Пастырскія лісты

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча  на Першую нядзелю Адвэнту 2022 года

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на Першую нядзелю Адвэнту 2022 года

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Сёння, у Першую нядзелю Адвэнту, мы распачынаем у Касцёле новы літургічны год. Мы сімвалічным чынам адзначаем пачатак чарговага этапу нашага жыцця, рытм якога будзе вызначацца літургічнымі перыядамі, што змяняюць адзін аднаго, а таксама касцёльнымі ўрачыстасцямі і святамі. Праз свядомы ўдзел у літургіі мы зможам зноў паразважаць над найважнейшымі падзеямі гісторыі збаўлення, а адначасова нагадаць сабе праўду пра тое, што Божая справа збаўлення чалавецтва – гэта таксама наша асабістая гісторыя, бо кожны з нас, без выключэння, мае ў гэтым Божым плане сваё месца і ўдзел.

У Адвэнт літургія Касцёла пераносіць нас у часы чакання Ізраэлем прыйсця Збаўцы. У гэтым чаканні дамінуе настрой тугі і надзеі. Святое Пісанне прадстаўляе нам гісторыю выбранага народу як сведчанне асаблівай любові Пана Бога, Яго клапатлівай апекі і нястомнай дапамогі. Адначасова мы можам сцвярджаць, што не адзін раз у гісторыі вера народу Ізраэля ставілася на выпрабаванне праз розныя балючыя досведы: войны і выгнанні, падзелы і ўнутраны непакой, рэлігійныя і маральныя крызісы. Перад абліччам усіх гэтых выклікаў Пан Бог нястомна скіроўвае да свайго народу слова суцяшэння і падбадзёрвання, якое з’яўляецца таксама пасланнем надзеі і веры. Адно з такіх пасланняў, якое абвяшчалася прарокам Ісаяй, мы чуем у сённяшнім першым чытанні: “Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана у дом Бога Якубава […] І будзе Ён судзіць плямёны, і асудзіць многія народы; і перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы. Не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць. Доме Якуба! Прыйдзіце, і пойдзем у святле Пана!” (Iс 2, 3-5).

Святло, па якім сумавалі і якога чакалі незлічоныя пакаленні ізраэлітаў, прыйшло ў свет у Асобе Езуса Хрыста, Сына Божага. “Святло для асвятлення язычнікаў i хвала народу Твайго Ізраэля” (Лк 2, 32), – усклікае ў захапленні старац Сімяон, беручы ў абдымкі Дзіцятка Езуса, прынесенае Марыяй і Юзафам у Ерузалемскую святыню. “Я – святло свету, – скажа пазней Пан Езус. – Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8, 12).

Перыяд Адвэнту духоўна рыхтуе нас да радаснай сустрэчы з Езусам Хрыстом у таямніцы Яго Нараджэння. Сімволіка святла, якую выкарыстоўвае адвэнтавая літургія і традыцыя, з’яўляецца напамінам для нас, хрысціянаў, што мы былі пакліканы і заахвочаны ісці за Езусам Хрыстом шляхам святла, значыць Яго Евангелля. Падобна як запалены агонь рассейвае навакольную цемру, так навука Хрыста, калі мы яе прымаем усім сэрцам і рэалізуем у жыцці, становіцца святлом, якое перамагае ўсялякую цемру зла і граху, як у нас саміх, так і вакол нас.

Таму сёння, на пачатку Адвэнту, мы чуем заклік святога апостала Паўла з паслання да Рымлянаў: “Настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну. […] Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці” (Рым 13, 11-13).

У святле гэтых слоў мы разумеем, чаму ў хрысціянскай традыцыі радаснае чаканне Нараджэння Езуса Хрыста злучана з заклікам да духоўнай чуйнасці, адкрыцця сэрца на ласку навяртання і прыняцця высілку маральнага аднаўлення. Гэта не супярэчыць радасці адвэнтавага чування, наадварот: толькі сэрца “новае”, паяднанае з Богам, вызваленае з цемры зла і змроку граху, можа ва ўсёй паўнаце адчуць і перажыць радасць сустрэчы з яркім святлом Збаўцы, які прыходзіць.

