25 лістапада ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) з нагоды літургічнага ўспаміну св. Кацярыны Александрыйскай адбылася сустрэча Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Працаўнікі чыгункі сабраліся на супольнай малітве, каб дзякаваць Богу за ўсе атрыманыя дары і ласкі і прасіць аб Божым благаслаўленні на чарговыя дні свайго служэння нашаму грамадству.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч. На Імшы прысутнічаў а. Эдвард Пяцельчыц CSsR, душпастыр чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі. У гаміліі кс. Мацкевіч, кажучы пра нядзелю Хрыста Валадара Сусвету, якая прыпадала на гэты дзень, адзначыў, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб служыць усім людзям. Таму таксама штодзённая праца чыгуначнікаў павінна быць вялікім служэннем нашаму грамадству, з гарачай руплівасцю і адданасцю.
Падчас Эўхарыстыі дзякавалі за 20 гадоў дзейнасці Душпастырства чыгуначнікаў, якое існуе ў Гродне пры касцёле рэдэмптарыстаў.
Сустрэча членаў Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі завяршылася супольнай малітвай перад фігурай св. Кацярыны, якая ўстаноўлена побач са святыняй.
Святая Кацярына Александрыйская, мучаніца, з’яўляецца асаблівай апякункай працаўнікоў чыгункі, таму праз яе заступніцтва моляцца за ўсіх, хто працуе на чыгунцы. Яе літургічны ўспамін, які прыпадае 25 лістапада, – дзень асаблівай еднасці ўсіх чыгуначнікаў і нагода да супольнай падзякі Богу за дары, якія кожны атрымлівае штодзённа.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1231-sustrecha-dushpastyrstva-chygunachnika-z-nagody-spaminu-sv-katsyaryny-aleksandryjskaj#sigProId45403ffb83
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Святлана Вярышка
Паводле grodnensis.by