10 красавіка ў нашай парафіі адбылася Таямніца Мукі Пана. Ужо другі год наша актыўная творчая моладзь пад кіраўніцтвам Марыны Валянцінаўны і айца Станіслава даносіць Слова Божае праз цікавыя і неардынарныя тэатральныя пастановы.
На пачатку прадстаўлення адразу кінуўся ў вочы яскравы кантраст тканінных дэкарацый. Чырвоны, белы і чорны колеры дазволілі глыбей адчуць атмасферу паказаных карцін з нашага складанага жыцця. Нельга не адзначыць грацыёзнасць руху дзяўчынкі ў белай вопратцы, а таксама выдатную гульню “гламурнай” моладзі. Дзяўчыны ў чорным яшчэ раз парадавалі нас сваім мілагучным спевам, а найбольшае ўражанне пакінуў цень бічаванага Езуса, Яго апошні крыжовы шлях. У карціне былі закрануты многія праблемы, але найбольш востра была паказана жорсткасць і жудасць абортаў, страшны, нясцерпны боль, які яны прыносяць. Па скуры прабегла мноства мурашак, калі “гламурныя хлопцы” дасталі сапраўдныя інструменты дзеля нікчэмнага забіцця нявінных дзяцей. На маю думку, амаль кожны чалавек з нашага грамадства ва многіх дзеяннях мог бы ўбачыць сябе, свае ўчынкі, свае грахі, сваё мардаванне Хрыста. Гэтая тэатральная пастаноўка нікога не пакінула абыякамым, прымусіла задумацца над сваім жыццём. Пасля заканчэння гледачы доўга сядзелі ў маўчанні і не рухаліся са сваіх месцаў.
Мне здаецца, што гэта найлепшы доказ выдатнасці і высокага ўзроўня пастановы. Мы хочам яшчэ раз падзякаваць нашым арганізатарам і Тэатру Яна Паўла II на Дзевятоўцы за тое, што яны дапамаглі нам сапраўды “перажыць” Таямніцу Мукі Пана, Крыжовы шлях Езуса і Яго неацэнную ахвяру.