І быў вечар, і была раніца: а дзень нумар два меў свой працяг. Увага, працяг толькі для жанчын!
Вячэрняя Эўхарыстыя ў Найсвяцейшага Адкупіцеля была скончана. Мужчынская частка смела і хутка пакідала касцёл, а гэтая тэрыторыя засталася цалкам жаночай.
Незлічоная колькасць вачэй была накіравана да Алтара Пана, дзе праз момант з'явіўся наш прарок. З малітвы, якой нас навучыў Езус Хрыстус, мы - жаночая частка гэтай парафіі, рабілі наступны крок ў гэтых духоўных практыкаваннях.
Настроеныя на сур'ёзны лад, сваімі вачыма мы ўглядаліся ў постаць гэтага велічнага і такога ж сур'ёзнага святара і чакалі, калі ён пачне да нас штосьці сур'ёзнае прамаўляць. І хутка мы пачулі: " Давайце пагаворым пра фільмы, пра серыялы". Адчувальнае здзіўленне прабеглася сярод прысутных, але айцец працягваў гаварыць: "разважаючы, мы прыйдзем да адной праўды, што, нажаль, мы надта любім маляваць серыялы ў сваёй галаве, малюючы іх ў сваім жыцці. Вядома, жанчыны не толькі прыгожыя, але вельмі эмацыйныя стварэнні. І перш, чым нешта адбудзецца ў наваколлі, серыял ў галаве ўжо намаляваны".
Развіваючы свае разважанні, айцец прапанаваў нам звярнуцца да фрагменту з Евангелля паводле Святога Лукі (10, 38-42).
"Паглядзіце, што тут адбываецца з Мартай, калі Марыя села ля ног Хрыста і слухала Ягоныя словы - яе пачало падкідваць. Запрасіўшы Хрыста ў сваю хату, яна адразу пабегла выказваць Яму свае патрабаванні, не проста прасіць Яго, але патрабаваць - "таму скажы ёй, каб дапамагла мне". Так часта адбываецца ў нашым жыцці, што мы ўзвальваем ўсё на свае плечы, а пазней, калі не хапае сіл, нас носіць як Марту. Звярніце ўвагу, што адказвае ёй Езус, бачучы праблему, якая ўзнікла ў яе сэрцы: "Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе". Якая гэта частка? Не проста сядзець і слухаць, яна выбрала канкрэтную справу, а ты клапоцішся пра многае".
Працягваючы, рэкалекцыйны прарок звярнуў увагу на тое, што сённяшняя жанчына прагне ўсюды паспець: залесці ў справы дзяцей, якія ажаніліся, паспець па гаспадарцы, паспець ў справах ўнукаў, у сваіх асабістых і гэта дазваляе ёй маляваць серыял больш каляровымі фарбамі.
Вяртаючыся да Евангелля, айцец адзначыў:
"Узнік канфлікт, узнікла праблема і на гэтым канец. Евангеліст больш нічога не піша пра гэта. Канфлікт застаўся. Але далей гэтую тэму развівае святы Ян (11, 38-44)".
Закранаючы чарговы фрагмент са Святога Пісання, айцец Юрый зазначыў: "Можа ўзнікнуць пытанне, чаму Езус адразу не вырушыў да Лазара з паратункам, бо шлях быў не далёкі? Але адказ вельмі просты. Таму што не толькі павінна было адбыцца аздараўленне Лазара, але таксама павінна было адбыцца аздараўленне Марты. Праз словы: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, Які павінен быў прыйсці ў свет», Марта зразумела, на Каго злавалася, з Кім спрачалася - з Сынам Божым".
"Чаму мы, разважаючы пра нашую веру, кажам аб тым, што яна павінна быць жывой?" - запытаў святар і адразу скіраваў адказ, - "бо калі нашая вера будзе жывая, нашых эмоцый будзе менш, у нас не будзе прытэнзій да Бога, канешне, будуць пытанні, але такія, якія былі ў Марыі - Маці Езуса - "як гэта станецца, я мужа не ведаю?".
