І быў вечар, і была раніца: дзень трэці.
У той момант, калі за вакном час ляцеў са сваёю хуткасцю, запрашаючы далучыцца да метуслівага рытму, тут, ля стопаў Найсвяцейшага Адкупіцеля гадзіны спыняліся. Унутраны супакой пад кіраўніцтвам Божай ласкі, кіраваў маё сэрца і сэрца кожнага прысутнага да чарговага выцішэння, каб магчы зрабіць наступны, трэці крок, сцежку да якога маляваў залатагорскі прарок.
Як і ў папярэднія два дні, малітвай да Неба, мы адкрывалі таямнічыя дзверы, за якімі чакала нас чарговае разважанне.
Прыпомніўшы прысутным тэму сустрэчы мінулага дня - споведзь, айцец яшчэ раз нагадаў, што "акт паяднання гэта не эмоцыя але шлях, які мы павінны заўсёды праходзіць, таму што гэты акт з'яўляецца вялікім доказам Божага клопату пра нас".
Працягваючы адкрываць таямнічыя дзверы, за якімі хавалася чарговая тэма для духоўнага цвічэння, на прыступках ляжала яго назва - грэх. Запрашаючы разам паразважаць на гэтую тэму, святар засведчыў наступныя словы: "грэх знішчае нашую чалавечнасць".
Падмацоўваючы сваю думку вобразам са Святога Пісання, айцец накіраваў нашыя позіркі да першай кнігі Пісання - בְְּרֵאשִׁית - кнігі Быцця:
"На самым пачатку мы чытаем пра грэхападзенне. Пісанне кажа аб тым, што Бог, ходзячы па саду, кліча Сваё стварэнне словамі: "Адам, дзе ты"? Ці ж Бог не Усемагутны? Ці ж Ён не ведае, дзе знаходзіцца Адам? Канешне ведае. Гэтае пытанне было скіравана для таго, каб Адам задумаўся над тым, кім ён стаў. "Адам, дзе ты"? Дзе той дасканалы чалавек, якога Я стварыў? Дзе ты страціў сваю чалавечнасць?
Паглядзіце, як гэты грэх цягне за сабою наступны. Адам пачынае абвінавачваць жанчыну, а больш таго, абвінавачвае Бога, кажучы: "Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я". Грэх знішчае нашую чалавечнасць" - ў другі раз зацвердзіў святар.
Памятаеце той канфесіянал, аб якім я ўзгадвала ўчора? Дык вось, сёння ён быў поўны як на Божую міласэрнасць, так і на людзей, якія прагнулі гэтага духоўнага ачышчэння ад ўсялякага граху і слабасці, прагнулі адбудаваць разам з Найсвяцейшым Адкупіцелем сваю чалавечнасць. Укленчыўшы ля канфесіянала, з вялікім сорамам і жалем, з цяжарам граху на сэрцы, ужо праз момант чалавек пакідаў гэтае месца з абноўленай душоў, якая мабыць была накіравана да Неба. Магчыма не кожны чалавек усведамляе, якую вялікую ласку ён атрымоўвае падчас гэтага ачышчэння, якое зыходзіць з прабітых далоняў Хрыста. Магчыма чалавек і не ўспомніць пра гэтыя Святыя далоні, якія былі прабіты чалавечым грахом, маім і тваім грахом, брат і сястра. Гэтыя "магчыма" можна працягваць бясконца. Але міма гэтага, мы павінны памятаць, што Бог заўсёды прагне ачышчэння Свайго стварэння і чакае ля пустога канфесіянала на апошняга марнатраўнага сына.
Скіраваўшы свой позірк на велічнага айца Юрыя, які ўжо ў трэці раз жадаў дастукацца да сэрца кожнага, я прымала наступныя словы:
"Сатана вельмі складаны. Ён пачынае спакушаць нашую памяць і не дазваляе нам прыняць тое, што мы маем пасля акту паяднання чыстае сэрца. Ён не дазваляе нам дзякаваць Богу за тое, што мы Яго дзеці, што мы згубіліся і знайшліся. Сатана зноў спакушае нашую памяць, бо шматлікія думкі не пакідаюць нашую галаву: а ці добра паспавядаўся, ці правільна вызнаў грэх, а ці чагосьці не забыў сказаць? Таму выпраўляцца з грахоў мы можам толькі тады, калі будзем усведамляць чысціню свайго сэрца, усведамляць, што ў гэтым змаганні Бог вядзе нас, што мы напоўнены Божымі дарамі і Божымі ласкамі".
