Аўторак, 22 жніўня.
У той жа час, на тым жа месцы аніматары збіраюць свае групы. Айцец Максім выходзіць з ранішнім прывітаннем: "Хвала Хрысту!", на што дзеці яшчэ больш радасна адказваюць: "Хвала на векi!”. Па чарзе дзецi праходзяць за аніматарамі на свае месцы.
Трохі няўпэўненыя, але вельмі зацікаўленыя прыслухоўваюцца да словаў спадарыні Марыны, якая пачынае ранішнюю катэхэзу ад нашага дэвізу "Святы Ян Павел ІІ кажа...", а дзеці з запалам адказваюць " Хваліце Бога сваім жыццём!"
І тут пачынае гучаць гарэзная мелодыя, накатваючай хваляй дзеці паварочваюцца да галоўнага ўваходу ў касцёл, адкуль грацыёзна едзе на ровары спартыўная ледзі. За ёй пачынаюць уваходзіць і іншыя падцягнутыя маладыя людзі, па сумяшчальніцтве нашыя аніматары. І неўзабаве перад алтаром апынуліся гумовая лодка з вёсламі, футбольны мяч, тэнісная ракетка, паходная сумка з рыштункам і, нават штанга, бо час пазнаць нашага правадыра Яна Паўла II з іншага выдатнага боку. Усё жыццё ён правёў актыўна, ніколі не забываючыся пра сілу духоўную і сілу фізічную. Цяпер пачынаецца апытанне: дзецям трэба аднесці направа сімвалы відаў спорту, якімі, на іх думку, займаўся Караль Вайтыла, а на левы бок адправіць тыя, якімі ён не цікавіўся. Аніматары выслухоўвалі дзяцей, у якіх пачаліся ваганні. Дзякуючы дарослай зацікаўленасці, дзіцячая падскочыла яшчэ вышэй. У выніку, зрабіўшы толькі дзве памылкі, дзеці запамяталі, што наш правадыр ездзіў на ровары, плаваў на лодцы, хадзіў у паходы і любіў гуляць у футбол. Дарэчы, падчас футбольных гульняў ён займаў месца брамніка, што захапіла нашых жвавых хлапчукоў.
Спорт – гэта асаблівая культура. Наступным заданнем было невялікае спаборніцтва на веданне відаў спорту. Кожная каманда адправіла па чалавеку наперад, дзе добраахвотнікам прыйшлося ўзгадаць усе дысцыпліны, пра якія яны чулі. Хто не адказваў або паўтараўся, пакідаў гульню. Найбольшую вытрымку паказала група"Любоў".
Казаць пра спорт добра, але выпрабаваць сябе з сябрамі яшчэ лепш, таму аб'яўляецца "Вялікая гульня", якую падрыхтавалі нашы актыўныя скаўты ў яскравай, як яны самыя, уніформе.
Спартыўны дзень працягваецца на прыкасцельнай тэрыторыі, дзе падрыхтавана футбольнае поле. Менавіта сёння і толькі ў нашай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбудзецца матч паміж легендарнымі камандамі. Заўзятары ўжо падымаюць плакаты з назвамі каманд, за якіх перажываюць усім сэрцам. З аднаго боку віднеецца назва "Лёлекі" у гонар мянушкі Яна Паўла II. У гэтай камандзе сабраліся нашы маладыя і сур'ёзна настроеныя міністранты. З другога боку поля раздаецца гучнае "Альфонсiкi", дзе гуляюць вопытныя і мудрыя айцы рэдэмптарысты, такая назва аддае пашану іх заснавальніку. Галоўным каментатарам стала ўважлівая спадарыня Марына, якая не пакінула незаўважанай ніводнай дробязі.
Мяч ужо разыграны і сапраўдны спорт пачаўся. Калі б не яркая форма двух каманд, немагчыма было б адрозніць нашых айцоў ад жвавых хлопцаў, але, не гледзячы на гэты ўнутраны запал, "Лёлекі" забіваюць першы гол у вароты праціўніка. Праз пару хвілін лік зраўняўся, а вакол пачуліся ўзрушаныя воклічы. Яшчэ пару імгненняў і чарговы гол забіты! Раптоўная падача і гол ужо забіваюць у іншыя вароты! Сапернікі ідуць нага ў нагу, заўзятары ўжо самі не разумеюць, хто трымае першынство. З такім запалам працягваюць падбадзёрваць і накіроўваць сваіх куміраў, што здаецца ні адно паражэнне не зможа знішчыць такую любоў. І вось першы тайм скончаны, інтрыга працягваецца, ад суддзяў нічога не выслізнула і яны абвяшчаюць вынік тайма: 4:3, "Лёлекi!" Нашыя спартсмены, не гледзячы на стомленасць, нават падчас перапынку засталіся са сваімі заўзятарамі. Гэта дало iм прыліў яшчэ большых эмоцый: яны фатаграфаваліся, прасілі аўтографы, ды і проста імкнуліся дадаць упэўненасці гульцам. Пасля адпачынку пачаўся другі тайм, у якім нікому не хацелася саступаць, а заўзятары працягвалі ўсё гучней і гучней падтрымлiваць свае каманды. Нават за межамі Касцёла было чуваць: "Лё-ле-кі! Аль-фон-сі-кі! Лё-ле-кі! Аль-фон-сі-кі! Наперад, наперад, наперад!”. Судзейскім складам была загадана серыя пенальці, якая стала адной з самых напружаных частак гульні. Як успышка прайшоў гэты матч. Суддзi, улічваючы штрафы, майстэрства, стратэгіі, а галоўнае - колькасць брамак, вынеслі кубак камандзе "Лёлекаў"! Заўзятары каманд падскочылі са сваіх мейсцаў і пабеглі да юных пераможцаў, які так прыгожа згулялі.
Дзеці паспелі разахвоціцца, таму аніматары пільна за імі сачылі, бо падыходзіць час Св. Iмшы, а ў Доме Пана Бога трэба ўмець слухаць. На Імшы дзеткі праверылі, што яны запамяталі за 2 дні “Канікулаў з Богам”. Яны не баяліся адказваць, бо бяруць прыклад з аніматараў, якія таксама ўздымалі рукі, каб паўдзельнічаць у апытанцы пра Яна Паўла II.
Вось дзень падыходзіць да свайго піку. Лічаныя хвіліны да "Вялікай гульні". Аніматары даюць настаўленне, а дзеткі падбадзёрваюць адзін аднаго, яны паспелі пасябраваць. У кожнай каманды свой шлях. На прыпынках, без прамой дапамогі аніматараў, на час яны павінны разам здагадацца і прайсці выпрабаванне. Радасна глядзець на ўсе каманды, на ўменне аніматараў зацікавіць, падрыхтаваць, з'яднаць калектыў, бо ў спорце інакш не можа быць. Ад станцыі да станцыі прабягалі каманды, агеньчык гарэў унутры кожнага. Толькі агульнымі намаганнямі можна было дасягнуць першынства, што паказала нам каманда "Лагоднасць", набраўшы амаль максімальную колькасць балаў.
Паспеўшы аддыхацца, дзеці занялі свае месцы для працягу ранішняй катэхэзы. Не гледзячы на тое, што ўсе былі трошкі стомленыя, незвычайнае пачуццё лёгкасці было ў кожным. Гэтая гульня стала сапраўдным паказчыкам, што спорт - гэта неад'емная частка жыцця, і падняла аўтарытэт Яна Паўла II сярод дзяцей яшчэ больш.
Ганна Ярэміч
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1472-kanikuly-z-bogam-2023-dzen-2#sigProId102016a7cd