Набажэнствы. Рэкалекцыі. Ружанец. Крыжовы шлях. Пост. Катэхэза. Сур'ёзныя тэмы. Рэпетыцыі. Удых, выдых - усяго імгненне, і два гады падрыхтоўкі за нашымі плячыма, плячыма кандыдатаў да Сакрамэнту Бежмавання.
Надышоў той самы дзень. Выходзе ксёндз-пробашч і кажа, што праз некалькі хвілін пачнецца наша ўрачыстасць, просіць гэты час правесці ў цішыні, настроіцца. І хоць вакол цішыня здаецца, што біццё сэрца аглушае ўсіх прысутных. Як яго супакоіць? Як утрымаць сябе ў руках, калі думкі заблытваюцца ў клубок, які нялёгка будзе развязаць? Што рабіць, калі жаданне паказаць сваё шчасце ад новай ступені ў жыцці вырываецца з грудзей?
Але вось стук сэрца заглушае знаёмы звон і мелодыя аргана. Выходзіць працэсія. Наш спеў запаўняе кожны куток роднага касцёла. Усё разьвіваецца вельмі імкліва. Ксёндз-біскуп ужо стаіць перад алтаром. Водар кадзіла ахутвае нас. Сонечныя промні, прабіраючыся праз вокны, слізгаюць па нашых усмешлівых тварах.
Думкаў па-ранейшаму шмат, але вось рука робіць знак крыжа і адзін радок пануе над усімі: "Дух Святы, прыйдзі!"
У выпрасаваных кашулях, з акуратнымі фрызурамі, пунсовымі стужкамі на плячах, з крыжамі на грудзях адзін за адным з лавак да амбоны выходзяць маладыя людзі - пакуль яшчэ кандыдаты да Бежмавання. З калонак гучаць звонкія галасы і кожнае слова прызямляецца на сэрца. Але вось мікрафон бярэ пробашч і мы з яшчэ большым трапятаннем слухаем яго словы, што дзяцінства скончылася. І не, гэта прагучала без суму - з гонарам! Мы гатовы выконваць свае абавязкі, гэта наш доўг перад Касцёлам. Словы ксяндза-пробашча далі большай упэўненасці ў сабе, упэўненасці, з якой змяніць свет не здаецца складанай задачай.
Навучанне заканчваецца, зноў надыходзіць час, паглашчаны цішынёй. Аднаўляецца рэжым, калі думкі закручваюцца ў віхор і сэрца вырываецца знутры: пачынаецца самая галоўная частка свята, якую мы чакалі два гады.
Мы падняліся з лавак, і нашы вочы заіскрыліся як раса на траве падчас світання. Прадстаўленне кандыдатаў. Аднаўленне абяцанняў хросту. Ускладненне рук. Усё працягвае свой ход. З поўным усведамленнем мы гучна адказваем, спяваем, трымаем далоні складзенымі да неба, заклікаючы да сябе Святога Духа. Жаданне спаткацца з Трэцяй Божай Асобай усё больш захапляе.
Пару імгненняў, пару крокаў і мы становімся адзін за адным насупраць біскупа. Падыходзяць сведкі і кладуць сваю руку нам на плячо. Рукі кандыдатаў таксама маюць сваё месца: левая ляжыць на грудзях, правая трымае пасведчанне з абраным імем святога. І гэты самы запамінальны момант усе перажывалі па-рознаму: да біскупа падыходзілі з засяроджанымі тварамі, крыху разгубленымі вачамі, шчаслівымі ўсмешкамі, гучнымі адказамі. Гледзячы яму ў вочы, разумееш усю важнасць і моц прынятага сакрамэнту. Намашчэнне пахучым хрызмам як быццам адключае цябе ад свету і цяпер ты сам-насам з Духам Святым. Вярнуўшыся ў лаўкі, мы адчувалі, што сонца працягвае саграваць звонку, а ўнутры цеплыня зыходзіла ад вогненнай пячаці на нашых душах, якія наведаў Святы Дух. І гэты жар куды важнейшы сонечнага цяпла. Цяпер на Зямлі стала яшчэ больш святла: мы сталі сапраўднымі сведкамі Езуса Хрыста.
Але яшчэ адзін хвалюючы момант для мяне не адбыўся. Пасля Святой Камуніі мне ў пары з аднагрупнікам было даручана дзякаваць біскупу за ўдзяленне сакрамэнту Бежмавання. Не паспеўшы міргнуць вачыма мы апынуліся перад біскупам. Як толькі мікрафон быў паднесяны да вуснаў, здавалася, што ўсе бачаць як хвалюючая дрыготка захапіла маё цела і голас. Але гледзячы ў мудрыя вочы біскупа спакой і радасць выцеснілі ўвесь буйны страх. У падарунак ад ужо бежмаваных хлопцаў і дзяўчын ксёндз-біскуп атрымаў фотаздымак нашага касцёла.
І пад канец разумееш, што ўжо не можаш стрымліваць радасць, атрыманую за ўсю ўрачыстасць. Працэсія ўжо спускаецца па ступеньках, усе атрымліваюць благаслаўленне ад паважанага біскупа, песня ўзносіцца ўсё вышэй да неба і ўсмешкі не сходзяць з твараў сведкаў Хрыста. Арган дасылае апошнюю ноту, і ўся моладзь становіцца для памятнага здымка з катэхэтамі і біскупам.
Гэты дзень ніколі не выслізгне ад нас, ён змяніў наша жыццё. Для мяне ўсё прайшло імкліва, але без мітусні. Успаміны не захаваліся ў строгай паслядоўнасці. Яны ўжо выяўляюць сябе выбліскамі. Яркімі, звонкімі, незабыўнымі! Імгненне за імгненнем, як фатаграфія за фатаграфіяй, якія пераглядаеш у любімым альбоме, з якога здзімаеш пылінкі. Яны выклікаюць такія ж цёплыя эмоцыі, мурашкі па скуры, нагадваюць аб тым абавязке дарослага жыцця, які мы абяцалі выканаць.
Ганна Ярэміч
Фота: Галіна Валюшка
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1380-28-krasavika-2022-g-sakrament-kanfirmatsyi-nashaj-parafii-svedchanne#sigProIddf3c525091