1 красавіка ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбылася велікапосная сустрэча моладзі горада. У ёй прынялі ўдзел дзясяткі гродзенцаў, якія пажадалі такім чынам увайсці ў перажыванне Вялікага тыдня.
Сустрэча пачалася з сумеснай святой Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі а. Андрэй Ядкоўскі CSsR.
Яшчэ перад Эўхарыстыяй моладзь з розных парафій пачала ціха знаёміцца паміж сабой.
Літургію і спеў падрыхтавала гасцінная парафія Дзевятоўкі.
З гаміліяй да прысутных звярнуўся душпастыр моладзі “OPEN” кс. канонік Антоні Грэмза, прапанаваўшы паразважаць на тэму: “Ці шчаслівы я з Хрыстом?”
Па словах святара, “хоць чалавек і слабы, і грэшны, мы павінны трымацца Пана, памятаць, што з намі Езус”. “Хрыстус памрэ на крыжы асабіста за цябе. Гэта вялікая ахвяра”, – дадаў ён.
Пасля Імшы пачаўся Крыжовы шлях, які павінен быў праходзіць вакол касцёла, але з-за ўмоваў надвор’я адбыўся ў святыні. Велізарны і цяжкі крыж неслі ад стацыі да стацыі прадстаўнікі розных парафій горада.
Падчас набажэнства вернікі разважалі над Мукай Езуса Хрыста і ўласным жыццём, думаючы аб тым, што можа надаць яму правільны кірунак і сэнс. Разважанні, ад якіх у некаторых з удзельнікаў былі на вачах слёзы, чытала ад першай асобы моладзь гродзенскіх парафій. Набажэнства суправаджаў спевам гурт моладзевага душпастырства Гродна “OPEN”.
Крыжовы шлях з яго разважаннямі з’яўляецца своеасаблівымі ўводзінамі ў атмасферу Вялікага тыдня і традыцыйна праходзіць вечарам у суботу перад Пальмовай нядзеляй – нядзеляй Мукі Пана.
Пасля адбылася адарацыя Крыжа.
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1448-adbylasya-velikaposnaya-sustrecha-moladzi-grodna#sigProId51ab79cf3c
Паводле grodnensis.by