21-25 жніўня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне былі арганізаваны “Канікулы з Богам”, якія праводзіла Місійная супольнасць “Усход”.
Місійная супольнасць “Усход” з’яўляецца агульнай справай Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты) і свецкіх асобаў. Яна існуе з 1991 г. і дзейнічае пры Вышэйшай духоўнай семінарыі рэдэмптарыстаў у Тухаве. Яе членамі, акрамя манахаў, з’яўляюцца свецкія людзі, якія ўтвараюць у ёй значную большасць, напрыклад, настаўнікі, урачы, санітары, студэнты, вучні сярэдніх школ і інш.
Асноўнай мэтай супольнасці з’яўляецца дапамога каталіцкім парафіям на тэрыторыях былога СССР. Яна праяўляецца асабліва ў арганізацыі, падтрымцы і правядзенні рэкалекцый, галоўным чынам для дзяцей і моладзі.
У сёлетніх рэкалекцыях у гродзенскай парафіі, якія праводзілі айцы рэдэмптарысты, удзельнічала больш за 100 дзяцей і моладзі. Рэкалекцыі праходзілі пад дэвізам “Праз Марыю да Езуса”.
Галоўнай мэтай “Канікул з Богам” быў актыўны адпачынак, злучаны з малітвай і працай над сабой. Дзеці, узбагачаныя Божым словам, малітвай, супольнай працай і забавай, перажылі незабыўныя хвіліны, атрымалі новы досвед, удасканальвалі сваю асобу, служачы адзін аднаму і дзеля большай хвалы Божай.
Дзень пачынаўся ранішняй сустрэчай у касцёле. Праз спеў і рэлігійную гімнастыку ўдзельнікі рыхтаваліся да святой Імшы. Адбываліся таксама футбольныя матчы, якія прынеслі гульцам мноства пазітыўных эмоцый, а найперш магутную дозу актыўнага руху на свежым паветры.
Інтэграцыйныя танцы з аніматарамі вольнага часу былі вельмі папулярнымі. Урок катэхезы меў жывы і просты характар, у апоры на прэзентацыю і мультымедыйныя фільмы. Катэхеза адбывалася ў тэатральнай форме. Дзень завяршаўся прамаўленнем адной таямніцы Ружанца.
Рэалізацыя мерапрыемства не была б магчымай без валанцёраў, якія ў гэтыя пяць дзён вырашылі прысвяціць свой вольны час малодшым.
Удзельнікі ўдзячныя Богу за гэты супольна праведзены час адпачынку, за добрае сонечнае надвор’е, а таксама ўдзячныя ўсім, хто паспрыяў таму, каб рэкалекцыі былі арганізаваны.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1136-misijnaya-supolnasts-uskhod-pravyala-grodne-kanikuly-z-bogam#sigProId4b5313c380
Тэкст і фота: Моніка Барыс
Паводле grodnensis.by