7 кастрычніка ў сваёй роднай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) с. Назарыя Міклаш з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта склала вечныя манаскія абяцанні.
Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Зараз с. Назарыя служыць у Навагрудку. Раней яна служыла ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа і ў сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску.
Як знешні знак вечнага пасвячэння сястра атрымала абразок са словамі па-лацінску: “Мой каханы мой, а я Ягоная”, што нагадваюць пра запавет, заключаны з Богам.
Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел назарэтанкі, якія служаць у Беларусі, найбліжэйшыя родныя с. Назарыі і мясцовыя парафіяне.
Біскуп Касабуцкі маліўся падчас Імшы аб дапамозе Духа Святога ва ўмацаванні сястры ў вернасці складзеным абяцанням. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што вечныя манаскія абяцанні – гэта пакорнае і шчырае адданне сябе Богу назаўсёды, даручэнне Яму ўсяго свайго мінулага і прагненне вернай рэалізацыі жыцця ў духу евангельскіх парадаў чыстасці, убоства і паслухмянасці, а таксама манаскай канстытуцыі.
Раздзяляючы з с. Назарыяй яе радасць, молімся за яе і просім, каб яна была святлом Хрыста ў свеце і заўсёды ішла за Ім у любові і надзеі.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1221-syastra-nazaretanka-nazaryya-sklala-vechnyya-manaskiya-abyatsanni#sigProIdfc6cb673bc
Kс. Юрый Марціновіч
Паводле grodnensis.by