Пастырскія лісты

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча  на новы навучальны і катэхетычны год 2022 - 2023

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на новы навучальны і катэхетычны год 2022 - 2023

У гэтыя дні мы асаблівым чынам атачаем малітвай наймалодшых вернікаў нашай дыяцэзіі, якія пасля перапынку летніх канікул пачалі новы навучальны год. Нашы школы і гімназіі, ліцэі і вучылішчы, інстытуты і ўніверсітэты быццам зноў ажылі, адчынілі свае дзверы перад дзецьмі і моладдзю, даючы ім магчымасць здабываць веды і ўменні, якія дазволяць сённяшнім вучням і студэнтам ужо праз некалькі гадоў увайсці адпаведна падрыхтаванымі ў дарослае, самастойнае жыццё. Усе мы ведаем, наколькі важная і патрэбная навука ў школе ці іншай установе, як шмат яна патрабуе часу, намаганняў, асабістай дысцыпліны, таму падтрымліваем нашых дзяцей і моладзь малітвай, жадаючы ім шмат сіл, матывацыі і трываласці ў штодзённай працы.

У нашых малітвах мы памятаем таксама пра настаўнікаў, выхаваўцаў і выкладчыкаў, якія з вялікай адданасцю і асабістай зацікаўленасцю перадаюць веды сваім вучням і студэнтам. Гэта незвычайна важная і ганаровая задача – вучыць, выхоўваць сэрцы і розум маладога пакалення, рабіць яго чулым да сапраўдных каштоўнасцяў словам і асабістым прыкладам. Няма сумнення, што занятак настаўніка ці выхаваўцы заслугоўвае найвышэйшай павагі, а пра настаўніцкую працу належыць казаць у катэгорыях служэння і паклікання. Сёння, на парозе новага навучальнага года, жадаю вам усім, шаноўныя настаўнікі, выкладчыкі і выхаваўцы, Божага благаслаўлення і святла Духа Святога ў выкананні вашай вельмі важнай і адказнай місіі для дабра як дзяцей і моладзі, так і ўсяго грамадства.

З пачаткам навучальнага года пачынаецца таксама сістэматычная катэхізацыя ў парафіях. Яе мэта відавочная: у працэсе сталення і разумовага развіцця дзіцяці, калі яно ўсё лепш і глыбей разумее навакольны свет, трэба таксама даць яму магчымасць усё лепш знаёміцца з праўдамі веры і паглыбляць асабістыя адносіны з Богам. Падобна як недаравальнай крыўдай для дзіцяці было б абмежаванне вучобы ў школе да чытання, пісьма і рашэння самых простых арыфметычных задач, так годная шкадавання сітуацыя, калі вера і рэлігійныя веды дзіцяці ці маладога чалавека застаюцца на ўзроўні мінімуму, неабходнага для прыняцця Першай святой Камуніі.

Усе мы сведкі таго, як у сучасным свеце сутыкаюцца адзін з адным розныя светапогляды і разнастайныя сістэмы каштоўнасцяў. Асновы хрысціянскай веры і ўніверсальныя маральныя прынцыпы часта ставяцца пад сумненне і становяцца прадметам дыскусій. Каб вытрываць у веры, якую вызнаём, і не даць захапіць сябе фальшывым вучэнням, сучасны хрысціянін павінен добра ведаць Божае слова і асноўныя праўды веры, а найперш берагчы сваю асабістую духоўную сувязь з Езусам Хрыстом. Таму актуальным застаецца заклік з Першага паслання святога апостала Пятра: “Хрыста Пана свяціце ў сэрцах вашых, будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею” (1П 3,15).

Парафіяльная катэхізацыя праз выкарыстанне адпаведна распрацаваных катэхетычных праграм, дастасаваных да ўзросту і адукацыйных магчымасцяў вучняў, упарадкаваным і сістэматычным спосабам знаёміць дзіця ці маладога чалавека з найважнейшымі праўдамі веры, як і спрыяе развіццю яго асабістай пабожнасці, малітоўнага жыцця, свядомага і плённага карыстання святымі сакрамэнтамі. Катэхізацыю звычайна праводзяць духоўныя або свецкія асобы, адпаведна падрыхтаваныя да гэтага, упаўнаважаныя дыяцэзіяльным біскупам, што з’яўляецца дадатковай гарантыяй правамоцнасці і надзейнасці ведаў, якія яны перадаюць дзецям.

