Пастырскія лісты

Пастырскі Ліст Біскупа А. Кашкевіча на I Нядзелю Адвэнта 2008 года

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!

Ужо доўгі час Паўсюдны Касцёл асаблівым чынам разважае над постаццю св. Паўла. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI аб’явіў перыяд з 28 чэрвеня 2008 г. да 29 чэрвеня 2009 г. юбілейным Годам св. Паўла ў гонар 2000-й гадавіны з дня яго нараджэння. Таму я і хачу ў гэтым пастырскім лісце разам з Вамі паразважаць адносна асобы вялікага Апостала Народаў.
Саўл, пасля навяртання - Павел, паходзіў з Тарса (цяпер Тарсус у Турцыі). Нарадзіўся ён у 8 годзе пасля нараджэння Хрыста ў заможнай габрэйскай сям’і, якая забяспечыла яму добраю адукацыю. Ён стаў руплівым паслядоўнікам і абаронцам веры ў адзінага Бога, Які адкрыў сябе ў Старым Запавеце. Упэўнены ў сваёй праўдзе, Саўл змагаўся з паслядоўнікамі Езуса з Назарэта як са здраднікамі і пагвалтоўніцку іх пераследаваў. Як піша аўтар Дзеяў Апосталаў, «А Саўл нішчыў Касцёл, уваходзіў у дамы, забіраючы мужчын і жанчын і кідаючы іх у вязніцу»(Дз 8,3). 3 гэтай мэтай ён накіраваўся ў Дамаск, куды ўцяклі з Ерузалему ад пераследаванняў шматлікія веруючыя ў Хрыста. Аднак на іх абарону стаў сам Хрыстус. У браме Дамаска Паўла ахінае бляск і любоў Уваскрэслага. Божая моц спыняе яго нязвыклым святлом і, падаючы на зямлю, ён чуе голас: «Саўл,Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне?» Ён жа сказаў: «Хто Ты, Пане?» А той адказаў: «Я Езус, якога ты пераследуеш»(Дз 9,4-5).

Нязвыклыя здарэнні працягваюцца і далей у жыцці руплівага фарысея. Уваскрэслы Хрыстус, які затрымаў Саўла, дапускае, што той на тры дні траціць зрок. Калі ж да Саўла вяртаецца здольнасць бачыць, яго погляды на свет і на ўласнае жыццё становяцца ўжо цалкам іншымі. Цемра, у якой ён знаходзіўся тры дні, дапамагла зразумець і пазнаць, кім з’яўляецца Езус з Назарэта, якога ён пераследаваў. Ад гэтага часу вораг Езуса і Яго паслядоўнікаў стаў руплівым прапаведнікам Евангелля і Хрыстовага крыжа. Адбыліся змены ў сістэме духоўных і рэлігійных вартасцяў Паўла. У цэнтры яго жыцця знаходзіцца ўжо не выкананне Права і Традыцыі, але Езус Хрыстус. «Я ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана»(Фш 3,8). Павел быў перакананы, што ўжо нічога не адлучыць яго ад Хрыста, але ён хацеў яшчэ ва ўсім быць да Яго падобным: «Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Хрыстус Езус «(Флп 3,12). Тое, што здарылася ў Дамаску, застанецца назаўсёды таямніцай Паўла. Некаторым цяжка зразумець перамену, якая адбылася з ім, калі ад пераследавацеля Хрыста ён перамяніўся ў Яго Апостала. Саул сустрэў у сваім жыцці Хрыста. Адчуў Яго любоў. Змяніў сваё жыццё і, каб падкрэсліць змены, прыняў новае імя - Павел.

Гэты Павел адразу - як пазней напіша ў Пасланні да Галатаў - адпраўляецца, каб абвяшчаць Добрую Навіну (пар. Га 1,15). Да таго, каб абвяшчаць Божае слова і жыць паводле гэтага слова ён настойліва заахвочвае ўсіх сваіх вучняў. Добрая Навіна, якую пачуў св. Павел, была вельмі значнай, таму Апостал не мог затрымаць яе толькі для сябе. Ён адчуваў сябе даўжніком усіх, каго яшчэ не дасягнула Евангелле. Таму Павел абвяшчае яе ўсюды і ўсімі даступнымі сродкамі. Апостал быў пераследаваны, зняволены, бічаваны, і ўрэшце, у 67 г. у Рыме, асуджаны на смерць праз адсячэнне галавы. Яго рэліквіі знаходзяцца ў рымскай базыліцы імя Святога Паўла за Мурам.
 
Святы Павел прызнаецца ў Пасланні да Карынцянаў: «... гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля»(1 Кар 9,16). Ён асвятляе Божай навукай усе бакі чалавечага жыцця. Глыбей пазнаёміцца з гэтым можна ў яго натхнёных Апостальскіх Лістах. У Пасланні да Цімафея Павел указвае на аснову навучання і кожнай добрай справы, чым з’яўляецца Божае слова. Змешчанае ў Святым Пісанні, яно можа «навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Хрысце Езусе»(2 Цім 3,15). Таксама і нам, як вучням Хрыста, адрасаваны словы навучання св. Паўла, змешчаныя ў яго апостальскіх лістах.