Развіваючы гэтую тэму, з Алтара Найвышэйшага лілася наступная думка:
"Чалавек гэта супрацоўнік Бога ў справе стварэння. Заданнем чалавека з'яўляецца ўдасканальваць гэты свет, але не знішчаць яго праз грэх. Таму што чалавек створаны, каб быць вобразам Бога. Калі чалавек не з'яўляецца вобразам Свайго Стварыцеля, тады ён проста дэкарацыя, частка фону, ад якога нічога не залежыць. Ці хочам мы быць проста фонам, дэкарацыяй ў гэтым свеце?" - запытаў святар і адразу працягнуў, -"ці мы хочам быць сапраўднымі супрацоўнікамі Бога, удасканальваючы сваё жыццё, змяняючы яго?"
Гэтыя пытанні патрабавалі асабістага адказу кожнага.
На думку святара праўда заключаецца ў тым, што, калі чалавек жыве моцнай верай і Сакрамэнтальным жыццём, сатане цяжэй да яго дабрацца. Гэтую думку вельмі часта развівалі ў сваіх працах святыя Касцёла Хрыстовага і безумоўна падмацоўвалі яе сваім жыццём.
Шырэй адкрываючы гэтыя таямнічыя дзверы пад назвай "грэх", рэкалекцыяніст закрануў аспекты, якія выкарыстоўвае сатана ў жыцці чалавека, каб давесці яго да граху. Першым з іх з'яўляецца сувязь з акультызмам. Айцец зазначыў, што "калі чалавек жыве моцнай верай, калі чалавек сустрэўся ў жыцці з жывым Богам, ён не будзе шукаць іншых".
Сёння грамадства вельмі моцна зранена гэтай акультнай практыкай. "Няма белай альбо чорнай магіі, няма добрай альбо злой. Уся магія дрэнная. І чалавек забывае, што праз гэта парушае першую запаведзь, якая кажа: "Я – Пан Бог твой. Не май іншых багоў, апроч Мяне" - занатаваў айцец.
Другім аспектам, які аддзяляе стварэнне ад Стварыцеля з'яўляецца нішто іншае, як сённяшнія забавы, фільмы, гульні, якія перапоўнены сатаныстычнымі знакамі. Чалавек становіцца не ўважлівым да гэтых, здаецца, не зусім прыкметных момантаў, а сатана ўжо дзейнічае ў яго жыцці. Гэта вялікая небяспека. Таму трэба быць вельмі ўважлівым да ўсяго, што вакол нас.
Мае сінія вочы лавілі кожнае слова, якое злятала з вуснаў айца Юрыя. Пераводзячы свой позірк ад Найсвяцейшага Адкупіцеля, да залатагорскага прарока, я прагнула занатаваць усё ў сваім сэрцы, каб, пасля, гэтым багаццем падзяліцца з братам і сястрой, з вамі. Але, хутка думка адна прыйшла ў маю галаву: не толькі важна дзяліцца з іншымі тым, што мае сэнс, але і жыць самому гэтай праўдай, самому практыкаваць і развіваць сваю веру ў паломніцтве да Неба. Бо які сэнс будзе з таго, калі я, павучаючы іншых, не прытрымоўваюся гэтых навук?
"Езус прыйшоў ў гэты свет, каб стварыць супольнасць. Сатана імкнецца падзяліць нас, каб кожны быў закрыты ў сваім свеце, дзе не будзе любові, міласэрнасці. І гэтая рэчаіснасць стварае свае правілы:
1. Ніхто не можа табе ўказваць.
2. Рабі што хочаш.
3. Ты сам сабе бог.
Сённяшні свет прапануе гэты кірунак, знішчаючы чалавечую індывідуальнасць. Але Езус прыходзіць дзеля іншага" - ў чарговы раз прагучала з вуснаў святара.
Наступным аспектам, які аддзяляе чалавека ад Бога, на думку айца, з'яўляецца праклён. Я ўпэўнена, што чалавеку 21 стагоддзя не трэба тлумачыць што гэта такое. Паўтараючы за Хрыстом, прарок, дадзены нам на гэты час, вымаўляў: "благаслаўляйце, а не праклінайце! Даручайце праблемы і клопат Богу і Ён будзе валадарыць, перамяняць і аздараўляць".
Калі гэтыя таямнічыя дзверы былі распахнуты цалкам, нам засталося толькі адно - узнесці малітву да Найвышэйшага:
"Божа, Ты валадар майго сэрца, аздараві яго.
Божа, мы давяраем толькі Табе нашае жыццё.
Амэн."
Трэцяя цаглінка была пакладзена ў нашыя сэрцы. Далей - праца за кожным з нас. Але гэтая праца патрабуе асабістага, сумленнага ўдзелу і моцнага жадання, якое, пасля, накіруе нас на жывыя адносіны з жывым Богам.
А ці прагнеш ты гэтага ўсім сваім сэрцам, брат і сястра?
Вераніка Смыкоўская