Пастырскія лісты

Слова арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусеіча на Адвэнт 2022 года

Слова арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусеіча на Адвэнт 2022 года

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Адвэнтам распачынаецца новы Літургічны год — наша традыцыйная пілігрымка па гісторыі збаўлення. Гэты літургічны перыяд запрашае нас засяродзіцца на першым гістарычным прыйсці Езуса ў свет, паразважаць над Яго штодзённым прыйсцем у нашае жыццё праз Божае слова і сакрамэнты, хрысціянскую культуру і справы міласэрнасці, а таксама аб Яго другім прыйсці напрыкацы часоў, каб судзіць жывых і памерлых.

2. Божае слова, якое Касцёл прапануе нам у перыяд Адвэнту, заклікае нас да мудрага і разважлівага перыжывання гэтага часу. Яно ўвайшло ў рэчаіснасць зямнога жыцця і адначасова выходзяць па-за яго межы; таксама паказвае два вымярэнні нашага жыцця — часовае і вечнае. Ніводнага з іх нельга ігнараваць. Гэта азначае, што на часовасць мы павінны глядзець з перспектывы вечнасці і ў той жа час ісці да вечнасці праз часовасць. На авансцэне Адвэнту знаходзіцца святы Ян Хрысціцель з ягоным заклікам: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» і «Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму» (Мц 2, 2.3). Езус папярэджвае аб неабходнасці пільнай падрыхтоўкі да сустрэчы з Ім у дзень завяршэння нашага зямнога жыцця. Ён нагадвае нам, як у часы Ноя людзі, якія не пакаяліся, былі знішчаны патопам, і як злодзей рабуе дом гаспадара, калі той яго не пільнуе (пар. Мц 24, 37–44).

3. Мы павінны быць гатовымі да прыйсця Езуса Хрыста, якое адбудзецца ў звычайны час, калі людзі будуць есці і піць, жаніцца і выходзіць замуж, працаваць і займацца сваімі справамі (пар. Мц 24, 38). Аднак у такім звычайным жыцці можна лёгка забыцца пра прыйсце Сына Чалавечага «як суддзі». Узгадваючы гісторыю Ноя, Езус кажа, што грэх людзей заключаўся ў празмерным засяроджанні на штодзённых клопатах і жыццёвых праблемах, а не на духоўных патрэбах. Яны былі занадта заклапочаны ежай, піццём і справамі гэтага свету — гэтак жа, як і мы перад каляднымі і навагоднімі святамі.

У той жа час Езус нагадвае, што ёсць нешта больш важнае, чым справы гэтага свету, а менавіта — стан нашай душы. Мы не ведаем, калі злодзей можа прыйсці ў наш дом, таму заўсёды чуваем, замыкаем дзверы і вокны нашых памяшканняў. Калі нас няма дома, пакідаем уключаным святло, ставім дом на сігналізацыю, страхуем сваю маёмасць.

Таксама і ў духоўным жыцці мы павінны заўсёды чуваць, быць напагатове і забяспечыць цнатлівасць нашага жыцця, бо Сын Божы прыйдзе нечакана.

4. Што азначае чуваць? Добры адказ дае святы Ян Павел ІІ. Чуваць — азначае быць чалавекам сумлення, не заглушаць яго і не скажаць. Зло называць злом, а дабро — дабром. Зло пераадольваць, а дабро выпрацоўваць. Гэта фундаментальная справа, якую нельга памяншаць і пераносіць на другі план. Яна заўсёды павінна быць на першым месцы. Гэтую думку Вялікага Папы далей развівае Папа Францішак, які заклікае да штодзённай актыўнасці ў блізкасці з Хрыстом і ў ахвярным служэнні бліжнім.

Парады абодвух Пантыфікаў вельмі важныя, бо жывучы згодна з імі, мы не будзем баяцца невядомай будучыні і смела пойдзем у вечнасць, каб сустрэцца з нашым самым вялікім скарбам, якім ёсць Хрыстус.

Мы павінны практыкавацца ў чуванні, быць уважлівымі і пільнымі, каб не выпусціць з-пад увагі самае важнае, што ёсць у нашым жыцці — стан душы. Чуванне патрэбнае, каб пазбягаць небяспекі зла і граху. «Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. Моцныя ў веры, станьце супраць яго», вучыць апостал Пётр (1 П 5, 8–9). Гэта не пустая перасцярога, бо вакол нас і ў нас саміх шмат спакусаў, якія вабяць ілжывымі абяцаннямі прыемнасці і шчасця, а ў выніку знявольваюць, пакідаюць расчарованымі, разбітымі і аслабленымі.

Сучасны чалавек паддаецца спакусе пыхі і ганарлівасці, на першае месца ставіць сябе, а не Бога. Пры гэтым ён забываецца, што пакора і ўдзячнасць з’яўляюцца адзінымі адпаведнымі адказамі на веліч Бога і Яго любоў. Спроба весці шоў, памяняцца ролямі і змусіць Бога выконваць нашую волю, — гэта вартае жалю скажэнне Божага плана нашага збаўлення.

Вялікую небяспеку прадстаўляюць новыя, звязаныя з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, формы залежнасцяў. Гэта перадусім празмерная ўцягнутасць у віртуальныя зносіны ў сацыяльных сетках, сайтах знаёмстваў, чатах і форумах; анлайн гульні; кіберсексуальная залежнасць і іншыя праявы. Яны адрываюць нашую ўвагу ад духоўных справаў і вядуць да амаральнага жыцця або пустой траты часу. Таму неабходна заўсёды духоўна практыкавацца, даследуючы сваё сумленне, думкі, словы і дзеянні, каб пазбаўляцца ад закваскі граху і браць прыклад з тых, хто годны наследавання.

