Хрыстос уваскрос, Хрыстос жыве і будзе жыць заўсёды. Гэтая найважнейшая праўда хрысціянскай веры дазваляе нам іншымі вачамі паглядзець на свет, на гісторыю чалавецтва і на рэчаіснасць нашага жыцця. У Пасхальнай таямніцы мы пазнаём Хрыста, як Пераможцу над сіламі зла, цемры і граху. Яго мукі і смерць з'яўляюцца задаткам нашага збаўлення, а крыж становіцца знакам Божай любові і прабачэння, брамай, якая вядзе да вечнага шчасця.
І хоць тут, на зямлі, жыццё чалавека не вызвалена ад смутку, цяжкасцей, цярпення і болю, нашыя сэрцы напоўненыя цвёрдай надзеяй, бо мы верым, што ідучы за Хрыстом па дарозе веры, мы накіроўваемся не да смерці, а да паўнаты жыцця, якое не мае канца.
Вызнаючы веру ва ўваскрослага Хрыста, мы паўтараем за святым Паўлам: "Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала? [...] Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста" (1 Кар 15, 55.57).
Дарагія Браты і Сёстры! У святы Уваскрасення Пана жадаю Вам, каб вера ў Хрыста, які ёсць з намі і жыве ў нас, стала крыніцай глыбокай унутранай радасці, моцы духа, мужнасці і стойкасці ў добрым. Нам нельга стамляцца сведчыць аб надзеі, якая ёсць у нас. Няхай Божая любоў, аб'яўленая ў таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста, асвячае нас кожны дзень і робіць здольнымі праслаўляць Бога кожным добрым учынкам.
Перажываючы разам з Вамі радасць Велікодных свят, я ахінаю Вас сваёй малітвай і з усяго сэрца бласлаўляю
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі