Сакрамант канфірмацыі з рук ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча прыняло каля 130 вернікаў у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
– Праз сакрамант канфірмацыі мы імкнёмся яшчэ больш паяднацца з Касцёлам і адкрыцца на дары, якімі праз яго паслугу адорвае ахрышчаных уваскрослы Хрыстос, – сказалі на пачатку св. Імшы з нагоды прыняцця сакраманту маладыя вернікі. – Мы хочам свядома далучыцца да місіі Касцёла, каб праз жыццё і слова быць веснікамі і сведкамі Евангелля.
Сакрамант Святога Духа прымалі дзве групы – малодшыя і старэйшыя вернікі парафіі, якіх рыхтавалі а. Дзмітрый Лабкоў і а. Юзаф Гэнза.
Літургію цэлебраваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, ахвяруючы св. Імшу ў інтэнцыі кандыдатаў да канфірмацыі і заахвочваючы прысутных маліцца, каб дары Святога Духа суправаджалі іх праз усё жыццё.
Казанне прамовіў кс. Аляксандр, выкладчык ВДС у Гродне. Сярод іншага, святар звярнуў увагу прысутных на тыя дары, якія ўдзяліў Святы Дух Апосталам. Праз Яго Апосталы пайшлі ў свет абвяшчаць Добрую Навіну, пакінуўшы страх, напоўнішы сэрцы моцнай верай і даверам да Езуса.
Пасля малітвы да Святога Духа ксёндз біскуп ускладаў рукі на галаву кожнага бежмаванага і намашчаў святым хрызмам, у той час як сведкі кандыдатаў трымалі руку на іх плячы.
– Няхай Святы Дух узмоцніць сваімі дарамі і праз сваё намашчэнне прыпадобніць да Езуса Хрыста, Свайго Сына, – сказаў перад удзяленнем сакраманту ксёндз біскуп Аляксандр.
Кожны, хто прымае сакрамант канфірмацыі, абірае сабе імя святога заступніка, на ўзор якога хацеў бы будаваць свой хрысціянскі шлях, сваю дарогу да Езуса. Шмат дзяўчын абралі сабе імя Марыя – таму што Яна “была простай і моцна веруючай”.
Напрыканцы св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр павіншаваў прысутных вернікаў з такой важнай падзеяй у іх жыцці – прыняццем сакраманту канфірмацыі. “Можа падацца, што вы выйдзеце з касцёла пасля гэтай св. Імшы такімі самымі, як прыйшлі, – казаў ксёндз біскуп. – Але гэта не так. Унутрана вы ўжо іншыя – вас узбагаціў дарамі Святы Дух, а гэтыя дары вельмі патрэбныя нам, слабым людзям, асабліва маладому чалавеку, калі трэба выбраць сапраўдную і простую дарогу, на якую паказвае Езус. Гэты сакрамант таксама і абавязвае – прыняўшы Святога Духа, трэба вызнаваць веру не толькі на словах, але і ўчынкамі, паводзінамі, паставай, даючы сведчанне каталіцкай веры, – адзначыў Яго Эксцэленцыя.
Паводле grodnensis.by
http://www.redemptor.by/pl/aktualnosci/805-prymitse-svjatoga-duha#sigProId7256269d2c