У гэтым месцы звяртаюся да вас, дарагія бацькі, з гарачай просьбай даць магчымасць вашым дзецям наведваць парафіяльныя ўрокі катэхезы. Удзел у катэхізацыі не можа быць абмежаваны толькі падрыхтоўкай дзіцяці да першай споведзі і святой Камуніі, а павінен ахопліваць увесь перыяд атрымання навукі ў школе, да самых экзаменаў на атэстат сталасці. Гэта вельмі важны маральны абавязак, які вы ўзялі на сябе публічна, просячы супольнасць Касцёла аб хросце для вашага дзіцяці. На жаль, некаторыя бацькі ўхіляюцца ад гэтага абавязку, апраўдваючыся празмернай абцяжаранасцю дзіцяці вучобай у школе, факультатыўнымі заняткамі, наведваннем рэпетытараў, спартыўных секцый і інш. У такой сітуацыі варта задаць сабе пытанне, ці не парушаюць такія разважанні сапраўднай іерархіі каштоўнасцяў і ці не ставім мы другарадныя справы на месца таго, што павінна быць для нас як хрысціян найважнейшым. Думаю, што шчыры і сумленны адказ на гэтае пытанне дапаможа прыняць правільныя рашэнні і зрабіць належны выбар.

Хацеў бы таксама нагадаць вам, дарагія бацькі, што, як чытаем у Апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia Папы Францішка, “сям’я – гэта месца, дзе бацькі становяцца для сваіх дзяцей першымі настаўнікамі веры. Гэта тая задача, якую яны выконваюць сваімі сіламі, асоба вучыць асобу. «Калі ў будучым сын твой спытаецца ў цябе [...], адкажаш яму» (Зых 13,14). […] Бацькі маюць абавязак дакладна выконваць сваю адукацыйную місію, як часам вучаць біблійныя мудрацы” (AL, 16-17). Таму прашу вас, дарагія бацькі, выхоўваць дзяцей у духу веры, найперш праз ваша асабістае сведчанне малітвы, карыстання святымі сакрамэнтамі, штодзённага жыцця паводле вучэння Хрыста. Няхай гэтая першая, базавая катэхізацыя, якая здзяйсняецца штодзённа ў “хатнім Касцёле”, значыць ва ўласных сем’ях, будзе грунтоўным фундаментам, на якім вашы дзеці стануць будаваць дзень за днём сваё будучае дарослае жыццё.

Падтрымліваю вас, дарагія бацькі, маёй малітвай у працы выхавання маладога пакалення, у асабістым сведчанні веры і любові да Хрыста, у штодзённым асвячэнні і ўмацаванні вашага “хатняга Касцёла” праз ахвяру ўласнага жыцця, якую велікадушна прыносіце.

Усім вам, дарагія катэхеты, настаўнікі, выкладчыкі і выхаваўцы, у новым навучальным і катэхетычным годзе жадаю Божага благаслаўлення, святла Духа Святога, духоўных і фізічных сіл, а таксама шчодрасці ўсялякіх ласкаў у дзяленні не толькі ведамі, але і праўдай і дабром, з тымі, да каго пасылае вас Пан Бог.

A вас, дарагія дзеці і ўмілаваная моладзь, заахвочваю да добрага, плённага выкарыстання часу і ўсіх магчымасцяў, якія прынясе вам новы навучальны і катэхетычны год. Прымайце з радасцю і ўдзячнасцю ўсё тое, што будзе служыць вашаму дабру ўжо ў недалёкай будучыні. Будзьце руплівымі і працавітымі. Памятаю пра вас у маіх малітвах і даручаю вас заступніцтву св. Станіслава Косткі, апекуна дзяцей і моладзі.

Усіх вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, ад усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі

№ 227/22, Гродна 16.09.2022.