Дарагія браты і сёстры! Перыяд Адвэнту, які распачынаецца сёння, – гэта нагода і запрашэнне прыняць у духоўным жыцці рашэнні і пастановы, якія дапамогуць нам унутрана перамяніцца і ўзбагаціцца, яшчэ больш наблізіцца да Хрыста, паглыбіць уласную веру, дазволіць, каб святло Яго навукі асвятліла нашу штодзённасць. Таму на пачатку гэтага асаблівага часу заахвочваю вас перажыць яго свядома і дзейсна, у духу навяртання і супрацоўніцтва з Божай ласкай.

Магчыма, не адзін з нас адчуе ў сабе духоўную патрэбу ў аднаўленні і ажыўленні сваёй эўхарыстычнай пабожнасці. Пасля доўгага перыяду абмежаванняў, звязаных з эпідэміяй каранавірусу, нам здаецца вельмі лёгкім даць самім сабе дыспенсу ад удзелу ў нядзельнай святой Імшы, апраўдваючыся перад сабой клопатам пра здароўе ўласнае і іншых, тым больш што ёсць магчымасць “глядзець” Імшу ў інтэрнэце. Няхай перыяд Адвэнту дапаможа нам зноў адкрыць прыгажосць і радасць непасрэднага ўдзелу ў Эўхарыстыі, якога не здольная замяніць ніводная медыйная трансляцыя.

Добрай адвэнтавай традыцыяй з’яўляюцца раратнія святыя Імшы, на якіх збіраецца шмат не толькі дзяцей, але і дарослых парафіян, што жадаюць такім чынам ушанаваць Божую Маці Марыю. Пастараемся ж, каб на сёлетніх Раратах не адсутнічалі таксама і мы, і нашы хатнія, а асабліва дзеці і моладзь.

Aдвэнт багаты на розныя мерапрыемствы дабрачыннага характару, якія маюць мэтай аказаць дапамогу самым бедным і слабым членам нашага грамадства. Пастараемся ж па меры магчымасці дзяліцца тым, што маем, з найбольш патрабуючымі, памятаючы, што ў іх асобах сустракаем самога Хрыста.

У час адвэнтавага чакання прыйсця Пана многія хрысціяне бяруць на сябе розныя адмаўленні: адмаўляюцца ад гучных забаваў і гульняў, устрымліваюцца ад ужывання алкаголю, абмяжоўваюць карыстанне інтэрнэтам ці прагляд тэлевізара. Такога кшталту пастановы маюць вялікую каштоўнасць: умацоўваюць і загартоўваюць волю, робяць больш чулымі да духоўных вартасцяў, дапамагаюць у барацьбе з залежнасцямі і вызваленні ад іх.

У многіх парафіях арганізуюцца адвэнтавыя рэкалекцыі і дні засяроджання. Пастараемся ж так распланаваць свой час, каб узяць у іх актыўны ўдзел.

Не будзем забывацца прыступіць у Адвэнт да сакрамэнту паяднання, каб, вызваленыя з граху і напоўненыя асвячальнай ласкай, мы маглі з радасцю адзначаць святы Нараджэння Пана.

У Евангеллі, якое чытаецца сёння, мы чуем, як Пан Езус заахвочвае сваіх вучняў, а значыць і кожнага з нас, да чуйнасці перад абліччам праўды пра Яго паўторнае прыйсце: “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. […] будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце” (Mц 24, 42.44). У святле гэтых слоў Хрыста ўсё наша жыццё набывае “адвэнтавае” вымярэнне: яно з’яўляецца чаканнем сустрэчы са Збаўцам, які прыходзіць. Таму няхай добра пражыты перыяд Адвэнту яшчэ лепш дапаможа нам штодзённа прабываць з Хрыстом у чуйнасці, каб кожную хвіліну мы былі падрыхтаваныя да сустрэчы з Ім у вечнасці.

На глыбокае, поўнае веры і асабістай адданасці, багатае духоўнымі плёнамі перажыванне Адвэнту, які распачынаецца, і на радасць сустрэчы з Езусам Хрыстом, які прыходзіць да нас у таямніцы Яго Нараджэння, усіх вас, дарагія браты і сёстры, з усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі

Гродна, 23 лістапада 2022 г.