13 кастрычніка Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
Падчас Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе моладзі.
Святую Імшу біскуп цэлебраваў у інтэнцыі маладых людзей, якія ў гэты дзень прымалі дары Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, просячы аб глыбокай веры для іх.
Іерарх заахвоціў моладзь будаваць сваё жыццё на Езусе Хрысце, які заўсёды павінен быць цэнтрам усяго для кожнага чалавека. Ён падкрэсліў, што вера, якую чалавек атрымлівае ў дар ад сваіх блізкіх, – вялікі скарб, які належыць цаніць і захоўваць, каб потым перадаць наступным пакаленням.
На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі моладзі выказалі біскупу ўдзячнасць за ўдзяленне ім сакрамэнту. Таксама яны падзякавалі сваім душпастырам на чале з пробашчам парафіі а. Дзмітрыем Лабковым CSsR і катэхетам, якія на працягу апошніх двух гадоў рыхтавалі іх да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1310-biskup-stane-ski-dzyali-sakrament-kanfirmatsyi-moladzi-grodzenskaj-parafii-najsvyatsejshaga-adkupitselya#sigProId2c58cbc812
Паводле grodnensis.by
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка