Ён чалавек-аркестр. Яго рапсодыя жыцця да гэтага часу узнаўляецца ў душах многіх людзей бесперапынным рэхам.
22 кастрычніка. Па-асабліваму звонка гучаць непаўторныя ноты мелодыі шчасця першага Славянскага Папы Рымскага. Менавіта на гэты дзень прыпадае літургічны ўспамін заўсёды ўсмешлівага Яна Паўла II.
Яго асоба звязана з нашай парафіяй Найсвяцейшага Адкупіцеля дзівоснай ніткай: у касцёле захоўваецца дарагая ўсім нам рэліквія, а парафіяльны тэатр ужо шмат гадоў знаходзіцца пад яго нябесным заступніцтвам. Таму да гэтага дня падрыхтоўка заняла не адзін тыдзень, бо пра жыццё Караля Вайтылы можна шмат чаго расказаць, а лепш убачыць сваімі вачамі.
Рэпетыцыі ў тэатры Св. Яна Паўла II былі стыхійна жывымі. І гэтая стыхія кіравалася эмацыйнымі сцэнамі і пачуццямі акцёраў у залежнасці ад развіцця сюжэту. Не заўсёды было лёгка, але ўсім было зразумела, і малодшым, і старэйшым, што без цярпення адтачыць свае навыкі проста немагчыма.
Чырвоны дзень календара. Гледачы ўявіць не могуць, якая мітусня бушуе ў грымёрным пакоі, бо кожны хоча дэталёва і як мага лепш пагрузіцца у гісторыю св. Яна Паўла II. Яго жыццё — прыклад неверагоднай святасці.
У зале няма свабодных месцаў. За кулісамі раскладзены ўвесь рэквізіт. Акцёры ў поўнай гатоўнасці пасля супольнай малітвы чакаюць, калі заслона расчыніцца і спектакль пачнецца. Вось той самы момант.
На сцэне з'яўляецца анёл. Гэта ён нас правядзе па жыцці Святога. Пачынаецца гісторыя з дзіцячага плачу ў сям'і пана Вайтылы ў мястэчку Вадавіцэ. Пару імгненняў і на яго вуліцах чутны школьны вераснёўскі званок, пад які з энтузіязмам ідзе малы Караль. Караль заўсёды быў выдатным вучнем, пры гэтым ён не заставаўся сядзець за аднымі падручнікамі. Асалодай жыцця быў футбол, у якім яму роўных не было. А яшчэ і душа яго цягнулася да Бога, з якім ён хацеў злучыцца ў Сакрамэнце Эўхарыстыі. Адлічваючы да гэтай шчаслівай падзеі дні, ён вяртаецца дадому, адкуль постаць у чорным забрала яго маму назаўжды.
Дзеці хутка растуць, а галоўнае растуць і іх думкі. У 14 гадоў да Караля прыходзіць яно, часам няўлоўнае і такое гнуткае натхненне. З-пад пяра юнака выцякаюць чыстымі крыніцамі радкі душэўнай праўды. Яны становяцца гаючымі для ўважлівых чытачоў. Але на месцы наш герой не застаецца. Побач працягвае задаваць рытм натхненне і маладога Вайтылу можна бачыць на сцэне ў якасці бойкага акцёра. Як жа міміка і жэсты яго зладжаныя. Але вось яшчэ адзін рэзкі паварот: у руках бацькі квіткі ў Кракаў і чамадан рэчаў. Праз некаторы час Караль Вайтыла становіцца студэнтам прэстыжнага Ягелонскага універсітэта. І быццам бы ўсё добра, але XX стагоддзе вядомае сваёй жорсткасцю. Аглушальнай хваляй бомбы разрываюць чалавечыя лёсы. Пачынаецца II Сусветная вайна. Каля маладога Караля зноў распасціраецца чорны шлейф постаці, якая ніколі не папярэджвае аб сваім візіце. За ёй ідзе пан Вайтыла, а яго сын звяртаецца да св. Марыі. Ён знайшоў у ёй падтрымку. “...Самы незаслужаны боль — гэта калі з жыцця сыходзяць родныя і блізкія, а ты не паспеў заплюшчыць ім вочы", - так казаў Папа Рымскі.
Падчас вайны Караль шмат сіл сваіх пакідаў на працы, але нават за бруднай вопраткай працягвала зіхацець чыстае сэрца. Разам з аднадумцамі было прынята рашэнне стварыць Рапсадычны тэатр- дзіўны тэрмін, які ўвёў Караль Вайтыла. Словы не маглі больш хавацца ўнутры і феерверкамі загараліся на падпольных сцэнах, адбіваліся ў вачах гледачоў — гэта было яго марай.
Мары спраўджваюцца, потым прыходзяць новыя думкі і мэты. Караль распазнаў знак Свайго Нябеснага Айца і надзеў сутану, у якой правёў усё астатняе жыццё. Праведна і жвава ён праводзіў час з моладдзю, якую асабліва любіў. Разам з ёй ён хадзіў у паходы, плаваў на лодках, ездзіў на лыжах, гуляў у футбол. Юнакі і дзяўчаты ласкава празвалі святара дзядзькам.”...Каханне ўсё мне патлумачыла. У каханні я знайшоў адказы на ўсе пытанні. Таму я захапляюся каханнем у любой праяве”.
А дарога яго была яшчэ даўжэйшай. Ногі давялі Караля Вайтылу да сонечнай Італіі, а менавiта да Ватыкана, дзе яго выбралі на месца Папы Рымскага пад імем Яна Паўла II.
"Быць Татам — Прафесія небяспечная"
Але страх не важны, важна тое, як ты на яго глядзіш і які крок будзе першым на шляху барацьбы з ім. "...Самая жудасная турма — гэта замкнёнае наглуха сэрца", — казаў св. Ян Павел II. Таму заўсёды яго сэрца, думкі, учынкі былі накіраваны на людзей і Бога.
Быць шчаслівым — гэта любіць. І нават калі ў Пантыфіка трапіла куля з пісталета Алі Агджы, якая акаціла страшным болем усё цела, Ян Павел II даверыўся св. Марыі, выжыў і дараваў забойцу.
Далей працягваецца чарговая сустрэча Папы Рымскага з дзецьмі: яны распытваюць пра самыя розныя рэчы, ён адказвае з асаблівым падыходам, смех не спыняецца.
Але ва ўсяго ёсць канец. Гучаць цікавыя факты пра чалавека, у Якога вочы заўсёды гарэлі любоўю і гэты агонь саграваў мільёны людзей ва ўсім свеце. Потым св. Ян Павел II апускае з каленяў самага малодшанькага. У вачах іскры ледзь прыглушаюцца, але не патухаюць. Акуратна праводзіць ён поглядам па ўсіх дзецям, робячы павольныя крокі, ідзе на сустрэчу да сваёй заступніцы св. Марыі, заходзіць за светлую заслону, да якой падбягае малодшы і праводзіць яго ў доўгую дарогу. Слёзы ў зале, слёзы на сцэне і гэта ўжо не акцёрства, хутчэй ўспаміны растапілі ўнутраныя льды і на душы стала зусім цёпла.
"Bo nie zastąpi ciebie nikt,
Do światła otworzyłeś drzwi,
Trafił duch, do naszych serc,
stał się cud- zniknął lęk!
Z nadzieją nam kazałeś iść,
Subito santo! Wreszcie ty!"
Вясновым ветрам, які разам з сонцам дае надзею, радкі песні праслізваюць паміж радамі гледачоў, падымаючы іх куткі вуснаў. А ўсе вочы скіраваныя ў цэнтр сцэны, дзе відэахроніка яшчэ раз паказвае ўрыўкі з жыцця цудоўнага Чалавека.
"Nie ma lepszego od Jana Pawła Drugiego!" — з асаблівым напорам урываецца мелодыя і заканчвае "Рапсодыю жыцця Яна Паўла II".
Парафіяльнаму тэатру атрымалася перанесці ў часе ўсіх гледачоў сваімі рарытэтнымі звонкімі абцасамі, кветкавымі сукенкамі, пышнымі бантамі, лакіраванымі туфлямі, укладзенымі прычоскамі, пінжакамі і нават фракам. Гэтая гісторыя прысвечана Яму - святому Яну Паўлу II, які паказаў нам як праслаўляць Бога сваім жыццём!
Ганна Ярэміч
Фота: Галіна Валюшка
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/1485-rapsodyya-zhytstsya-sv-yana-pa-la-ii#sigProId731f8f340b