаць на шлях сапраўднага навяртання. Адкінем эгаізм і засяроджанасць на сабе, а будзем углядацца ў Пасху Езуса; наблізімся да братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, дзелячыся з імі нашымі духоўнымі і матэрыяльнымі дабротамі. Такім чынам, прымаючы ў канкрэтных сітуацыях нашага жыцця перамогу Хрыста над грахом і смерцю, скіруем Яго перамяняльную моц таксама на ўсё стварэнне».
Жадаю вам усім, дарагія дыяцэзіяне, плённага перажывання Вялікага посту, у духу сапраўднага пакаяння і навяртання. Даручаю кожнага з вас мацярынскай апецы Марыі, Маці Міласэрнасці, і ўсіх з сэрца благаслаўляю.
+ Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі