Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Мы накшталт вянка з ружаў пляцём вянок з малітваў, каб прынесці яго Божай Маці. Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы,балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з'явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш..., адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканцаў Алана Рупскага і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі.
Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў Папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, у якім Святы Айцец запрасіў нанова адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, звязанымі з публічнаю дзейнасцю Хрыста.
Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш..., якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя..., якою віталі Марыю Божы пасланец Арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля. Ружанец - гэта падвойная малітва: малітва сэрца і розуму, малітва разважання і адначасова вусная малітва. Яе сутнасцю з‘яўляецца разважанне над 20-цю падзеямі з жыцця Езуса і Марыі, якія мы называем «таямніцамі». 20 таямніцаў ружанца падзелены на чатыры часткі: радасную, святла, балесную і хвалебную. Звычайна вернікі адгаворваюць адну частку ў дзень у наступным парадку:
Радасныя таямнiцы - у панядзелак i суботу;
Таямніцы Святла - у чацвер;
Балесныя таямнiцы - у аўторак i пятнiцу;
Хвалебныя таямнiцы - у сераду i нядзелю.
Спосаб малiтвы на ружанцы
У iмя Айца i Сына, i Духа Святога. Амэн. Веру ў Бога Айца... (на крыжыку)
Ойча наш... (на першай пацерцы)
Вітай, Марыя (3 разы)... (на наступных 3 пацерках)
Хвала Айцу...
Затым на вялiкай пацерцы адгаворваецца Ойча наш... а на кожнай з дзесяцi малых пацеркаў Вітай, Марыя ... . Пасля кожнай таямнiцы можна дадаваць: О, Марыя, без граху першароднага зачатая, малiся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.
О, мой Езу, прабач нам грахi нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзi ўсе душы на неба i дапамажы асаблiва тым, каму найбольш патрэбна Твая мiласэрнасць
Беларусь, Гродна,
Ул.Курчатава 41
+375 152 32 25 34
+375 152 32 25 35
redemptorby@gmail.com