5. Як падрыхтавацца да нечаканага прыйсця Сына Чалавечага? Езус дае нам прыклад адпаведнага і неадпаведнага спосабаў чакання. Верны і разумны слуга, які сумленна выконвае заданні свайго гаспадара, заўсёды гатовы да яго прыходу. Наадварот, дрэнны слуга, які клапоціцца толькі пра сябе, будзе адкінуты і трапіць туды, дзе будзе плач і скрыгатанне зубоў (пар. Мц 24, 45–51).

Гаспадар — гэта вобраз Езуса. Каб быць гатовымі да Яго прыйсця, мы павінны быць паслухмянымі Божай волі, а нашыя дзеянні павінны служыць як нашаму духоўнаму дабру, так і грамадству. Вонкавая падрыхтоўка да святкавання Божага Нараджэння — гэта толькі адзін з аспектаў Адвэнту, прычым не самы важны. Трэба памятаць аб неабходнасці быць духоўна гатовымі да прыйсця Езуса як суддзі без параноі суднага дня з аднаго боку, або самазаспакоенасці з другога.

6. Якім з’яўляецца жыццёвае пасланне Адвэнта? Найперш трэба быць пільным і чуйным як у справах гэтага свету, так і ў духоўных. Будучы такімі, мы атрымаем у дар самога Хрыста. Святы Аўгустын кажа: «Божа, ты стварыў мяне без мяне, але збавіць мяне без мяне не можаш». Патрэбны наш удзел.

Неадэкватным з’яўляецца чалавек, які топіцца і не хапаецца за ратавальны круг, які яму кідаюць. Бог дае нам ратавальны круг. Праблема ў тым, ці мы за яго хапаемся. У клопаце пра сучаснасць мы часта забываемся пра будучыню. Адкладаем на чорны дзень, страхуем сваё жыццё і гэтак далей. Але акрамя гэтага, мы павінны рыхтавацца да вечнага жыцця, чаму і павінен служыць Адвэнт.

Для плённага чування неабходна даверыцца Богу, які заўсёды верны, а не рознага кшталту гараскопам, гаданням, псеўдапрароцтвам і абярэгам. А гэта магчыма, калі будзем пастаянна падтрымліваць сувязь з Ім праз рэгулярную споведзь, Камунію, малітву, справы дабрачыннасці. Езус заўсёды чакае нас і хоча сустрэцца з намі. Рашэнне толькі за намі. Застанемся з часовымі скарбамі, якія калісці знікнуць, ці будзем клапоціцца пра духоўныя, плёнам чаго будзе вечнае жыццё ў Божым Валадарстве?

7. Адвэнт таксама дапамагае знайсці надзею сярод праблем сучаснага свету. Якім чынам? Недастатковым будзе адказ, што мы імкнемся вырашыць нашыя надзённыя праблемы. Самым важным ёсць тое, што сярод розных спусташэнняў, якія перажывае сучасны свет, мы павінны працягваць любіць Бога і бліжняга і служыць ім. Калі мы кажам, што Езус прыйшоў, каб навучыць нас любіць, гэта азначае, што Ён прыйшоў, каб навучыць нас як заставацца створанымі па вобразу і падабенству Божаму ў час, калі свет адкідае Бога, а чалавек становіцца эгаістам і забываецца пра абавязак любіць бліжняга, як самога сябе.

Наш час напоўнены шматлікімі выклікамі і складанасцямі. Грамадства расколата. Свет знаходзіцца на парозе новай сусветнай вайны. Шмат людзей церпяць з-за несправядлівасці, зняволення, хваробы, страты блізкіх і іншых нягодаў.

Таму Адвэнт, які распачынаецца, і святы Божага Нараджэння будуць для нас складанымі. Мы павінны быць салідарнымі з церпячымі і патрабуючымі і дапамагаць ім матэрыяльна і духоўна, а таксама маліцца аб хутчэйшым вырашэнні надзённых праблем, з якімі сутыкнуўся свет, наша Бацькаўшчына і Касцёл.

Дух салідарнай малітвы аб хутчэйшым аднаўленні набажэнстваў у закрытым касцёле святых Сымона і Алены, шырока вядомым як Чырвоны касцёл, таксама павінен спадарожнічаць нам. Касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам у Эўхарыстыі, сакрамэнтах і Божым слове, чаго сёння ў Чырвоным касцёле няма. Калі гэтыя сустрэчы адновяцца? Калі ў Эўхарыстыі народзіцца Езус у касцёле, які з’яўлецца сімвалам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі? Калі мы ў ім будзем нанава перажываць таямніцу Богаўцелаўлення?

Святы Ян Павел ІІ вучыць, што адзіная надзея свету — у Божай Міласэрнасці. Багаты міласэрнасцю Божа (пар. Эф 2, 4), ахіні нас плашчом сваёй айцоўскай апекі і адары ласкай хутчэйшага аднаўлення дзейнасці Чырвонага касцёла!

8. Адвэнтавая падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння павінна адрадзіць у сучасным секулярным свеце праўду аб тым, што Сын Божы прыйшоў у наш свет, каб яго збавіць сваёй крыжовай смерцю.

Сваім нараджэннем у Бэтлеемскай пячоры, жыццём, мукай, смерцю і Уваскрасеннем Езус умацаваў нашую веру і надзею на перамогу дабра над злом, а таксама навучыў як, калі і дзе любіць, і любіць так, як любіць Бог. Няхай тэалагічныя цноты веры, надзеі і любові дапамагаюць нам у часы новых выпрабаванняў.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі — Маці Адвэнтавага чування, — на шлях плённага духоўнага перажывання Адвэнту і ўмацавання нашай веры, надзеі і любові ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Старшыня камісіі агульнага душпастырствапры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 

Мінск, 20 лістапада 2022 г.