15 студзеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася аплатковая сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з працаўнікамі чыгункі. У сустрэчы прынялі ўдзел працаўнікі чыгункі са Свіслачы, Ваўкавыска, Парэчча, Ліды, Гродна і Мінска. У літургіі таксама ўдзельнічаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжэк.
Сустрэча пачалася святой Імшой. У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што Езус Хрыстус заклікае кожнага чалавека да супрацоўнітва ў будаўніцтве Божага валадарства на зямлі, і гэтае валадарства будзе залежаць ад таго, наколькі кожны будзе ўдзельнічаць у яго будаўніцтве.
„Божае валадарства будзе такім, якім будзе наш уклад у яго адраджэнне і будаўніцтва. Кожны з нас павінен стаць будаўніком валадарства любові і супакою”, – сказаў кс. Юрый Марціновіч.
“Свет будзе спакойным толькі тады, калі кожны з нас пачне ўносіць у яго любоў. Свет стане лепшым толькі тады, калі кожны пачне змяняцца”, – дадаў святар.
На заканчэнне гаміліі кс. Марціновіч заахвоціў, каб кожны меў у сабе штосьці ад пасхальнага ягняці, што ахвяруе сябе за іншых і ў кожным месцы, а таксама ў кожны час дае відавочнае сведчанне, што Езус Хрыстус з’яўляецца Сынам Божым.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў сабраным за іх актыўнасць і ўклад, які яны ўносяць у свет, і заклікаў іх да штодзённага служэння, якое павінна быць бачным у іх месцах працы.
„Жадаю кожнаму з вас, каб праца, якую вы выконваеце, заўсёды была прыгожым сведчаннем служэння Богу і чалавеку”, – дадаў іерарх.
Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы дзяліліся аплаткамі і выказвалі святочныя пажаданні.
Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, дзе тады быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSRS.
Многія працаўнікі чыгункі сустракаюцца на малітве ў касцёле, удзельнічаюць у жыцці парафіі. Іх аб’ядноўвае адна сфера дзейнасці, аднолькавыя інтарэсы, тэмы.
Для чыгуначнікаў рэгулярна праводзяцца фармацыйныя сустрэчы, Эўхарыстыя, якая яднае іх асаблівым чынам. Таксама арганізуюцца пілігрымкі працаўнікоў чыгункі ў Польшчу, даецца магчымасць удзелу ў еўрапейскіх сустрэчах чыгуначнікаў.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1076-u-grodne-adbylasya-aplatkavaya-sustrecha-biskupa-alyaksandra-kashkevicha-z-pratsa-nikami-chygunki#sigProId696590135e
Паводле www.grodnensis.by