1 верасня 2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вызваліў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй Маці Божай у Маскве і менаваў яго арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
Арцыбіскупам Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве
прызначаны монсіньёр Паоло Пэццы, які да гэтага часу займаў пасаду
рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі «Марыя Каралева Апосталаў» у
Санкт-Пецярбургу.
Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 г. у вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна ў сям’і Ігнацыя і Ганны Кандрусевічаў.
Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1962 г. Тадэвуш Кандрусевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год павінен быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гродне, у 1964 г. паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які ў 1970 г. скончыў на «выдатна» і атрымаў дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі». Пасля заканчэння універсітэта да 1976 г. працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў: напачатку ў зборачным цэху, потым — у канструктарскім бюро. У складзе групы інжынераў атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходку «Прамысловы ўзор спецыяльнага высокахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».
У 1976 г. Тадэвуш Кадрусевіч адчуў пакліканне да выключнага служэння Богу і паступіў у Духоўную семінарыю ў Коўне (Каўнас, Літва), якую скончыў у 1981 г. і 31 мая таго ж года прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса.
У 1981–1986 гг. быў вікарыем у віленскім касцёле св. Тэрэзы пры Вострай Браме, у 1986–1987 гг. — вікарыем парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскеніках (Друскінінкай, Літва), у 1987–1988 гг. — вікарыем у віленскім касцёле Святога Духа. 13 лютага 1988 г. быў прызначаны пробашчам гродзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай (былы францішканскі касцёл) і св. Францішка Ксавэрыя (катэдра). У 1985 г. на тэалагічным факультэце ў Коўне атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, абараніўшы працу на тэму «Вучэнне Дагматычнай канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору Lumen Gentium пра Касцёл». У 1988 г. тамсама абараніў дысертацыю на тэму «Паглыбленне вучэння пра Касцёл у працах ІІ Ватыканскага Сабора і ў яго дакументах» і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.
25 ліпеня 1989 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ менаваў кс. Тадэвуша Кандрусевіча тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для каталікоў у Беларусі. Біскупскую сакру, якая адбылася 20 кастрычніка 1989 г. ў базыліцы св. Пятра ў Рыме, узначаліў Папа Ян Павел ІІ. Біскупскі дэвіз Тадэвуша Кандрусевіча Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю больш за 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, з поспехам працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Свёнткам.
13 красавіка 1991 г. Тадэвуш Кандрусевіч быў менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім Адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі. За час яго біскупскага служэння ў Расіі ў Міністэрстве юстыцыі РФ была афіцыйна зарэгістравана Апостальская Адміністратура для каталікоў лацінскага абраду, што дало ёй правы юрыдычнай асобы; была праведзена юрыдычная рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структураў. Пасля падзелу Адміністратуры 23 лістапада 1999 г. прызначаны Апостальскім Адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду Поўначы еўрапейскай часткі Расіі.
Калі 11 лютага 2002 г. Ян Павел ІІ надаў Апостальскім Адміністратурам для каталікоў лацінскага абраду ў Расіі годнасць дыяцэзій, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначаны Мітрапалітам кафедры Маці Божай у Маскве. Дзякуючы яго намаганням у Расіі распачала працу дабрачынная арганізацыя «Caritas», былі створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр «Истина и жизнь», салезіянскі і францішканскі выдавецкія цэнтры, а таксама Духоўная бібліятэка (выдадзена некалькі соцень найменняў тэалагічнай, рэлігійнай, філасофскай і літургічнай літаратуры). Пры ўдзеле арцыбіскупа Кандрусевіча заснаваны штотыднёвая каталіцкая газета «Свет Евангелия» і Літургічная камісія, якая рыхтуе пераклады літургічных тэкстаў на рускую мову.
У 1991 г. у ў Маскве быў заснаваны Каледж каталіцкай тэалогіі імя св. Тамаша Аквінскага, філіялы якога дзейнічаюць у Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе, Саратаве, Арэнбургу і Навасібірску і які выдае багаслоўскі часопіс «Theologia»; у Санкт-Пецярбургу заснавана «Радыё Марыя»; у 1993 г. адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя Каралева Апосталаў», якая дзейнічае ў Санкт-Пецярбургу.
У лютым 1999 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў выбраны Старшынёю новастворанай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі.
З 1999 г. — сапраўдны член (акадэмік) Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
21 верасня 2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вызваліў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад пастырскага кіраўніцтва кафедрай Маці Божай у Маскве і менаваў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у спецыяльны савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую Раду «Справядлівасць і мір». З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).
Валодае беларускай, рускай, польскай, ангельскай і італьянскай мовамі.