24 лістапада, напярэдадні літургічнага ўспаміну св. Кацярыны Александрыйскай, у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбылася сустрэча Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Святая Кацярына з’яўляецца асаблівай апякункай працаўнікоў чыгункі, таму для іх гэта патранальнае свята – дзень асаблівай еднасці і нагода да супольнай падзякі Богу за дары, якія кожны атрымлівае штодзённа.
Падобна было і сёлета. Спачатку чыгуначнікі сабраліся на Эўхарыстыі, падчас якой дзякавалі Богу за ўсе атрыманыя дары і ласкі, a таксама прасілі аб Яго благаслаўленні на чарговыя дні свайго служэння нашаму грамадству.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў а. Анджэй Ядкоўскі CSsR. Прысутнічалі заснавальнік Душпастырства чыгуначнікаў у Беларусі а. Анджэй Шчупал CSsR, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, госці з Ваўкавыска, Свіслачы і шматлікія гродзенцы.
Сустрэча членаў душпастырства завяршылася супольнай малітвай перад фігурай св. Кацярыны, якая ўстаноўлена побач са святыняй. У гэты дзень каля фігуры была закладзена алея св. Кацярыны, дзе былі пасаджаны 20 туй. Іх набыццё прафінансавалі сем’і чыгуначнікаў.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1265-sustrecha-dushpastyrstva-chygunachnika-z-nagody-spaminu-sv-katsyaryny-aleksandryjskaj-2019#sigProId73614fdbb5
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Святлана Вярышка
Паводле grodnensis.by