Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Мы перажываем той асаблівы і выключны час, калі Уваскрослы Хрыстус Пан паўстае між намі, у нашых сем’ях і супольнасцях, з дарам пасхальнай радасці.
У чарговы раз мы ўсведамляем, што пасля Вялікай пятніцы надыходзіць ранак канчатковай перамогі над смерцю і цемрай зла.
Уваскрасенне Пана – заўсёды заахвочванне для нас па прыкладзе вучняў вырушыць у Эмаўс, каб сустрэцца з Езусам. Яго Слова распальвае сэрцы, а хлеб, які Ён паламаў, дазваляе пазнаць Таго, хто памёр і ўваскрос (пар. Лк 24, 13-35).
Маё вялікае жаданне – каб гэтае найважнейшае ў Каталіцкім Касцёле свята абудзіла нашу ўсыплёную веру і аслабелую любоў да Бога, асабліва да Эўхарыстыі і да таго, каб “дзень святы святкаваць”. Мы павінны самі штодзень адчуваць радасць уваскрасення, каб затым несці гэтую праўду свету.
Няхай гэтае сёлетняе свята перамогі, якое адзначаецца ў кантэксце Года малітвы, ініцыяванага Папам Францішкам, стане для нас вяртаннем да рэгулярнай і часцейшай малітвы, асабліва ў нашых сем’ях і дамах.
Няхай праўда аб Уваскрасенні Хрыста і вера ў Яго Уваскрасенне напоўняць нашы сэрцы радасцю, удзячнасцю, любоўю, каб мы, скіроўваючы позірк нашай душы да пустой грабніцы, маглі – як пісаў св. Аўгустын – “гарэць і дрыжаць адначасова”.
А потым – напоўненыя Духам Святым, гэтым цудоўным дарам Уваскрослага Пана, – пойдзем і будзем адважна абвяшчаць свету, што Ён жыве, што Ён ёсць, што любіць і прабачае!
Няхай сустрэча са Збаўцам за Эўхарыстычным сталом і за сталом у родным доме ўмацуе вас, дарагія браты і сёстры, у любові, адзінстве і міры.
Хрыстус уваскрос, сапраўды ўваскрос – Аллелюя!
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі