У парафіі св. Юрыя ў Варнянах і капліцы св. Філамены ў Вароне (Астравецкі дэканат) у пачатку кастрычніка адбыліся святыя місіі. Іх правялі айцы рэдэмптарысты Валерый Мазюк і Анджэй Ядкоўскі.
Як паведамляе ostrovets.by, за месяц да пачатку гэтых духоўных практыкаванняў кожная сям’я варнянскай парафіі атрымала ліст ад пробашча кс. Віктара Захарэўскага, у якім, у прыватнасці, адзначалася, што кожны сам вырашае – адкрыць душу Божаму святлу ці праседзець у дні місій дома. Зварот пастыра не застаўся незаўважаным: касцёл поўніўся людзьмі на працягу ўсяго тыдня.
Кожны дзень місій быў адметны і меў сваю тэматыку, якая чырвонай ніткай праходзіла праз набажэнствы, разважанні святароў, казанні. Для мясцовых вернікаў місіі сталі бадай што самай знакавай і важнай падзеяй апошніх дзесяцігоддзяў, часам адзінства, духоўнага ачышчэння і ўнутранага ўздыму.
У першы дзень вернікі гасцінна прывіталі місіянераў, а пробашч перадаў ім ключы ад касцёла і стулу як сімвалы святарскага прабывання ў парафіі. Гэты дзень быў прысвечаны тэме “Бог ёсць любоў”.
Назаўтра лейтматывам місійнага набажэнства стаў выраз “Наша збавенне ў Езусе Хрысце”. Самай кранальнай падзеяй для вернікаў стала працэсія па вечаровых вуліцах Варнян, у якой парафіяне па чарзе неслі крыж і шчыра маліліся.
Трэці дзень набажэнства, прысвечаны тэме веры і навяртання, стаў самым драматычным. З дапамогай місіянераў вернікі вучыліся прабачаць і пазбаўляцца крыўд – затоеных і свежых, моцных і аслабленых, дараваць родным, калегам, суседзям, стрэчным па жыцці, тым самым ачышчаючыся і духоўна адраджаючыся. Пробашч ксёндз Віктар папрасіў прабачэння ў парафіян. У многіх прысутных былі на вачах слёзы.
Серада была днём замацавання атрыманага духоўнага досведу праз споведзь. Па вялікім рахунку, парафіяне рыхтаваліся да яе на працягу папярэдніх трох дзён, спасцігаючы складаную сутнасць даравання і ўсведамляючы грэшнасць чалавека. Духоўную палёгку мелі магчымасць атрымаць і тыя, хто не мог прыступіць да споведзі. Місіянеры ўважліва выслухоўвалі кожнага, знаходзілі адпаведнае слова ці параду.
У пяты дзень разважалі на тэму “Езус – мой Пан”. Прысутныя паасобку падыходзілі да крыжа і, дакранаючыся да яго, вызнавалі веру і любоў да Бога.
Пятніца была прысвечана сям’і. У гэты дзень звыш 30 сужэнскіх пар аднавілі абяцанні, дадзеныя пры ўступленні ў шлюб. Сімвалічна прагучалі ў гэты дзень у парафіяльнай святыні словы апостала Паўла, паводле якога любоў “доўгацярплівая, ласкавая, не зайздросціць, не пыхлівая, не ганарыцца, (…) не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці”.
У суботу ў парафіі адзначаўся фэст у гонар Маці Божай. Мясцовыя вернікі і шматлікія госці ў малітве да нябеснай Заступніцы прасілі ўзяць пад апеку парафію, парафіяльную святыню і кожнага чалавека.
У нядзелю місіі ўрачыста завяршыліся. Нягледзячы на дрэннае надвор’е і адсутнасць электрычнасці, у парафіі адчуваліся радасць і адзінства. Пасля святой Імшы ля касцёла быў устаноўлены вялікі дубовы крыж як напамін парафіянам аб іх удзеле ў місіях і аб праўдах веры.
Парафіяне спадзяюцца, што кожны ўдзельнік умацаваў за гэтыя дні сваю веру з дапамогай Божага слова, споведзі, разважанняў і, бачачы устаноўлены каля святыні крыж, будзе ўспамінаць місіі з цеплынёй і настальгіяй, не дасць згаснуць запаленаму ў сэрцы агеньчыку адноўленай веры, адроджанай надзеі і ўзмоцненай любові. Вось як апавядаюць яны пра гэтыя дні:
Таццяна Калтан, Варняны:
“На працягу тыдня ў маёй душы – упэўнена, што і ў астатніх – панавала светлае адчуванне свята, было радаснае ўсведамленне важнасці падзеі, якая адбываецца ў жыцці. Пасля заканчэння працоўнага дня хацелася хутчэй пайсці на набажэнства. Я перастала спяшацца, час нібы прыпыніўся: у касцёле так хораша, так змястоўна і спакойна! У шчырых малітвах і прамовах айцоў Анджэя і Валерыя кожнае праўдзівае слоўца знаходзіла водгук у душы кожнага прысутнага.
Святыя місіі дазволілі больш глыбока і засяроджана аднесціся да Божага слова, нагадалі, што Бог блізка, што любоў Яго бязмежная і ўсёдаравальная.
Шмат шчаслівых хвілін перажыта! Асаблівую радасць адчула, калі віншавала сваіх бацькоў падчас аднаўлення сужэнскіх абяцанняў. Пачуцці перапаўнялі, калі была прадстаўлена магчымасць несці крыж з малітвай па вуліцах роднай вёскі. Адчуванне адзінства нараджалася ў трапяткім святле запаленых свечак па вечарах, прысвечаных закліку да Маці Божай.
Варнянскі касцёл у гэты святы час быў поўны людзей. Намаганнямі і клопатамі нашага святара Віктара Захарэўскага касцёл і тэрыторыя ля яго прыгажэюць. Неацэнным і бязмерным скарбам з’яўляецца духоўнае ўзрастанне парафіян. Дзякуем Богу за ксяндза Віктара і за тыя значныя змены ў абліччы нашай парафіі, якія мы, шчаслівыя, назіраем сёння”.
Андрэй Бумбуль, вёска Варона:
“З жонкай стараемся прытрымлівацца традыцый і звычаяў бацькоў і дзядоў. Жонка была ўсе восем дзён у святыні, у мяне гэта не заўсёды атрымлівалася. Самым запамінальным момантам стала аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. Гэтую знакавую падзею з намі раздзялілі сыны Аляксандр і Аляксей, якія служаць у варонскай капліцы.
Ідэя зрабіць місійныя крыжы з цэльнага дубовага дрэва належыць ксяндзу Віктару. Мы толькі крыху дапамаглі ёй увасобіцца: падрыхтавалі дрэва для крыжа – “прамарылі” ў вадзе, высушылі, апрацавалі.
Мне здаецца, дапамагаць парафіі, не абавязкова матэрыяльна, – абавязак кожнага. Касцёл – гэта не толькі святыня, але і мы – кожны з нас”.
Аксана Керна, вёска Газа:
“Не прапусціла ніводнага дня святых місій, хоць хапала клопатаў і на працы, і ў жыцці. Усё адыходзіла на другі план. Стомленасць бы рукой здымала, дадому вярталася акрыленая. Кожны дзень быў для мяне адкрыццём. Здавалася, слухала і слухала б казанні – тым больш яны былі на розныя тэмы: даравання, навяртання, веры, любові да Бога, бліжняга і сябе. Развагі святары падмацоўвалі рэальнымі прыкладамі з жыцця.
Напрыканцы кожнага дня місіянеры казалі, што ўвечары нам ёсць пра што падумаць… Гэта сапраўды так.
Многія ведаюць вядомы выраз: хочаш змяніць свет – пачні з сябе. Увасобіць гэта ў жыцці, упэўнена, многім дапамаглі гэтыя духоўныя практыкі. Больш за тое, без насаджэння, прымусу, прыгнёту… Верыцца, што кожны з нас адчуў у сабе гэтыя змены”.
Паводле grodnensis.by