“Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго. І дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою” (Iс 9,5).
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
З сэрцамі, напоўненымі ўдзячнасцю, мы ўкленчваем каля калядных ясляў з Немаўлём, перад Божым Дзіцём. Пілігрымуем у думках на Святую Зямлю, якая пакутуе ад недахопу міру, каб перад беднай стаенкай у Бэтлееме скласці ўсе свае надзеі і непакой.
Мы прыносім Езусу сваю вялікую любоў і хочам падзяліцца радасцю нашых сэрцаў, радасцю, якую адчуваем у нашых сем’ях і дамах. Хочам таксама прасіць аб спакойных часах. Усе мы маем права жыць у міры, якога нястомна шукаем і да якога імкнёмся (параўн. Пс 34, 15). Хочам гэтага міру ў нашых супольнасцях і краіне.
Мы ўсведамляем, што хоць так многае нас адрознівае і нялёгка з усімі заўсёды жыць у згодзе, аднак аб’ядноўвае нас нашмат больш, чым падзяляе. Усе мы любімыя Богам, які з любові да кожнага чалавека захацеў пасяліцца на зямлі.
Няхай сёлетнія святы Божага Нараджэння перажываюцца ў міры і згодзе, узаемнай павазе і братэрскай любові. Няхай сёлетні дэвіз Бэтлеемскага агню міру – “Будзем чыніць мір” – стане праграмай нашага жыцця на кожны дзень новага 2024 года.
Запросім жа Хрыста, Князя Спакою, у свае сэрцы. Дазволім Яму ўзрастаць у нас, каб сталі будаўнікамі спакою ў нашых сем’ях і супольнасцях, у нашых гарадах і вёсках, а таксама ў нашай краіне і свеце.
Дарагія Браты і Сёстры! У гэты радасны час жадаю кожнаму шчодрасці Божых дароў. Малю аб узаемнай любові і дабрыні для Вас, а таксама на гэты святочны час ад усяго сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, Божае Нараджэнне 2023