Таму я звяртаюся да Вас, Умілаваныя Дыяцэзіяне, з заклікам, каб на працягу года св. Паўла, асабліва ў час Адвэнта, вы часта і з захапленнем чыталі і ўважліва слухалі словы, якія Бог кіруе да вас. Божае Слова - гэта дар, які мы павінны прыняць і перадаць іншым.

Св. Павел, падчас рымскага зняволення, перад смерцю пісаў да свайго вучня Цімафея: «Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса,... я заклінаю цябе: прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні» (2 Цім 4,1-2). Няхай гэты сардэчны заклік, як запавет Апостала, стане для нас заклікам чытаць Святое Пісанне і дзяліцца яго праўдай з іншымі.

Асаблівы момант, калі мы можам напоўніцца Божым словам, - гэта Святая Імша. Я прашу святароў - душпастыраў, каб клапатліва і належным чынам абвяшчалі Божае слова, каб дакладна рыхтавалі казанні і гаміліі. Дзякуючы шчыраму навучанню, Божае слова, якое Айцы Касцёла часта называлі «Сакрамэнтам, які мы чуем», будзе для тых, хто слухае, тронам ласкі і сапраўднай крыніцай жыцця. Няхай бацькі, якія з Божай волі з’яўляюцца для дзяцей першымі і аўтарытэтнымі сведкамі Хрыста, будуць настаўнікамі Божай навукі для сваіх дзяцей, няхай шчыра клапоцяцца, каб іх дзеці сістэматычна ўдзельнічалі ў нядзельнай Эўхарыстыі і штотыднёвай катэхезе. Святары, катэхеткі і катэхеты, пасланыя Касцёлам, няхай няспынна дбаюць пра шчырасць у навучанні рэлігіі і пра ўзрастанне веры ў сваіх выхаванцаў, памятаючы пра св. Паўла, які пісаў да свайго вучня Цімафея: «Так робячы, і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць цябе»(Цім 4,16).

Запрашаю ўсіх да супольнага і індывідуальнага чытання Бібліі, і да роздуму над прачытаным Божым словам. Выдатнай практыкай будзе супольнае нядзельнае чытанне Божага слова ў сям’і. Такім чынам, Божае слова аб’яднае нашыя сем’і і дапаможа адказаць на многія хвалюючыя пытанні. Я запрашаю ўсе супольнасці і рэлігійныя рухі, каб у гэтым годзе дзеля свайго духоўнага росту яшчэ больш яны паглыбіліся ў Святое Пісанне.

Асабліва я заахвочваю моладзь: дзяўчаты і хлопцы, старанна слухайце голас Езуса Хрыста. А калі гэта будзе пакліканне да святарскага альбо манаскага жыцця, будзьце мужнымі адказаць на яго па прыкладу св. Паўла - Апостала Народаў:»Я не адкідаю ласкі Божай»(Тал 2,21).

Няхай распаўсюджваецца заклік св. Паўла, каб мы сталі «Лістом Хрыста», з якога акружаючыя нас людзі прачытаюць Добрую Навіну. Апостал Народаў на пачатку Адвэнта заклікае нас:»Цяпер жа і вы адкіньце гэта ўсё: гнеў, абурэнне, злосць, блюзнерства, зласлоўе з вуснаў вашых. Не хлусіце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі і апрануліся ў новага, які аднаўляецца для пазнання паводле вобраза таго, хто стварыў яго»(Клс 3,8-10).Чым больш мы адчуваем сябе нягоднымі, хворымі, няўдалымі, тым больш павінны ўглядацца ў Хрыста. Вялікай дапамогай будзе Адарацыя Эўхарыстычнага Езуса - спатканне, якое можа нас змяніць. Мы не ўбачым Хрыста ў іншым чалавеку, калі не навучымся бачыць Яго ў Гостыі. Таму я прапаную Вам зрабіць адвэнтавыя пастанаўленні і на любоў Бога, аб’яўленую ў прыходзячым да нас Хрысце, адказаць любоўю, падобнай да любові Апостала Народаў. Няхай нашым дарам, які мы прынясём падчас святаў Божага Нараджэння і сваеасаблівай вотай удзячнасці за асобу і дзейнасць св. Апостала Паўла, будзе рэгулярны, штотыднёвы, а можа і штодзённы ўдзел у Святой Імшы і прыняцце Езуса ў святой Камуніі.

Няхай кожная сустрэча з Хрыстом змяняе нашае жыццё так, як гэта адбылося ў жыцці св. Паўла. Каб кожны з нас, нязменна выконваючы сваё хрысціянскае пакліканне, у канцы жыцця змог паўтарыць за св. Паўлам: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які дасць мне Пан, у той дзень» (2 Цім 4,7). Каб плённа правесці Адвэнт па прыкладу Апостала Народаў - з сэрца благаслаўляю.