Гэты момант чамусьці вельмі чакала. Момант – 4 дні, як хвіліна… Назаўсёды!
Ведаеце, у сэрцы часам пустка бывае, і маё яна не абмінула – усё ў гэтую сераду. Пустка, якая кідае рэчы, каторых няма; тушыць вогнішча, якога і так ужо не было; топча зялёнае, якое даўно ператварылася ў зямельны колер.
Субота (6.12). Было мора, Мёртвае мора, бо яно самае салёнае, як тая кропля… Цяпер разумею, гэта была падрыхтоўка да плавання на тым караблі, які прыплыў у сераду (10.12).
“Калі слоў многа, яны губляюць сваю вагу,” – казаў святар Віталій. І хіба што так ёсць… Кожнае слова мела сэнс, бо было шчырым і простым, гэта адчувалася.
“Псіхалагічныя кнігі не дапамагаюць вырашыць нейкія цяжкасці, яны толькі накіроўваюць на іншае, а праблема застанецца”. Гэта разумееш, але толькі розумам, сэрца часам не пакладае надзеі ў Пану.
“Крыж – гэта сімвал любові.”
Доўга ўзіралася пасля гэтых слоў на крыж… І ЗРАЗУМЕЛА! Гэта вынік працы Пана, працы святара Віталія.
І толькі ціха-ціха: “Дзякуй” – каб яно не згубіла сваю вагу…