Час Адвэнту, які ўжо падыходзіць да завяршэння, для дзяцей асацыюецца найчасцей з раннім абуджэннем, каб удзельнічаць у раратняй святой Імшы. Да ўдзелу ў такой Імшы дзяцей з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) не трэба было змушаць.
Сапраўды на працягу ўсяго Адвэнту святыня з самага ранку была напоўнена дзецьмі, якія прыходзілі, каб разам з Марыяй чакаць нараджэння Божага Сына.
Сёлетнія Рараты былі выключнымі, бо падчас іх дзеці знаёміліся з гісторыяй сваёй парафіяльнай супольнасці, якая ў гэтым годзе адзначала 25-годдзе існавання.
Кожны дзень дзеці даведваліся аб тым, што ёсць у іх парафіяльнай святыні і для чаго яно служыць. Таксама яны пазнаёміліся з гісторыяй будаўніцтва спачатку капліцы, потым парафіяльнага касцёла, які многіх захапляе сваёй сучаснасцю і арыгінальнасцю.
Гэтая ідэя была задумана мясцовымі душпастырамі – айцамі рэдэмптарыстамі, сёстрамі назарэтанкамі і катэхетамі. Мэтай было дапамагчы дзецям адчуваць прыналежнасць да сваёй парафіяльнай супольнасці, а таксама ствараць у ёй адпаведную атмасферу.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1270-na-raratnikh-imshakh-verniki-paznajomilisya-z-gistoryyaj-svajoj-parafii#sigProId04505919df
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка
Паводле grodnensis.by