Доўгачаканай і вельмі радаснай падзеяй былі для вернікаў Шчучыншчыны святыя місіі, якія праходзілі ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне з 22 па 29 мая. Апошні раз місіі адбываліся ў гэтай парафіі 11 гадоў таму.
На працягу тыдня ўдзельнікаў місій прафесійна і добразычліва суправаджалі ў духоўным узрастанні айцы рэдэмптарысты Эдвард Пяцельчыц і Віктар Бохан.
Насычаная праграма місій уключала шматлікія сустрэчы з рознымі парафіяльнымі групамі, сакрамэнт пакаяння, штодзённыя набажэнствы, Крыжовы шлях і шмат іншага.
Святыя місіі – духоўныя практыкаванні па прыкладу рэкалекцый, якія працягваюцца восем дзён. Мэта місій – умацаваць веру праз Божае слова, споведзь, разважанне і пакаянне.
Кожны дзень місій адметны – мае сваю тэму, якой прысвечаны разважанні святароў. У шчучынскай парафіі разважанні першага дня прысвячаліся тэме “Бог ёсць любоў”. Парафіяне з добразычлівасцю і ахвотай услухоўваліся ў кожнае слова айцоў рэдэмптарыстаў, з натхненнем і ўпэўненасцю ўдзельнічалі ў спевах.
Панядзелак быў прысвечаны тэме “Наша збаўленне ў Езусе Хрысце”. У гэты дзень разважалі пра грэх, пра дарогі, па якіх чалавек прыходзіць да яго і па якіх вяртаецца да духоўнай чысціні – вядома, калі яму ўдаецца намацаць гэтую дарогу. Як адзначалася, жыццё кожнага з нас уладкавана так, што шлях да граху – шырокі і прамы, а да вызвалення з яго путаў – толькі сцяжынка, вузкая і звілістая, уся ў ямах і вострых камянях. Увечары пасля святой Імшы адбыўся Крыжовы шлях вуліцамі горада, удзельнікамі якога былі сотні парафіян. У кожнага жадаючага была магчымасць несці крыж паміж прыпынкамі, на ўсіх прыпынках вернікі маліліся і разважалі над сваім жыццём.
Аўторак сустрэў тэмай “Вера і навяртанне”. Гэта быў найбольш драматычны дзень місій – без святой Імшы, але такі ж важны, як і іншыя дні. Вернікі прасілі прабачэння, найперш у Бога, а потым у кожнага з Яго стварэнняў, самі давалі прабачэнне: родным, сябрам, калегам па працы, суседзям, выпадковым стрэчным і нарэшце самі сабе. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Агель лёг крыжам перад алтаром і маліўся ў цішыні, пасля чаго папрасіў прабачэння ў кожнага з вернікаў – за тое, што штосьці не дарабіў, можа, не дапамог камусьці, а можа, не выслухаў кагосьці. Святар ішоў па касцёле, паціскаючы сотні рук і просячы прабачэння ў соцень прысутных. Увечары адбылося пакутнае набажэнства і Марыйны заклік, падчас якога мноства вернікаў узносілі малітвы да Маці Нябеснай.
Серада была днём споведзі і была прысвечана тэме “Калі чалавек памірае”. У гэты дзень здзяйсняўся сакрамэнт пакаяння, да якога парафіяне разам з місіянерамі рыхтаваліся на працягу папярэдніх трох дзён, спасцігаючы навуку ўсведамлення ўласнага граху. Вернікі стаялі ў чарзе да споведзі і зранку, і перад вячэрняй Імшой, і пасля, але жадаючых было так шмат, што місіянеры спавядалі ўсіх іх у наступныя дні. Увечары адбыўся Марыйны заклік са спевамі, свечкамі і супольнай малітвай.
Чацвер меў тэму “Езус – мой Пан”. Святыя Імшы і адарацыя Крыжа далі магчымасць кожнаму з удзельнікаў місій перад крыжам праз малітву запрасіць Божага Сына ў сваё жыццё і сэрца, каб жыць далей з Богам, дзеля Яго і для Яго. Таксама ў гэты дзень адзначалася 10-я гадавіна святарства айца Эдварда Пяцельчыца. У адрас святара прагучалі добрыя і душэўныя пажаданні. Увечары па традыцыі адбыўся Марыйны заклік, вернікі маліліся і спявалі. З кожнай такой сустрэчай на Марыйным закліку ўдзельнікаў станавілася ўсё больш, што не можа не радаваць.
Пятніца была “днём сям’і”. У гэты дзень місіянеры прысвяцілі разважанні тэме любові да Езуса, які аддаў і кожную хвіліну працягвае аддаваць за нас Сваё жыццё. Сюрпрызам для вернікаў было благаслаўленне рэліквіямі мучаніц з Навагрудка. У гэты дзень сямейныя пары мелі магчымасць аднавіць сужэнскія абяцанні, дадзеныя пры ўступленні ў шлюб. Было вялікай прыемнасцю і гонарам глядзець на гэта і радавацца за кожнага з іх – шчаслівых, вясёлых, прыгожа прыбраных, бацькоў са сваімі дзецьмі, а можа, і з унукамі, у цэлым больш за 100 параў. Усе яны з добрым настроем, як і некалі, давалі адно аднаму абяцанні. Кожная пара атрымала памятку пра аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. У гэты вечар не было Марыйнага закліку: час прысвячаўся сям’і, размовам, пачастунку, сустрэчы з роднымі і блізкімі.
Субота сустрэла вернікаў тэмай “Вось маці твая”. Насычаны дзень пачаўся святой Імшой з намашчэннем хворых, мноства мужчын і жанчын прыйшлі ў святыню менавіта ў гэты дзень, каб маліцца, прасіць Бога аб здароўі і атрымаць намашчэнне. За кароткі час касцёл напоўніўся людзьмі. Бацькі самых маленькіх вернікаў і маладыя жанчыны, якія хутка стануць маці для сваіх немаўлят, сабраліся, каб атрымаць благаслаўленне. На Імшы з прысвячэннем парафіі Маці Божай звярталіся да Яе, просячы ўзяць пад апеку Касцёл, парафію і кожнага чалавека. Увечары вернікі сабраліся на Марыйны заклік.
Нядзеля была днём урачыстага заканчэння святых місій і была прысвечана тэме “Будзьце сведкамі”. Усе Імшы з місійнай навукай і заключная Імша праходзілі ў атмасферы дабрыні, удзячнасці і добразычлівасці. Усе ўдзельнікі місій атрымалі благаслаўленне з поўным адпустам. Перад касцёлам на місійным крыжы была ўмацавана памятная таблічка як напамін вернікам пра іх удзел у місіях, пра засвоеныя ў гэты тыдзень праўды, пра веру, якая ўмацавалася і вырасла ў кожным з удзельнікаў.
Вернікі Шчучына вельмі ўдзячныя айцам Эдварду Пяцельчыцу і Віктару Бохану, якія плённа працавалі ў парафіі гэтыя восем дзён.
Праз год парафія будзе мець магчымасць аднаўлення святых місій.
Аксана Цыбульская
Фота: Кацярына Кулік
Паводле grodnensis.by