Незлічоная колькасць вачэй працягвала без перапынку глядзець ў бок Божага Алтара, адкуль з навукамі да нас звяртаўся прарок. Адзін, сярод такой колькасці жанчын рознага ўзросту, канонік з Менску, з задавальненнем прамаўляў гэтыя словы. Што адчуваў ён ў гэты момант? Якія думкі наведвалі ягонае сэрца, калі ён бачыў такую колькасць слухаючых вачэй? Вачэй і сэрцаў, прагнучых смакаваць і прымаць кожнае слова, скіраванае да іх?
Верагодна ў айца Юрыя не ўзнікла такіх пытанняў, бо ён з яшчэ большым задавальненем працягваў навучаць, словамі: "Не прымайце ўсё на свае плечы. Дазвольце мужчынам быць адказнымі: за сям'ю, за сябе, за гаспадарку. Мужчына гэта вельмі простае стварэнне. Калі ён не адчувае адказнасць - яму астатняе нават не цікава".
Не магу сказаць, што гэтая навука на 100 адсоткаў пасавала пад маю рэчаіснасць, бо не чакаў мяне ў хаце муж, з якога я зняла ўсю адказнасць і паклала яе на свае плечы, не чакалі і дзеці, у жыццё якіх я была бы цалкам пагружана. Але гэтыя біблійныя вобразы, пра якія нагадаў святар, вобразы, якія ў чарговы раз запрасілі мяне прыглядзецца да самой сябе, да сваіх адносін з Богам, да сваіх прытэнзій, пытанняў і адказаў - з'яўляюцца цалкам прыдатныя. І таму я ўпэўнілася яшчэ раз у тым, што варта зноў і зноў чытаць, разважаць і жыць Словам, якое дае мне Бог.
Зноў, кранаючы вобразы са Святога Пісання, айцец запрасіў нас перачытваць гэтыя фрагменты, каб вучыцца правільна адказваць, правільна ставіць пытанні і не кідацца да Бога з прытэнзіямі, як часта бывае ў нашай штодзённай рэчаіснасці.
Каб бліжэй накіраваць нас на правільны кірунак, былі сказаны наступныя словы:
"Маці Божая з'яўляецца для нас найлепшым прыкладам жывой сувязі з Богам і бліжнімі. Гэта адлюстравана ў Яе пытаннях да Бога, Яе пакоры, стрыманасці і даверу. Марыя з'яўляецца для нас прыкладам, бо з'яўляецца "поўнай ласкі", прыкладам жанчыны, якая дазволіла Юзафу быць мужчынам, дазволіла паклапаціцца пра сям'ю, бо не наклала на свае плечы ўвесь гэты цяжар. А мы вельмі часта ўсё гэта робім самі". У чарговы раз з вуснаў рэкалекцыяніста прагучала: "дзяліцеся адказнасцю, вучыцеся гэтаму ў Марыі, бо менавіта Яна вучыць нас правільна растаўляць прыярытэты, дзе мужчына павінен адказваць за тое, што належыць мужчыне, а жанчына за тое, што належыць жанчыне".
Каб прагучаў перад апошні акорд гэтай навукі, зацытую наступныя словы айца:
"Усё ў вашых руках, любыя жанчыны. Вы здольныя змяніць гэты свет, калі дазволіце сабе быць шчаслівымі, радаснымі, не змучанымі, але калі будзеце проста жанчынамі і вы заўважыце, што мужчыны будуць па іншаму вас любіць, яны будуць за вас змагацца. Толькі маліцеся да Марыі".
З вышыні двух метраў, на завяршэнне гэтай вечаровай сустрэчы, айцец Юрый прамовіў:
"Здымайцеся ў серыяле жыцця. Грайце галоўную ролю. Але рэжысёрам у ім няхай будзе Бог".
Цудоўнае параўнанне прывяло мяне да задавальнення. У супакоі Хрыста, з думкамі ў галаве і радасцю ў сэрцы я выйшла са святыні, каб назаўтра вярнуцца сюды зноў, вярнуцца, каб вучыцца ад Марыі пакоры і даверу, і канешне каб вярнуцца да крыніцы майго жыцця - Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Вераніка Смыкоўская