24 жніўня ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) адзначылі 20-годдзе існавання душпастырства чыгуначнікаў.
Душпастырства ахоплівае не толькі працаўнікоў чыгункі, але і іх сем’і, якія жадаюць разам маліцца. Малітва яднае іх і набліжае да Бога, дзякуючы чаму чыгуначнікі маюць іншы падыход да сваёй штодзённай працы, якая засноўваецца найперш на служэнні іншаму чалавеку.
Душпастырства ўключае ўсе тыя сем’і, яякія жадаюць духоўнай еднасці з Богам і бліжнім, і гэтая супольнасць узбагачае іх духоўна.
Разам адсвяткаваць гэты сціплы, але вельмі важны для членаў душпастырства юбілей сабраліся шмат запрошаных гасцей. Прыбылі між іншым 55 чыгуначнікаў з Польшчы разам з агульнапольскім душпастырам чыгуначнікаў кс. Яўгенам Зарэбінскім. Прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і тыя, хто стаяў ля вытокаў гэтага душпастырства ў Беларусі.
Прыняў удзел у свяце і а. Андрэй Шчупал CSsR, які першы выступіў з ідэяй ахапіць душпастырскай апекай людзей, якія працуюць на чыгунцы. Менавіта ён у 1994 г. у Парэччы сабраў першую групу чыгуначнікаў, бо з Парэчча ў той час выходзіў участак першай чыгуначнай лініі, пракладзенай на беларускай зямлі. Паступова цэнтр супольнасці перамясціўся ў Гродна.
Юбілейныя ўрачыстасці пачаліся ў парафіяльнай святыні Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся за ўсіх, хто працуе на чыгунцы, якія ў Гродзенскай дыяцэзіі служаць штодзень грамадству. Біскуп жадаў, каб іх штодзённае служэнне Богу і людзям было бачным найперш у іх спосабе жыцця.
“Дзякую за ваша сведчанне веры, якое вы даеце кожны дзень там, дзе Божы Провід вас ставіць”, – сказаў іерарх.
Пасля Імшы пачалася другая частка святкавання. Удзельнікі сабраліся ў тэатральнай зале пры парафіі, дзе адбылася “Акадэмія” з нагоды юбілею. Старшыня гродзенскага душпастырства Генрык Качынскі, які праводзіў сустрэчу, распавёў сабраным пра гісторю і пачаткі, а таксама сённяшнюю дзейнасць душпастырства ў гэтым горадзе. Па яго словах, душпастырства чыгуначнікаў існуе з патрэбы сэрца.
“Увесь час мы ў дарозе. Сваімі паводзінамі і прысутнасцю ў свеце мы сведчым людзям пра Бога, а для сваіх сем’яў выпростваем сцежкі да Яго”, – дадаў Генрык Качынскі.
Ксёндз Яўген Зарэбінскі, агульнапольскі душпастыр чыгуначнікаў, выказаў надзею, што прысутнасць членаў душпастырства ў Гродне “стане красамоўным знакам глыбокай веры, у паставе служэння і вернасці спадчыне пакаленняў, і дарам для іншага чалавека”.
Урачыстасць завяршылася пастырскім благаслаўленнем, якое ўдзяліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Даведка: Душпастырства чыгуначнікаў у Гродне ўзнікла ў 1998 г. пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля. Яго члены раз у месяц збіраюцца на фармацыйныя сустрэчы, якія пачынаюцца з удзелу ў святой Імшы.
У душпастырстве існуе таксама кола Жывога Ружанца, якое рыхтуе адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас сустрэч удзельнікі разважаюць над Божым словам, знаёмяцца з вучэннем Каталіцкага Касцёла. Яны прымаюць актыўны ўдзел у жыцці сваёй парафіяльнай супольнасці і ў грамадскім жыцці.
Яны сустракаюцца з нагоды ўрачыстасцяў Нараджэння Пана і Вялікадня, удзельнічаюць у нацыянальных і замежных пілігрымках. Мэты іх сустрэч – матываваць да актыўнага жыцця ў парафіі, да адказнасці за Касцёл, за супольнасць.
Раз на 3 гады душпастырства прымае ўдзел у Еўрапейскім кангрэсе чыгуначнікаў, які ладзіць Федэрацыя чыгуначнікаў – каталіцкая структура, што аб’ядноўвае калег са шматлікіх краін. Наступны Еўрапейскі кангрэс запланаваны на май 2019 г. і пройдзе ў Мінску.
Зараз душпастырам чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіi з’яўляецца а. Эдуард Пяцельчыц CSsR.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1216-20-goddze-dushpastyrstva-chygunachnika-adznachyli-grodne#sigProId30ee9717d5
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Святлана Вярышка
Паводле grodnensis.by