27 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне чатыром дыяканам, трое з якіх з’яўляюцца выпускнікамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а адзін – выпускніком Вышэйшай духоўнай семінарыі рэдэмптарыстаў у Тухаве (Польшча).
Пасвячэнне ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне атрымалі дыяканы Яўген Амасёнак, Андрэй Струкель, Томаш Мікалайчык i Максім Лабкоў з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты).
Урачыстая святая Імша сабрала шматлікіх святароў і вернікаў, якія прыбылі з розных бакоў дыяцэзіі, найперш з Ліды, Слоніма і Парэчча, адкуль паходзяць новапрэзбітэры. Прысутнічалі таксама іх бацькі і родныя.
У гаміліі біскуп Гродзенскі Aляксандр Кашкевіч нагадаў кандыдатам абавязкі, якія вынікаюць з прыняцця пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.
“Ад імя Хрыста Настаўніка вы будзеце спаўняць працу настаўніцкага служэння ў давераным вам маштабе. Усім абвяшчайце Слова Божае, якое самі з радасцю прынялі. Разважайце над законам Божым, верце ў тое, што прачытаеце, навучайце таму, у што верыце, і спаўняйце тое, чаму іншых будзеце навучаць”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў, каб іх навука была заўсёды пасілкам для народу Божага, а святасць іх жыцця стала крыніцай радасці для вызнаўцаў Хрыста.
“З нястомнай радасцю і праўдзівай любоўю спаўняйце працу служэння Хрыста Святара, шукаючы не карысці ўласнай, а Яго хвалы”, – дадаў біскуп Кашкевіч.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп выказаў словы ўдзячнасці бацькам, родным, сваякам новых святароў за верy, якую новапасвячаныя вынеслі з родных дамоў.
Богу няхай будзе падзяка за новых святароў. Хоць гэта не вялікая колькасць працаўнікоў жніва, але, відавочна, Пан вырашыў, што гэтымі нешматлікімі рукамі зробіць шмат.
Таму ўсім новапасвячаным жадаем, каб здолелі сваім жыццём пераконваць свет у прыгажосці Евангелля; каб былі доказам таго, што ззянне Добрай Навіны мацнейшае за цемру зла.
У іх жыцці на першым месцы няхай заўсёды будзе Хрыстус, бо толькі з Ім будуць здольныя любіць людзей Яго любоўю, а руплівае абвяшчэнне Евангелля няхай іх саміх зробіць Добрай Навіной для свету.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1294-prezbiterskae-pasvyachenne-a-maksima-labkova#sigProIdff243041bd
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка