З адчыненых дзвярэй касцёла цёплай хваляй вырываецца песня, якая злучае ў сабе галасы дзяцей, дарослых і самых старэйшых. Так шмат бліскучых шчасцем вачэй... Сёння сем'і пройдуць Крыжовым шляхам. Усе разам пойдуць услед за Езусам Хрыстом.
Сям'я - гэта адно цела, а кажучы сучаснай мовай - тата, мама і дзеці злучаны шматлікімі правадамі, якія забяспечваюць бесперапынную сувязь.
І вось звон праносіцца па ўсім касцёле, выходзіць святар, выносяць крыж. Першымі яго бяруць моцныя рукі бацькоў. Яны, як і ў сям'і, вядуць за сабой жонак і дзяцей па дарозе Езуса. Крок за крокам, стацыя за стацыяй разам. Цяпер вочы скіраваныя на Яго аднаго. Сувязь адчуваецца не толькі паміж бацькамі і дзецьмі. Праз усіх нас праходзяць правады, па якіх бяжыць любоў Езуса Хрыста. Наступнымі крыж бяруць мамы, і па скуры прабягае трапяткае дрыжанне. Такія крохкія целы таксама адважна і з моцай нясуць крыж сваёй сям'і. Потым цяжар крыжа адчуваюць дочкі і сыны. Ахвотна, з вялікім стараннем яны спрабуюць несці крыж. Жаданне прытрымлівацца прыкладу бацькоў дадае ім упартасцi на гэтым шляху.
А вочы ўсіх працягваюць разглядаць фігуры Езуса з крыжам. "Там ёсць і мае грахі", - гучыць голас сумлення ў сэрцы кожнага.
І не адна стацыя не знікае бясследна з галавы. З калонак гучаць цвёрдыя галасы мужчын, ласкавыя галасы жанчын і звонкія галасы дзяцей. Сем'і рыхтаваліся да гэтай сустрэчы. Кожны крок Езуса на гэтым шляху прымушае іх задумвацца і разважаць аб сваім штодзённым, супольным крыжы. Успышкамі ў галаве нараджаюцца такія простыя пытанні: "Цi я дзякую?", "Цi выбачаю?", "Ці падтрымліваю?", "Ці суцяшаю?"... У вачах некаторых можна заўважыць збянтэжанасць. Сям'я звязана правадамі, каханне пульсуе па іх, запальваючы лямпу, якая асвятляе і радасці жыцця, і праблемы таксама. І як толькі пытанне трансфармуецца ў збянтэжанасць, вочы прыадчыняюцца больш і можна заўважыць, што святло лямпы мігацiць... А гэта значыць, што часам цярпенне выслізгвае з рук, становіцца цяжка стрымлівацца і цяжар крыжа пераломвае правады сувязi.
І вось Езуса кладуць у грабнiцу, крыж на плячах хлопчыкаў "плыве" да першапачатковага пункту - перад алтаром нібы ўздымаецца ў неба. Але гісторыя не заканчваецца. "Няхай крыж стаіць тут, зараз Хрыстус падыходзіць да кожнага з вас", - кажа пробашч. Сем'і слухаюць гэтыя словы, давяраюць Езусу свае справы і ўсе лямпачкі гараць спраўна.
Яшчэ імгненне і перад крыжом утвараецца чарга: пачынаецца адарацыя. Сем'і крок за крокам працягваюць шлях разам, каб скласці падзяку перад Езусам, трымаючы ў руках свае фотаздымкі, якія за хвіліну пакладуць у кошык як знак даручэння сваёй сям'і Божай міласэрнасці. Становячыся на калені, праніклівы погляд бацькоў, матуль і дзяцей ні на хвіліну не адрываецца ад крыжа. Падзяка за сям'ю разліваецца акіянам у душах людзей. Лямпы асляпляюць жывым святлом сэрцы бацькоў і дзяцей, якія ад крыжа адыходзяць поўныя веры, надзеі і любові...
...Да неба ўздымаецца спеў "Ранамі Тваімі, Пане Езу, мы аздароўлены..."
Ганна Ярэміч
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1367-18-sakavika-syamejnny-kryzhovy-shlyakh#sigProIdd7ce60d284