Пастырскія лісты

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды 100-годдзя прыбыцця ў Гродна св. Максімільяна Марыі Кольбэ

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Гісторыя ХХ стагоддзя ведае шмат выбітных людзей, якія ўнеслі велізарны ўклад ва ўтварэнне сучаснай цывілізацыі і сучаснага свету, заснаванага на фундаменце хрысціянскіх каштоўнасцяў. Няма сумнення, што ў ліку гэтых людзей св. Максімільян Кольбэ. Калі здавалася, што ззянне Божага святла гасне сярод цемры гневу, нянавісці і насілля, якія прынеслі падзеі мінулага стагоддзя, ён сваім жыццём даў сведчанне сапраўднай веры і любові, пайшоўшы на смерць за іншага чалавека.

Сёлета 20 кастрычніка прыпадае 100-годдзе з часу прыбыцця св. Максімільяна ў Гродна. Айцец Кольбэ быў накіраваны ў францішканскі кляштар у 1922 годзе і выконваў выдавецкае і душпастырскае служэнне да 1927 года. З гэтай нагоды хачу засяродзіць увагу на яго асобе, каб яшчэ больш распаліць нашы сэрцы любоўю да святых і іх прысутнасці ў нашым жыцці, а таксама да наследавання іх учынкаў у штодзённасці.

Раймунд – такое імя а. Максімільян атрымаў падчас святога хросту – нарадзіўся ў Здуньска-Волі, затым выхоўваўся ў Лодзі і Паб'яніцэ. Яго бацькі, Юліюш Кольбэ і Марыя з дома Дамброўскіх, паходзілі з сем'яў ткачоў. Атмасфера ў родным доме Раймунда была напоўнена пабожнасцю, спачуваннем і павагай да іншага чалавека, пра што сведчаць канкрэтныя падзеі з іх жыцця. Калі яны адкрылі краму з прадметамі штодзённага ўжытку, часта даючы тавары ў крэдыт, каб падтрымаць бедных і патрабуючых, то хутка абанкруціліся.

Калі Раймунду было каля 10 гадоў, яму аб'явілася Маці Божая. Мама святога апісвае гэтую падзею так: „Аднойчы мне штосьці ў ім не спадабалася, і я сказала яму: „Мундзю, не ведаю, што з цябе будзе”. Пазней Раймунд распавёў мне: „Калі мама мне сказала: „што з цябе будзе”, я прасіў Маці Божую, каб сказала мне, што ж з мяне будзе. І потым, калі быў у касцёле, зноў Яе прасіў. Тады Маці Божая паказалася мне, трымаючы дзве кароны – адну белую, а другую чырвоную. Яна з любоўю на мяне паглядзела і спытала, ці хачу гэтыя кароны. Белая азначае, што вытрываю ў святасці, а чырвоная – што буду мучанікам. Я адказаў, што хачу. Тады Маці Божая ласкава на мяне зірнула і знікла”.

У 1907 г. Раймунд пачаў вучобу ў францішканаў у Львове. Пасля яе заканчэння вырашыў уступіць у Ордэн Братоў Меншых Канвентуальных. Разам з хабітам ён атрымаў імя Максімільян. Сабраты здзіўляліся яго манаскай руплівасці. Калі ён быў у Рыме, куды яго на далейшую вучобу накіравалі настаяцелі ордэна, яго ўсё больш ахоплівала жаданне служыць Беззаганнай. Узрушаны гвалтоўнымі маніфестацыямі супраць Папы, якія адбыліся на вуліцах Рыма ў 1917 г., ён заснаваў таварыства „Рыцарства Беззаганнай”. Святы Максімільян хацеў быў прыладай у руках Маці Божай, каб з дапамогай Марыі перамагаць усялякае зло і прысвячаць увесь свет Хрысту.

З'яднанне з Богам і любоў да Маці Божай прынеслі плёны ў жыцці а. Максімільяна. На рэкалекцыях у 1920 годзе ён зрабіў пастанову: „Я павінен быць святым як мага больш” – i сапраўды паслядоўна выконваў гэтую пастанову.

20 кастрычніка 1922 г. святы прыехаў у Гродна. Падчас свайго пяцігадовага прабывання ў гродзенскім кляштары ён заснаваў уласную друкарню, дзе штомесяц выдаваў 60 тысяч экземпляраў часопіса „Рыцар Беззаганнай”. Падчас прабывання ў Гродне а. Максімільян ахрысціў 58 чалавек, здзейсніў 26 пахаванняў і благаславіў 5 сужэнскіх саюзаў, адначасова вёў урокі катэхезы ў школе ў Ласосне. У памяці вернікаў Гродна св. Максімільян застаўся як чалавек незвычайны, поўны веры і адданы Маці Божай.

З Гродна св. Максімільян вырушыў у ваколіцы Варшавы, дзе стварыў самы вялікі ў свеце кляштар – Непакалянаў, які налічвае каля 800 законнікаў. У склад гэтага кляштарнага комплекса, прысвечанага Маці Божай, уваходзіла 46 будынкаў, разнастайных майстэрняў і аб'ектаў, у тым ліку лесапільня, каманда камінараў, майстэрня фігурак і вітражоў, пякарня, кухня, пажарная каманда, друкарня і ўласная радыёстанцыя. У кляштары былі таксама манаскі ўрач, стаматолаг, шавец і кравец, які штогод расходаваў 13,5 км чорнай тканіны на хабіты.

Выбух Другой сусветнай вайны ў 1939 г. забраў у свету мір, пачуццё годнасці і бяспекі. Святы Максімільян стаў для Германіі вялікай пагрозай, бо меў магутны кляштар, друкарню і ўласнае радыё, дзякуючы чаму дасягаў з інфармацыяй вялікай колькасці людзей. З-за шматлікіх публікацый незалежнага духу ён быў арыштаваны і накіраваны ў канцэнтрацыйны лагер у Аўшвіцы.

Многія запомнілі яго ў лагеры як чалавека, поўнага веры і ўнутранага міру. Вязні казалі пра яго: „Ён тайна спавядаў, удзяляў святую Камунію, ставячы пад пагрозу сваё жыццё, і дзяліўся скарынкай хлеба з галоднымі”.

Пад канец ліпеня 1941 г. з лагеру ўцёк адзін з вязняў. У адказ на ўцёкі немцы выбралі дзесяць чалавек, каб аддаць на галодную смерць. Адным з выбраных быў Францішак Гаёўнічак – муж і бацька двух сыноў. Калі вязень у роспачы пачаў прасіць гітлераўцаў аб літасці, з чаргі выйшаў а. Максімільян і сказаў, што з'яўляецца каталіцкім святаром і хоча аддаць жыццё ўзамен за гэтага чалавека. Нямецкія салдаты згадзіліся на такую замену, і замест Гаёўнічка ў камеру смерці трапіў а. Максімільян.

З камеры смерці, у якой знаходзіўся святы, не было чуваць нараканняў, замест гэтага штодзённа чуліся малітвы, Ружанец і спевы, да якіх далучаліся таксама вязні з суседніх камер.

Святы Максімільян Кольбэ скончыў зямное жыццё апошнім з асуджаных 14 жніўня 1941 г. Яго цела было спалена ў крэматорыі на наступны дзень. 17 кастрычніка 1971 г. Папа Павел VI абвясціў а. Максімільяна благаслаўлёным, а 10 кастрычніка 1982 г. Папа Ян Павел ІІ далучыў яго да шэрагу святых мучанікаў Каталіцкага Касцёла і назваў мучанікам любові.

Святы Максімільян прысвяціў сябе выключнаму служэнню Богу праз Беззаганную, а ў канцы аддаў жыццё за бацьку сям'і. Ян Павел ІІ назваў яго апекуном нашых складаных часоў, якія мы перажываем зараз. „Tолькі любоў стварае”, – казаў св. Максімільян, таму сёння мы просім яго аб заступніцтве і апецы з неба для ўсёй дыяцэзіі, духавенства і ўсіх вернікаў. Няхай ён вучыць нас, як жыць верай кожны дзень у тых умовах, у якіх кожны з нас знаходзіцца – у нашых сем'ях, супольнасцях, месцах працы. Няхай вучыць нас поўнаму даверу Маці Божай. Няхай вучыць нас, што сілай чалавека з'яўляецца любоў, якая ўсё перамагае.

На плённае святкаванне юбілею 100-годдзя прыбыцця св. Максімільяна ў Гродна ў духу малітвы, разважання над яго прыгожым жыццём і паглыблення духоўнага запавету, які ён пакінуў Касцёлу і ўсёй чалавечай сям'і, усіх вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, ад усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі

Гродна, 06.10.2022, № 240/22